Перайсьці да зьместу

Івацэвічы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Івацэвічы
лац. Ivacevičy
Палац Юндзілаў
Палац Юндзілаў
Герб Івацэвічаў Сьцяг Івацэвічаў
Першыя згадкі: 1508
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Івацэвіцкі
Плошча:
  • 16 км²
Вышыня: 148 м н. у. м.
Насельніцтва: 23 458 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1645
Паштовы індэкс: 225295
СААТА: 1234501000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°42′33″ пн. ш. 25°20′20″ у. д. / 52.70917° пн. ш. 25.33889° у. д. / 52.70917; 25.33889Каардынаты: 52°42′33″ пн. ш. 25°20′20″ у. д. / 52.70917° пн. ш. 25.33889° у. д. / 52.70917; 25.33889
Івацэвічы на мапе Беларусі ±
Івацэвічы
Івацэвічы
Івацэвічы
Івацэвічы
Івацэвічы
Івацэвічы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.ivacevichi.brest.by

Івацэ́вічы — места ў Беларусі, на правым беразе ракі Грыўды. Адміністрацыйны цэнтар Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 23 458 чалавек[1]. Знаходзяцца за 135 км на паўночны ўсход ад Берасьця. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Баранавічы.

Івацэвічы — даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся палац Юндзілаў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., і касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа ў стылі барока, помнік архітэктуры XVIII ст., часткова зруйнаваны савецкімі ўладамі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Івацэвіцы ўтварыўся ад прозьвішча Івацэвіч (відаць, заснавальніка паселішча)[2].

Таксама існуе народнае паданьне, паводле якога ў часе паляваньня адзін слуга, якога звалі Іван Цэвіч, выратаваў заможнага пана ад нападу вепрука. Апошні ў якасьці падзякі падараваў свайму выратавальніку гэтыя землі.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Івацэвічы зьмяшчаецца ў зэльвенскай касьцёльнай кнізе ў зьвязку зь сьмерцю Мікалая Ільлініча[3] і датуецца 1508 годам. Пад 26 траўня 1519 году ў Літоўскай Мэтрыцы значыцца ўгода паміж Мікалаем Ільлінічам і гарадзенскімі жыдамі Ісакам і Лазарам, якія атрымалі ад Ільлініча за доўг маёнтак, як тады пісалі, Івачэвічы. У 1540 годзе маёнтак перайшоў да Яна, сына Мікалая Ільлініча. У 1559[3] годзе, згодна з дакумэнтамі, Івацэвічы знаходзіліся ў валоданьні слонімскага судзьдзі Яна Віктарына, які атрымаў маёнтак за жонкай Ганнай, дачкой Яна Ільлініча. У 1565[3] годзе, па сьмерці Яна Віктарына, ягоная жонка Ганна прадала частку маёнтку Яну Багуматку.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Івацэвічы ўвайшлі ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. З 2-й паловы ХVI стагодзьдзя яны ўваходзілі ў склад Боркінскай воласьці. У 1594 годзе маёнтак належаў І. Сапегу. На мапе Вялікага Княства Літоўскага, выдадзенай М. К. Радзівілам у 1613 годзе, Івацэвічы значацца як мястэчка. У 1631 годзе яны перайшлі ў валоданьне Стэфана Кандзежаўскага. З 1654 году маёнтак належаў Юндзілам.

У 1750 годзе ў Івацэвічах збудавалі касьцёл Сьвятога Крыжа. З 1784 году маёнтак — уласнасьць Яна Сяплюцкага, тут працавалі бровар і смалакурня.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Івацэвічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскай, з 12 сьнежня 1796 году ў Літоўскай губэрні, з 28 жніўня 1802 году ў Слонімскім павеце[4] Гарадзенскай губэрні. З адкрыцьцём Маскоўска-Варшаўскай шашы (1 сьнежня 1846 году) у 1848 годзе пачала дзеяць паштовая станцыя. У 1860 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1871 годзе з пракладаньнем чыгункі Варшава — Масква (увод у эксплюатацыю адбыўся 28 лістапада 1871 году) адкрылася чыгуначная станцыя Івацэвічы, пры якой узьнікла паселішча.

За часамі Першай сусьветнай вайны у 1915 годзе Івацэвічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Івацэвічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[5]. У 1919—1920 гадох мястэчк займалі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Івацэвічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва. У 1922 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам. У 1935 годзе мястэчка — цэнтар павету. У гэты час тут дзеяла чыгуначная станцыя, пры якой быў буфэт; існавалі пошта, тэлеграф, аптэка, амбуляторыя, аўтамабільная запраўка, некалькі гатэляў, дваровая капліца графаў Юндзілаў, уладальнікаў вялікіх лясных абшараў у Косаўскім і Слонімскім паветах. Паравы рухавік забясьпечваў электрычнасьцю ня толькі тартак, але і мястэчка, працавала пачатковая школа. У 1936 годзе страйкавала 306 работнікаў лесапільных заводаў. Іх падтрымалі працаўнікі на ўрэгуляваньні ракі Грыўды. Прычынаю страйку была нізкая аплата працы.

