Перайсьці да зьместу

Кобрынь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кобрынь
лац. Kobryń
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Кобрыня Сьцяг Кобрыня
Першыя згадкі: 1287
Магдэбурскае права: 10 сьнежня 1589
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Кобрынскі
Плошча: 30,5 км²
Вышыня: 147 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 53 177 чал.[1]
шчыльнасьць: 1743,51 чал./км²
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1642
Паштовыя індэксы: 225301—225306, 225860
СААТА: 1243501000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°12′45″ пн. ш. 24°21′24″ у. д. / 52.2125° пн. ш. 24.35667° у. д. / 52.2125; 24.35667Каардынаты: 52°12′45″ пн. ш. 24°21′24″ у. д. / 52.2125° пн. ш. 24.35667° у. д. / 52.2125; 24.35667
Кобрынь на мапе Беларусі ±
Кобрынь
Кобрынь
Кобрынь
Кобрынь
Кобрынь
Кобрынь
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://kobrin.by/

Ко́брынь — места ў Беларусі, на сутоках Мухаўцу, Кобрынкі і канала Боны. Адміністрацыйны цэнтар Кобрынскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 53 177 чалавек[1]. Знаходзіцца за 52 км на ўсход ад Берасьця. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Гомель. Вузел аўтамабільных дарог на Менск, Берасьце, Пінск, Ковель, Маларыту.

Кобрынь — магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, колішняя сталіца ўдзельнага княства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі барока манастыр Сьвятога Спаса і царква Сьвятога Мікалая (часткова зруйнаваная расейскімі ўладамі ў выніку маскоўскай перабудовы), царква Сьвятых Пятра і Паўла і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі клясыцызму і забудова гістарычнага Рынку, помнікі архітэктуры XVIII—XIX стагодзьдзяў.

Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму Кобрынь[2]. На думку географа В. Жучкевіча, назва места ўтварылася ад імя зьніклага народу обраў, які паводле старажытных летапісаў насяляў Заходняе Палесьсе[3]. Згодна зь меркаваньнем І. Сташэўскага тапонім утварыўся праз засваеньне кельцкага імя Кобрунус[4], тым часам А. Трубачоў адкідаў кельцкае паходжаньне як неабгрунтаванае і тлумачыў назву Кобрынь як вынік складаньня прэфіксу -к з стараславянскім -брьние ('бруд')[5].

У пісьмовых гістарычных крыніцах часоў Вялікага Княства Літоўскага места ўпамінаецца вылучна пад назвай Кобрынь, гэтак жа яго называлі мясцовыя жыхары[6]. Цяперашняя афіцыйная назва «Кобрын» — калькаваньне з расейскай мовы.

Першы пісьмовы ўпамін пра Кобрынь як уладаньне князёў ўладзімерска-валынскіх зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1287 году:

« Се аз, князь Володимер, сын Васильков, внук Романов, пишу грамоту: дал есмь княгине своей, по своем животе город свой Кобрынь и с людьми, и с данью, како при мне даяли, тако и по мне ать дають княгине моей… »

Іпацьеўскі летапіс

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У пачатку XIV стагодзьдзя Кобрынь далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. З 1366 году ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Альгерда. У XIV стагодзьдзі на месцы старажытнага дзядзінца і пасаду збудавалі драўляныя замкі (існавалі да канца XVIII стагодзьдзя[7]). У 1404 годзе места стала сталіцай княства, што знаходзілася ў валоданьні Рамана Ратненскага, пачынальніка роду князёў Кобрынскіх. Пад 1465 годам упершыню ўпамінаецца Спаскі манастыр. У 1-й палове XVI стагодзьдзя ў месьце збудавалі касьцёл[7].

У 1519 годзе Кобрынь стаў цэнтрам староства, а ў 1520 годзе — сталіцай павету Падляскага ваяводзтва. З 1532 году места знаходзілася ў валоданьні каралевы і вялікай княгіні Боны Сфорцы, за якой юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія і распачаліся мэліярацыйныя працы (канал каралевы Боны)[7]. На 1563 год, паводле рэвізіі, у Кобрыні было 377 двароў; асноўныя вуліцы — Астрамецкая, Балоцкая, Берасьцейская, Пінская, Ратненская, Чаравачыцкая[8]; дзеялі касьцёл, 3 цэрквы, Спаскі манастыр[9]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў места страціла павятовы статус і ўвайшло ў склад Берасьцейскага павету Берасьцейскага ваяводзтва.

Пячатка князя кобрынскага Рамана з «Пагоняй» (1387) і мескі герб (1840)

У 1586 годзе Кобрынь перайшоў да каралевы і вялікай княгіні Ганны Ягелонкі, дачкі Боны Сфорцы і Жыгімонта Старога, якая адрозьнівалася актыўнасьцю ў палітычных і гаспадарчых справах. 10 сьнежня 1589 году яна надала месту Магдэбурскае права, а таксама пячатку і герб: «у срэбным полі выява сьвятых Ганны і Марыі зь немаўлём Езусам на руках»[10]. Ганна асабіста ўручыла жыхарам прывілей, падпісаны нядаўна абраным каралём і вялікім князем Жыгімонтам Вазам. У 1596 годзе Спаскі манастыр прыняў Унію[9].

