Перайсьці да зьместу

Адэса

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адэса
лац. Adesa
укр. Одеса
Опэрны тэатар
Опэрны тэатар
Герб Адэсы Сьцяг Адэсы
Першыя згадкі: 1415
Горад з: 1794
Былыя назвы: Кацюбееў, Качыбей
Мясцовая назва: Паўднёвая Пальміра, Паўднёвая сталіца
Краіна: Украіна
Вобласьць: Адэская
Мэр: Генадій Труханов
Плошча: 236,9 км²
Вышыня: 53 м н. у. м.
Насельніцтва
колькасьць: 1 017 699 чал. (2020)[1]
шчыльнасьць: 4295,9 чал./км² (2020)
нацыянальны склад: украінцы — 61,6%
расейцы — 29%
баўгары — 1,7%
габрэі — 1,2%
малдаване — 0,7%
беларусы — 0,6% (2001)
Часавы пас: UTC+2
летні час: UTC+3
Тэлефонны код: +380 48
Паштовыя індэксы: 65000—65480
Нумарны знак: BH, НН / 16
Геаграфічныя каардынаты: 46°26′0″ пн. ш. 30°47′0″ у. д. / 46.43333° пн. ш. 30.78333° у. д. / 46.43333; 30.78333Каардынаты: 46°26′0″ пн. ш. 30°47′0″ у. д. / 46.43333° пн. ш. 30.78333° у. д. / 46.43333; 30.78333
Адэса на мапе Ўкраіны
Адэса
Адэса
Адэса
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Афіцыйны сайт места (укр.)

Адэ́са (па-ўкраінску: Одеса) — места на поўдні Ўкраіны, на ўзьбярэжжы Чорнага мора. Адміністрацыйны цэнтар Адэскай вобласьці. Па колькасьці жыхароў (1 017 699 чал. на 2020 год) зьяўляецца трэцім местам у краіне (пасьля Кіева ды Харкава).

Адэса — найбуйнейшы марскі порт Украіны, вузел чыгунак і аўтамабільных дарог E58, E87, E95, E581.

Упершыню згадваецца ў 1415 годзе[2] року пад назвай Кацюбееў[3] як галоўны чарнаморскі порт Вялікага Княства Літоўскага, які паводле найбольш абгрунтаванай на цяперашні час навуковай вэрсіі заснаваў вялікі князь Вітаўт.[3]

Паводле адной з навуковых гіпотэзаў сваю першапачатковую назву «Кацюбееў» места атрымала ад імя руска-вялікалітоўскага магната Кацюбы-Якушынскага, які па далучэньні гэтых зямель да Вялікага Княства Літоўскага перасяліў сюды сваіх сялянаў.[4] Дадзеную вэрсію высунуў польскі дасьледнік Марыян Дубянецкі на падставе пазьнейшых (сяр. XVІ ст.) зьвестак пра нашчадка гэтага меркаванага шляхціча — Барыса Кацюбу (Качубу[5]), які валодаў сялом Якушын каля Віньніцы.[6]

Іншае гледзішча на паходжаньне назвы Кацюбееў зыходзіць з факту наяўнасьці ў XV ст. на Падольлі сяла Кaczebіjow, якое належала шляхецкаму роду Язлавецкіх. Паколькі і чарнаморскі Кацюбееў першапачаткова таксама належаў Язлавецкім, цалкам магчыма, што падольскія перасяленцы маглі назваць новае места ў гонар роднага сяла. Гэтая вэрсія на сёньняшні дзень зьяўляецца найбольш імавернай.[6]

Пазьнейшую турэцкую назву Хаджыбэй часам тлумачаць з турэцкай мовы як «князь, што пабываў у Мэцы».

Назву Адэса месту надалі ў гонар грэцкай калёніі Адэсос, якую тады памылкова прымяркоўвалі ад Адэскай затокі.[2] Пазьней археолягі знайшлі гэтую калёнію непадалёк ад места Варна ў Баўгарыі.

Ад другой паловы XIV ст. мясцовасьць, на якой знаходзіцца сучасная Адэса, уваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1415 рокам упершыню згадваецца партовае места Кацюбееў (Качыбей), якое да канца XV ст. зрабілася значным гандлёвым цэнтрам.

На мяжы XV і XVI стагодзьдзяў Кацюбееў захапілі і зруйнавалі татары. У 1578 року пасланец Рэчы Паспалітай у Крымскае ханства Марцін Бранеўскі бачыў руіны «Кацюбеева гарадзішча, як абпаўшай зямлі, што абмываецца шырокім возерам, якое знаходзіцца каля мора». Турэцкі падарожнік Эўлія Чалябі, які ў 1657 року праяжджаў праз тэрыторыю Качыбею, зазначаў у сваіх нататках, што колішняя вялікалітоўская фартэцыя патрабуе толькі нязначнага рамонту

З канца XVII ст. новыя турэцкія гаспадары пачалі трымаць у Качыбею (Хаджыбэю) невялікую флятылію, а ў 1764 року аднавілі мураваны Вітаўтаў замак, надаўшы яму новую назву Эні-Дунья. У 1789 року фартэцыю занялі расейскія войскі.