У 1939 годзе Івацэвічы ўвайшлі ў БССР, з 1940 году ў складзе Косаўскага раёну. У гэты час тут было 600 двароў, МТС, лесазавод, сьпіртзавод, смалакурня, электрастанцыя, млын, абутковая арцель, 7-гадовая школа, пошта, лякарня. У Другую сусьветную вайну з 24 чэрвеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

20 верасьня 1947 году Івацэвічы атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і сталі цэнтрам раёну (у 1962—1965 гадох у складзе Бярозаўскага раёну). 28 траўня 1966 году паселішча атрымала статус места. На 1970 год тут працавалі лесазавод, леспрамгас, хімлясгас, сьпіртзавод, маслазавод, раённае аб’яднаньне «Сельгастэхніка», камбінат побытавага абслугоўваньня; дзеялі 2 сярэднія школы, школа працоўнай моладзі, музычная і дзіцячая спартовая школы, дзіцячы садок і 2 дзіцячыя ясьлі-садкі, дом піянэраў, кінатэатар, 2 клюбы, 3 масавыя бібліятэкі, лякарня, аптэка, крамы. У 1973 годзе адбыўся ўвод у эксплюатацыю Івацэвіцкага льнозаводу. 12 верасьня 1995 году пачала выдаецца рэгіянальная «Газэта для Вас». У 2009 годзе Івацэвічы адзначылі свой юбілей — 490-годзьдзе з дня першага ўпаміну ў пісьмовых крыніцах.

Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай, машынабудаўнічай і лёгкай прамысловасьці. Мэтэастанцыя.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Івацэвічаў
  • ДЛГУ «Івацэвіцкі лясгас»
  • ААТ «Івацэвічдрэў»
  • ААТ «Івацэвіцкі льнозавод»
  • Філія Івацэвіцкага раённага спажывецкага таварыства «ККП»
  • ДУВП «Івацэвіцкі завод жалезабэтонавых вырабаў»
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 60 чал. у маёнтку Івацэвічах; 37 чал. у вёсцы Івацэвічах; 1921 год — 78 чал у маёнтку Івацэвічах; 151 чал. у фальварку Івацэвічах; 144 чал. у чыгуначнай станцыі Івацэвічах; 1935 год — 1860 чал.[6]; 1940 год — 2415 чал.; 1945 год — 3,7 тыс. чал.; 1959 год — 5,2 тыс. чал.; 1971 год — 8 тыс. чал.; 1979 год — 10 870 чал.; 1981 год — 12,6 тыс. чал.; 1991 год — 18,7 тыс. чал.; 1994 год — 19,8 тыс. чал.[7]; 1997 год — 19,7 тыс. чал.; 1998 год — 19,7 тыс. чал.[8]
  • XXI стагодзьдзе: 2005 год — 24,2 тыс. чал.; 2006 год — 24,2 тыс. чал.; 1 студзеня 2008 году — 26,2 тыс. чал.; 2009 год — 22 958 чал.[9] (перапіс); 2016 год — 23 280 чал.[10]; 2017 год — 23 440 чал.[11]; 2018 год — 23 458 чал.[1]

У Івацэвічаў працуюць 4 сярэднія, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 8 дашкольных установаў.

Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, кінатэатар.

Выдаюцца раённая «Івацэвіцкі весьнік» і незалежная «Газэта для Вас».

Афіцыйная назва Гістарычная назва
60 год Кастрычніка вуліца Працоўная вуліца
Гойшпіка вуліца Таварная вуліца
Заводзкая вуліца Фабрычная вуліца
Леніна вуліца Шашэйная вуліца
Маркса вуліца Чыгуначная вуліца
Матросава вуліца Гранічная вуліца
Савецкая вуліца Кметна-Пінская вуліца
Талочкі вуліца Надрэчная вуліца
Чарткова вуліца Косаўская вуліца[12]

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Рынак[13].

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Спыніцца можна ў мескім гатэлі[14].

  • Дуга Струвэ, пункт (1830)
  • Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1750-я; захаваўся часткова, знаходзіцца на тэрыторыі выпраўленчай калёніі[15])
  • Палац Юндзілаў (XVIII ст.)

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Царква Сьвятога Спаса (1943)
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 143.
  3. ^ а б в Грынявецкі В. Івацэвічы // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 663.
  4. ^ Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 309.
  5. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  6. ^ Зайка А. Івацэвічы: да 490-годдзя горада // Газета для вас. 16 кастрычніка 2009 г.
  7. ^ ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 468.
  8. ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 157.
  9. ^ Перепись населения — 2009. Брестская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  10. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  11. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  12. ^ Татаринов Ю. Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Брестчина. — Минск, 2009.
  13. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 28.
  14. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
  15. ^ Касьцёл Узьвіжаньня Сьвятога Крыжа, Globus.tut.by

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]