Геранёны
Аграгарадок
Геранёны
| ||||||||||||||||||||||||
Геранёны[1], Геранойні (трансліт.: Hieraniony, руск.: Геранёны, літ. Geranainys) — аграгарадок у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Геранёнскага сельсавета. Размешчана за 22 км на паўночны захад ад Іўя, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гаўя, шашой злучаны з Іўем.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]У XV i XVI стагоддзі выкарыстоўваліся формы тыпу Gieranoyny, У Кгереноинех, Geranoyny (у Літоўскай Метрыцы, у панегірыку Альберту Гаштольду). Гэта адпавядае ўжыванай літоўскай форме Geranainys.
Балцка-літоўскі назоўны суфікс -ain- (> -ойн-) і ў літоўскай назве Смаргоні — Smurgainys, у назвах Дукойняў, Жукойняў.
Вядомае шчучынскае прозвішча Герановіч, ад балцка-літоўскага двухасноўнага імя Ge-ranas. Асновы Ge-, Ran- як у імёнах Ge-tautas, Mu-ranas, ад якіх вядомае каля Опсы прозвішча Гетаўт, латгальскі тапонім Муранішкі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова Геранёнамі называліся некалькі размешчаных паблізу вёсак — існавалі Манівідавы Геранёны (цяперашнія Суботнікі), Жыгімонтавы Геранёны (цяпер Зыгмунцішкі) і Гаштольдаўскія, альбо Мураваныя, Геранёны, за якімі ўрэшце і засталася назва. Згадку аб тым, што ў 1411 годзе будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч фундаваў у Геранёнах касцёл[2], сучасныя даследчыкі звязваюць звычайна не з Мураванымі Геранёнамі, а з Зыгмунцішкамі.
У 1433 годзе вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч падараваў двор Геранёны Яну Гаштольду. Каля 1458 года тут пабудаваны касцёл. На мяжы XV—XVI стагоддзяў ваявода віленскі і канцлер вялікі літоўскі Альбрэхт Гаштольд пабудаваў Геранёнскі замак, а ў 1519 годзе — Мікалаеўскі касцёл. У 1520 годзе мястэчка Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.
Пасля смерці Станіслава Гаштольда Геранёны — уласнасць вялікіх князёў літоўскіх. У 1575 годзе, у час «бескаралеўя», тут адбылося некалькі з’ездаў шляхты. У XVII—XVIII стагоддзях цэнтр староства, у 1625 годзе заснаваны шпіталь. У 1670 годзе гетман вялікі літоўскі Міхал Пац запісаў Геранёны на ўтрыманне літоўскай артылерыі і віленскага арсенала. У XVIII стагоддзі старостамі геранёнскімі былі Мнішкі, Салагубы, Браніцкія. У першай палове XVIII стагоддзя ў Геранёнах некаторы час знаходзілася рэзідэнцыя віленскіх піяраў, пры якой у 1730—1738 гадах дзейнічала школа. Пры каралю Аўгусце III (1733—1763) Геранёны атрымалі магдэбургскае права (паводле іншых крыніц, у 1630-я гады), мелі герб «Няўдзячнае сэрца» (з 1792 года, у зялёным полі пранізанае мячом сэрца).
З 1795 года ў Расійскай імперыі, у Ашмянскім павеце. Уласнасць Корвін-Мілеўскіх. У 1880-я гады 243 жыхары, 27 двароў, касцёл, багадзельня, бровар, карчма. У пачатку XX стагоддзя 316 жыхароў. У маёнтку багатая калекцыя твораў мастацтва. Падчас Першай сусветнай вайны ў 1915—1918 гадах акупіраваны германскім войскам, у 1919—1920 гадах займаліся Чырвонай арміяй, польскім войскам. У 1920—1922 гадах у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 года — у Польскай Рэспубліцы, у Ашмянскім павеце.
З 1939 года ў БССР, у Іўеўскім раёне, з 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета. У 1941—1944 гадах акупіраваны нацысцкім войскам. З 15 мая 1963 года па 6 жніўня 1979 года ў Жылеўскім сельсавеце[3][4]. У 1993 годзе 1201 жыхар, 403 двары.
-
Замак і касцёл. К. Русецкі, 1846 г.
-
Замак Гаштольдаў. Н. Орда, 1875 г.
-
Касцёл. Н. Орда, XIX ст.
-
Панарама мястэчка, XIX ст.
Гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Цэнтр сельгаспрадпрыемства «Ніва». Сярэдняя школа, Дом культуры, магазіны.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча перыяду позняга Сярэднявечча (XV—XVII стст.) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413В000291
- Замак Гаштольдаў (XV—XVI стст.; руіны) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000292
- Капліца прыдарожная (XIX ст.)
- Касцёл Святога Мікалая (1529) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 412Г000293
- Фальварак Корвінаў-Мілеўскіх (XIX ст.)
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Сядзіба Корвінаў-Мілеўскіх (XIX ст.)
- Царква
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Аляксандравіч Баум (1922—2018) — Герой Сацыялістычнай Працы (1966).
- Ігнат Оскаравіч Корвін-Мілеўскі (1846—1926) — беларускі грамадскі дзеяч.
- Уладзімір Міхайлавіч Малец (нар. 1955) — беларускі палітык.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wilenskiej / Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis. T. 1, Kraków, 1948. Дакумент № 56
- ↑ Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 15 мая 1963 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1963, № 23 (1023).
- ↑ Рашэнне выканкома Гродзенскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 6 жніўня 1979 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1979, № 27 (1617).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шаблюк В. Геранёны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Геранёны
- Jurkau kutoczak — Юркаў куточак — Yury’s Corner. Касцёл у Геранёнах Архівавана 24 мая 2012.