Перайсці да зместу

LAPV Enok

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
LAPV Enok
Выява
Краіна паходжання
Аператар Германія
Вытворца Мерседэс-Бенц і Daimler
Брэнд Мерседэс-Бенц
Дата прыняцця ў эксплуатацыю 2008
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

LAPV Enok (LAPVLight Armoured Patrol Vehicle, Лёгкабраніраваная патрульная машына; Enok з нямец. — «янотападобны сабака») — нямецкі бронеаўтамабіль. Распрацаваны кампаніяй Armored Car System (ACS) у 2005 годзе[1]. Створаны на базе вайсковай версіі Mercedes-Benz G-класа. Стаіць на ўзбраенні Бундэсвера і падраздзяленняў паліцыі некалькіх краін.

LAPV Enok мае два варыянты выканання: першы — «пікап», прызначаны для перавозкі трох байцоў і габарытных грузаў масай да 1,0 тоны; другі — цалкам браніраваны, для перавозкі пяці байцоў. Браніраванне машыны забяспечвае абарону ўзроўню 2 па STANAG 4569 — браня вытрымлівае кулю БЗ патрона 7,62×39 мм, падрыў міны масай зарада 6 кг ВР і падрыў 155 мм АФС на дыстанцыі 80 метраў. Абазначэнні «5.4» і «6.1» (яго больш позняя версія называецца «6.2») адлюстроўваюць агульную масу машын — напрыклад, для «LAPV 6.1» яна складае 6,1 тоны.

Рухавік: OM642 — шасціцыліндравы, дызельны, вадкаснага астуджэння, з турбанаддзіманнем, інтэркулерам і ўпырскам Common-rail. Магутнасць — 135 кВт (184 к.с.). Трансмісія: W5A 580 — пяціступеньчатая, аўтаматычная. Паліўны бак умяшчае 95 літраў, што забяспечвае запас ходу 600 км.

LAPV Enok 6.1

«Enok 5.4» створаны на базе Mercedes-Benz G-класа ўтылітарнай серыі W461. «Enok 5.4» мае масты з блакіроўкамі дыферэнцыялаў. Падвеска — на вінтавых спружынах і газавых амартызатарах. Колы з пазадарожнымі шынамі маюць «run-flat» устаўкі, якія нават пасля праколу дазваляюць праехаць да 30 км з максімальнай хуткасцю 50 км/г. Памер дыскаў — 75JX17.5. «Enok 6.1» адрозніваецца ад яго галоўным чынам шасі з партальнымі восямі, аналагічнымі G63 AMG 6x6. Яшчэ адной асаблівасцю былі спецыяльныя разборныя дыскі, так званыя «Бедлок». Яны маюць прышрубаванае вонкавае кольца вобада, з дапамогай якога шына фіксуецца на дыску.

У якасці ўзбраення можа ўсталёўвацца кулямёт MG3, гранатамёт HK GMG або аналагічныя кулямёты і станковыя гранатамёты. Бронеаўтамабіль таксама здольны буксіраваць лёгкія прычэпы, напрыклад — палявая кухня, лёгкая зенітная гармата або мінамёт.

Прыдатны для перавозкі транспартнымі верталётамі CH-53 і CH-47[2].

Характарыстыкі

[правіць | правіць зыходнік]
Мадэль Enok 5.4[3] Enok 6.2[4]
Магутнасць 135 кВт пры 3800 аб/хв
Габарыты даўжыня 4709 мм 4968 мм
шырыня (без уліку люстэрак) 2064 мм 2120 мм
вышыня 2060 мм 2312 мм
Колавая база 2850 мм
Радыус павароту 14 м
Макс. хуткасць 120 км/г

Абсталяванне і зброя

[правіць | правіць зыходнік]

Патрульны варыянт бронеаўтамабіля Enok 5.4 мае на даху баявога аддзялення турэль для ўсталявання кулямёта. У лік бартавога абсталявання ўваходзяць сістэмы GPS-навігацыі, спадарожнікавай сувязі Inmarsat BGAN Explorer 727 SATCOM  (англ.), электроннага процідзеяння CG-12, а таксама вайсковая інфармацыйна-кіравальная сістэма Führungs- und Informationssystem des Heeres (FüInfoSysH)[1]. Яе працоўнай станцыяй выступае ноўтбук Rocky III, замацаваны паміж сядзеннямі. Калі ноўтбук згорнуты, сістэмай кіруе планшэт усталяваны на пярэдняй панэлі перад сядзеннем пярэдняга пасажыра.