У пачатку XVII стагодзьдзя ў Кобрыні было больш за 1,5 тыс. жыхароў, каля 500 дамоў[8]. На 1597 год места складалася з асноўнай тэрыторыі і Замухавецкага прадмесьця, налічвала 550 сядзібных пляцаў. У цэнтры быў Рынак з ратушай і 32 пляцамі забудовы[9]. У 1626 годзе адбыўся Кобрынскі сабор[8], пры Спаскім манастыры адкрылася школа[9].

Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Кобрыню ліцьвінамі: «литвин… Мартишка з города с Кобрина» (1609—1610 гады)[11].

У другой палове XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў Кобрынь значна пацярпеў ад ваенных канфліктаў і прыйшоў у заняпад. З прычыны страты эканамічнага значэньня ў 1766 годзе яго перавялі ў стан мястэчкаў[12]. У 1784 годзе тут знаходзіўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які накіроўваўся на адкрыцьцё Каралеўскага канала. На 1790 год у месьце было 360 дамоў[9]. У 1791 годзе Кобрынь зноў стаў сталіцай павету. 14 верасьня 1794 году расейскія акупацыйныя войскі А. Суворава разьбілі пад Дывінам перадавыя аддзелы паўстанцаў Т. Касьцюшкі і занялі места.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кобрынь апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам павету[12]. Імпэратрыца расейская Кацярына II падаравала колішняе магдэбурскае места Сувораву.

У вайну 1812 году 27 ліпеня пад Кобрынем расейскія войскі здабылі першую перамогу над арміяй Напалеона. На 1817 год тут было 326 будынкаў, зь іх 4 камяніцы. У 1845 годзе месту даравалі новы, расейскі герб. У 1882 годзе пачаўся рух на лініі Палескае чыгункі Пінск — Жабінка, у Кобрыні зьявілася чыгуначная станцыя. У 1895 годзе пажар зьнішчыў траціну места. У пачатку ХХ ст. у Кобрыні было 25 камяніцаў і 1202 драўляных будынкаў, дзеялі 2 цэрквы, касьцёл, сынагога і некалькі юдэйскіх малітоўных школаў, працавалі павятовая вучэльня, прыходзкая вучэльня з жаночай зьменай, прыватная жаночая 1-клясная вучэльня, жыдоўская жаночая вучэльня і некалькі хедараў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Кобрынь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кобрынь абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[13].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Кобрынь апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 годзе Кобрынь увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 20 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

  • XIX стагодзьдзе: 1817 год — 1427 чал., зь іх 899 юдэяў[14]; 1848 год — 1673 чал.[9]; 1878 год — 7789 чал. (4405 муж. і 3384 жан.), у тым ліку 2876 праваслаўных, 473 каталікі, 4431 юдэй, 9 магамэтанаў[14]; 1897 год — 10 355 чал.[9]
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 8998 чал., зь іх паводле стану: мяшчанаў 6131, цэхавых 1389, шляхты 211, купцоў 204, духоўнага стану 88, вайскоўцаў 238, сялянаў 537, іншых станаў 200; паводле веры: праваслаўных 2100, каталікоў 585, пратэстантаў 232, юдэяў 6036, іншых веравызнаньняў 46[12]; 1907 год — 8754 чал.[15]; 1921 год — 8208 чал.[9]; 1931 год — 10 101 чал.[9]; 1956 год — 11 тыс. чал.[16]; 1959 год — 13,7 тыс. чал.; 1970 год — 24,9 тыс. чал.; 1972 год — 26,3 тыс. чал.[17]; 1991 год — 49,4 тыс. чал.; 1996 год — 51,6 тыс. чал.[18]; 1998 год — 51,9 тыс. чал.[19]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 год — 50,8 тыс. чал.; 2006 год — 50,5 тыс. чал.; 2008 год — 51,1 тыс. чал.; 2009 год — 51 166 чал.[20] (перапіс); 2016 год — 52 655 чал.[21]; 2017 год — 52 964 чал.[22]; 2018 год — 53 177 чал.[1]

У Кобрыні працуюць 9 сярэдніх, базавая, музычная і 2 спартовыя школы, школа-інтэрнат.

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляе меская лякарня.

Дзеюць 2 бібліятэкі, 2 кінатэатры, дом культуры.

Плян і забудова Кобрыня маюць шматвекавую гісторыю. Пры ўтоку рэчкі Кобрынкі ў Мухавец у старажытнасьці заклалі першае ўмацаваньне, на якім пазьней збудавалі Верхні і Ніжні замкі. У канцы XVIII—XIX стагодзьдзяў цэнтар Кобрыня забудоўваўся цаглянымі двухпавярховымі жылымі дамамі, ніжнія паверхі якіх прызначаліся для крамаў і майстэрань.