І. Айвазоўскі. Адэса, 1842 год

Згодна зь Яскай мірнай дамовай 1792 року Хаджыбэй адыйшоў да Расейскай імпэрыі. У 1795 року места перайменавалі ў Адэсу і пачалі будаваць умацаваньні, порт ды вайсковую базу[7].

У 1797—1802 гады Адэса ўваходзіла ў склад Новарасейскай губэрні. З 1805 року — адміністрацыйны цэнтар Новарасейскага краю. З 1825 року — павятовае места Хэрсонскай губэрні.

У XIX ст. Адэса зрабілася значным культурным цэнтрам (заснаваны Рышэльеўскі ліцэй, 1817, ператвораны ў Новарасейскі ўнівэрсытэт ў 1865 року, Адэскае таварыства гісторыі і старажытнасьцяў, 1839, і г. д.).

Ад 1920 року ў Адэсе замацавалася савецкая ўлада. Падчас Другой сусьветнай вайны з 16 кастрычніка 1941 па 9 красавіка 1944 року места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

З 1991 року Адэса ў складзе незалежнай Украіны.

2 траўня 2014 году ў выніку супрацьстаяньня паміж супернікамі і прыхільнікамі Эўрамайдану ў Адэсе загінула, па розных зьвестках, ад 44 да 300 чалавек.

Варанцоўскі маяк
  • XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 2349 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1802 год — 9 тыс. чал.; 1829 год — 52 тыс. чал.; 1849 год — 86 729 чал.[8]; 1873 год — 193,5 тыс. чал.; 1897 год — 404 тыс. чал.
  • XX стагодзьдзе: 1939 год — 602 тыс. чал.; 1959 год — 667 тыс. чал.; 1966 год — 753 тыс. чал.[2]; 1974 год — 981 тыс. чал.[9]; 1979 год — 1 046 133 чал.; 1989 год — 1 115 371 чал.; 1995 год — 1 060 000 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2001 год — 1 029 049 чал.; 2006 год — 993 000 чал. (пяты горад Украіны паводле колькасьці насельніцтва); 2007 год — 1 080 270 чал. (чацьверты горад Украіны паводле колькасьці насельніцтва); 2009 год — 1 008 604 чал.; 2010 год — 1 010 000 чал. (трэці горад Украіны паводле колькасьці насельніцтва); 2011 год — 1 006 787 чал.; 2012 год — 1 007 186 чал.

Нацыянальны склад насельніцтва Адэсы (паводле перапісу, праведзенага ў 2001 року): 61,6% украінцаў, 29,0% расейцаў, 1,3% баўгараў, 1,2% габрэяў, 0,7% малдаванаў, 0,6% беларусаў, 0,4% армянаў, 0,2% палякаў.[10]

Насельніцтва па роднай мове (2001)
украінская мова расейская баўгарская малдаўская армянская
30,41% 64,75% 0,36% 0,25% 0,18%

Адэса зьяўляецца найбуйнейшым марскім портам Украіны, у якім перагружаць збожжа, цукар, вугаль, нафтапрадукты, цэмэнт, мэталы, джут, драўніну, прадукцыю машынабудаўнічай прамысловасьці.

Асноўныя галіны прамысловасьці — гэта перапрацоўка нафты, машынабудаваньне, суднабудаваньне і суднарамонт, харчовая і алькагольная, дрэваапрацоўчая і хімічная прамысловасьць.

Рынак прамысловых тавараў «7-ы кілямэтар» (афіцыйна «Авангард») паблізу Адэсы зьяўляецца найбуйнейшым гандлёвым комплексам ва Ўсходняй Эўропе[11].

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Пацёмкінскія сходы

Адэса — папулярны турыстычны цэнтар Украіны. У ім ёсьць марскія пляжы, лячэбныя гразі ліманаў, мінэральныя крыніцы. У горадзе разьмешчаныя шматлікія гатэлі, базы адпачынку і санаторыі, арыентаваныя пераважна на расейскамоўных турыстаў. У Адэсе знаходзяцца каля двух дзясяткаў музэяў. Найвядомейшай архітэктурнай пэрлінай места зьяўляюцца Пацёмкінскія сходы, якія маюць 192 прыступкі. Іх пабудаваў граф Міхаіл Варанцоў, генэрал-губэрнатар Наваросіі, Бэсарабіі і Каўказу, які зрабіў вялікі ўнёсак у разьвіцьцё места. Сходы каштавалі 800 тыс. рублёў і былі падараваныя яго жонцы Лізавеце Ксавер’еўе. У савецкі час сходы перайменавалі ў гонар паўстаньня на браняносцы «Пацёмкін» ў 1905 року (да рэвалюцыі сходы называліся Рышэльеўскімі). Будаўніцтва гэтых гіганцкіх сходаў вялося ад 1837 да 1841 року. Аўтарам праекту быў архітэктар Франц Бафо, які дбайна распрацаваў прапорцыі збудаваньні.