Enok 5.4 вайсковай паліцыі

У адрозненне ад патрульнай машыны, аўтамабілі вайсковай паліцыі не маюць узбраення. Знешне іх можна пазнаць па падвойным пробліскавым маячку DBS 2000 з гучнагаварыцелем на даху, а таксама двух пробліскавых маячках спераду. Акрамя таго, у задняй частцы тэнта ёсць маленькае акенца для інфармацыйнага табло. Камунікацыйнае абсталяванне ўключае радыёсістэму з дзвюма УКХ-радыёстанцыямі SEM 80/90, спадарожнікавай сувяззю Inmarsat BGAN Explorer 727 SATCOM і вайсковую інфармацыйна-кіравальную сістэму FüInfoSysH. Зарадная прылада для партатыўнай рацыі Kenwood TK-2140D размешчана ў задняй частцы цэнтральнай кансолі[5].

Машыны каманд абясшкоджвання выбухованебяспечных прадметаў маюць грузавы адсек з жорсткім верхам. У гэтым адсеку знаходзяцца скрыні для захоўвання спецыяльнага сапёрнага інструменту. Сярод іншага, ёсць робат-маніпулятар PackBot 510, аналізатар MH 5, дэтэктары VMR-3 і CEIA, прылада абясшкоджвання боепрыпасаў RE 70 і касцюм сапёра Med-Eng EOD 9. У машынах размініравання толькі два месцы. За сядзеннем кіроўцы месцяцца скрыня для рэчаў і дадатковая скрыня для захоўвання рыштунку. У задняй правай частцы салона размешчана абсталяванне сувязі. Як і на патрульнай машыне, ёсць турэль для кулямёта[6].

Машыны кіналагічнай службы маюць поўнасцю абаронены грузавы адсек. У адсеку размешчаны дзве клеткі для службовых сабак. Пад імі знаходзіцца шуфляда для захоўвання рыштунку, напрыклад, ашыйнікаў, наморднікаў, павадкоў, сабачага корму і дзвюх 5-літровых бутэлек з вадой для сабак і 20 літраў вады для экіпажа з двух чалавек. Яшчэ адна скрыня з рыштункам перавозіцца на даху аўтамабіля[7].

Enok 6.1 можа быць абсталяваны лёгкім дыстанцыйна-кіраваным баявым модулем FLW 100  (ням.), які звычайна ўзброены кулямётам MG3A1T[8].

Першыя машыны былі перададзены Бундэсверу для выпрабаванняў у 2009 годзе[2]. Станам на красавік 2022 года Бундэсвер меў на ўзбраенні 221 аўтамабіль[9].

Машына знаходзіцца на ўзбраенні Аўстрыі[10], Чэхіі[11], Германіі[10][12][13][14], Фінляндыі[15] і Чарнагорыі[16].

  1. а б Ralph Zwilling. BW – Enok 5.4 Patrouillenfahrzeug (англ.). tank-masters.de. Праверана 5 красавіка 2024.
  2. а б Ole Henckel. Der Wolf – Die Mercedes G-Klasse in militärischer Nutzung (ням.). Europäische Sicherheit & Technik // esut.de (5 кастрычніка 2021). Праверана 5 красавіка 2024.
  3. https://web.archive.org/web/20191017113317/https://www.acs-armoured-cars.com/schutzpanzerloesungen/enok-lapv-5-4
  4. https://web.archive.org/web/20191017131206/https://www.acs-armoured-cars.com/schutzpanzerloesungen/enok-lapv-6-2
  5. Ralph Zwilling. BW – Enok 5.4 Feldjägereinsatzfahrzeug (англ.). tank-masters.de. Праверана 5 красавіка 2024.
  6. Ralph Zwilling. BW – Enok 5.4 Kampfmittelbeseitigung (англ.). tank-masters.de. Праверана 5 красавіка 2024.
  7. Ralph Zwilling. BW – Enok 5.4 Hundetransporter (англ.). tank-masters.de. Праверана 5 красавіка 2024.
  8. Ralph Zwilling. BW – Enok 6.1 Patrouillenfahrzeug (англ.). tank-masters.de. Праверана 5 красавіка 2024.
  9. 60 Sekunden | Der leicht gepanzerte Patrouillenwagen Enok | Bundeswehr на YouTube
  10. а б ACS Armored Car Systems GMBH Appoints Distributor (19 ліпеня 2019).
  11. https://www.czdefence.cz/clanek/lehka-utocna-vozidla-modernizace-vozoveho-parku-ceskych-vysadkaru
  12. Bayerische Polizei bekommt neue gepanzerte Anti-Terror-Fahrzeuge (24 лютага 2020).
  13. Bayerische Spezialeinsatzkommandos erhalten Fahrzeuge für Terrorlagen (21 лютага 2020).
  14. News.
  15. Tällaisia ovat poliisin uudet panssaroidut Mersut – hinta noin 400 000 euroa kappaleelta (18 снежня 2018).
  16. Germany gifts light armoured vehicles to Montenegro. IHS Jane's 360 (13 верасня 2018). Архівавана з першакрыніцы 14 September 2018. Праверана 16 September 2018.