Афіцыйная назва Гістарычная назва Былыя назвы
17 верасьня вуліца Слушная вуліца
Базылянская вуліца
Кляштарная вуліца (1921—1939)
Беларуская вуліца Рачная вуліца
Рэзьніцкая вуліца
Гразная вуліца (1864—1917)
Крывая вуліца (1921—1939)
Дзяржынскага вуліца Уладаўская вуліца
Інтэрнацыянальная вуліца Ратненская вуліца Славянская вуліца (1864—1917)
Лейбуша вуліца (1939—1941)
Кастрычніцкая вуліца Агародніцкая вуліца Мяшчанская вуліца (1864—1917)
Кобрынская вуліца (1921—1939)
Леніна вуліца Бабруйская вуліца Юзэфа Пілсудзкага вуліца
Матросава вуліца Прачысьценская вуліца Школьная вуліца (1921—1948)
Першамайская вуліца Пінская вуліца Усходняя вуліца (1915—1918)
3 мая вуліца (1921—1939)
Пралетарская вуліца Берасьцейская вуліца
Ганчарская вуліца
Бэрнацкага вуліца (1921—1939)
Савецкая вуліца Чаравачыцкая вуліца
Берасьцейская вуліца
Легіёнаў вуліца (1921—1934)
Браніслава Перацкага вуліца (1934—1939)
Свабоды плошча Рынак пляц
Суворава вуліца Губэрніяльная вуліца Сувораўская вуліца (1864—1917)
Рамуальда Траўгута вуліца (1921—1939)
Рэвалюцыйная вуліца (1944—1946)
Чырвонаармейская вуліца Балоцкая вуліца
Гарбарская вуліца
Заводзкая вуліца (1864—1912)
Петрапаўлаўская вуліца (1912—1917)
Польная вуліца (1921—1939)
Чырвонагвардзейская вуліца Касьцельны завулак

З урбананімічнай спадчыны Кобрыня да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліца Мікольская (яшчэ адна гістарычная назва — Астрамецкая) і пляц Замкавы.

Прадпрыемствы машынабудаўнічай, харчовай, лёгкай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Кобрыня
  • ААТ «Кобрынскі кансэрвавы завод»
  • ААТ «Кобрынь-Дызайн»
  • Філія «Кобрынскі хлебазавод» РУВП «Берасьцехлебпрам»
  • РУП «Кобрынская швацкая фірма „Лона“»
  • ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод»
  • ААТ «Кобрынскі мясакамбінат»
  • РУВП «Кобрынскі інструмэнтальны завод „СІТОМО“»
  • ААТ «Кобрынаграмаш»
  • ІП «Прамысловы Альянс»
  • РУВП «Кобрынская прадзільна-ткацкая фабрыка „Ручайка“»
  • ААТ «Кобрынскі завод гідраўлічнага машынабудаваньня»
  • ДЛГУ «Кобрынскі досьледны лясгас»
  • ААТ «Кобрынь-тэкстыль»
  • ААТ «Кобрынскі хімік»
  • Сумеснае прадпрыемства СТАА «ПП Палесьсе»

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адбудаваная сядзіба

Кобрынь — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня[23]. Дзее Кобрынскі ваенна-гістарычны музэй імя Суворава (у адбудаванай сядзібе Губэрня), створаны за савецкім часам. Расейскі вайскавод Сувораў атрымаў места ў асабістую ўласнасьць па здушэньні паўстаньня за аднаўленьне незалежнасьці Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

  • Гатэлі: «Беларусь», «Сувораў»
Сынагога. Мастак А. Наліваеў

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 24.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 164.
  4. ^ Staszewski J. Słownik geograficzny. — Warszawa, 1959. S. 147.
  5. ^ Трубачев О. Н. Названия рек правобережной Украины. — М.: «Наука», 1968. С. 210.
  6. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 163—164.
  7. ^ а б в Грынявецкі В. Кобрын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 116.
  8. ^ а б в Грынявецкі В. Кобрын // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 117.
  9. ^ а б в г д е ё ж з Князева, В. Падарожжа па Беларусі: гарады і гарадскія пасёлкі / В. Князева. — Мн., 2005.
  10. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
  11. ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
  12. ^ а б в Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
  13. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  14. ^ а б Sulistrowski F. Kobryń // Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 205.
  15. ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
  16. ^ Кобринь // Енциклопедія українознавства(uk) : Словникова частина : [в 11 т.] / Наукове товариство імені Шевченка ; гол. ред. проф., д-р В. Кубійович(uk). — Париж — Нью-Йорк: Молоде життя, 1959. — Т. 2, [т. 3] : Зернове господарство — Кропивницький. — С. 1058—1059. — ISBN 5-7707-4049-3
  17. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  18. ^ Казлоў Л. Кобрын // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 218.
  19. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 368.
  20. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  21. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  22. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  23. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  24. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 369.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]