За Пацёмкінскімі сходамі пачынаецца Прыморскі бульвар, уздоўж якога месьцяцца прыгожыя архітэктурныя ансамблі. Тут знаходзіцца помнік расейскаму паэту А. Пушкіну. Вялікі масіў займае Цэнтральны парк культуры і адпачынку імя Т. Шаўчэнкі, былы Аляксандраўскі парк.

Ня меншай славутасьцю места зьяўляецца вуліца Дэрыбасаўская, якая атрымала сваю назву ад імя заснавальніка места Хасэ дэ Рыбаса, а таксама прылеглая да яе Грэцкая плошча.

  • Ганна Ахматава (1889—1966) — расейская паэтка, пісьменьніца, літаратуразнаўца, літаратурны крытык, перакладчыца; адна з найвядомейшых расейскіх паэтак XX ст.
  • Юліюш Бардах (1914—2010) — польскі гісторык дзяржавы і права; адзін з найбольш аўтарытэтных польскіх гісторыкаў ХХ ст.
  • Янка Брыль (1917—2006) — беларускі пісьменьнік (нарадзіўся і пражыў першыя пяць гадоў жыцьця ў Адэсе)
  • Андрэй Варонін (нар. 1979) — украінскі футбаліст (нарадзіўся ў Адэсе)
  • Аляксей Гатцук (1832—1891) — украінскі археоляг і публіцыст
  • Джордж Гамаў (1904—1968) — савецкі ды амэрыканскі фізык
  • Язэп Горыд (1896—1939) — заходнебеларускі мастак (нарадзіўся ў Адэсе)
  • Іна Каханоўская (Рытар) (1906—1997) — беларуская пісьменьніца, дзяячка эміграцыі
  • Юры Лыпа (1900—1944) — украінскі пісьменьнік, публіцыст, урач
  • Тацьцяна Паплаўская (нар. 1949) — беларуская мовазнаўца і прафэсарка
  • Аляксандра Саковіч (1906 — 1997) — беларуская пісьменніца, мемуарыст
  • Леанід Уцёсаў — савецкі сьпявак
  • Юры Хашчавацкі (нар. 1947) — савецкі і беларускі рэжысэр і сцэнарыст (нарадзіўся ў Адэсе)
  • Сяргей Хмара (1905—1992) — дзяяч беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, пісьменьнік
  • Паўло Шубарт — украінскі публіцыст, фатограф
  • Расьціслаў Янкоўскі (нар. 1930) — беларускі савецкі актор тэатру і кіно

У лютым — сакавіку 1825 року ў Адэсе па адрасе Дэрыбасаўская, 16 жыў Адам Міцкевіч.

  1. ^ Статистичний збірник «Чисельність наявного населення України на 1 січня 2015 року». — Київ, Державна служба статистики України, 2020 pdf
  2. ^ а б в Одесса // Историческая энциклопедия. В 16 т. — М.: Издательство «Советская энциклопедия», 1973—1982.
  3. ^ а б Болдирєв О. В. Одесі — 600: Іст. нарис. — О.: Юг, 1994. — 72 с.
  4. ^ Наталя Шушляннікова. Історіографічний нарис дослідження етнокультурних процесів на Херсонщині кінця XVIII — ХХ ст. // Науковий часопис НПУ імені М. П. Драгоманова. Серія № 6. Історичні науки: Зб. наукових праць. — Випуск 6. — К.: Вид-во НПУ імені М. П. Драгоманова, 2008. С. 124
  5. ^ Добровольський О. А. Литовська топоніміка на Миколаївщині (XV ст.)(недаступная спасылка) // Наукові праці. Науково-методичний журнал. Випуск: 1, Том: 4. ISSN 1609-7742
  6. ^ а б Болдирєв О. В. Одесі — 600: Іст. нарис. — О.: Юг, 1994. — 72 с.
  7. ^ Odessa. History. The Columbia Electronic Encyclopedia, 6th ed. Copyright © 2007, Columbia University Press. (анг.)
  8. ^ Одесса // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  9. ^ Одесса // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  10. ^ Про кількість та склад населення Одеської області за підсумками Всеукраїнського перепису населення 2001 року (укр.)
  11. ^ Часопіс «Der Spiegel», укр. выпуск, № 2 (21 студзеня) 2008, с. 24

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]