Свяцейшы правячы сінод
Свяцейшы правячы сінод | |
---|---|
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | |
Дата стварэння | 25 студзеня (5 лютага) 1721 года |
Папярэднія ведамствы |
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Адрыян Манастырскі прыказ |
Дата скасавання | 1 (14) лютага 1918 года |
Вышэйшае ведамства | Сенат |
Штаб-кватэра | Расійская імперыя, Санкт-Пецярбург |
Першы обер-пракурор | Іван Васільевіч Боўцін |
Апошні обер-пракурор | Антон Уладзіміравіч Карташоў |
Свяцейшы правячы сінод (да рэформы руск.: Святѣйшій Правительствующій Сѵнодъ, руск.: Святейший всероссийский правительствующий синод[1]) — вышэйшы орган царкоўна-дзяржаўнага кіравання праваслаўнай царквой у Расійскай імперыі ў сінадальны перыяд (1721—1917 гг.).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перадумовы стварэння сінода
[правіць | правіць зыходнік]Па першаасновах права Усяленскай царквы, кожная памесная аўтакефальная царква мае ўладу выдаваць ў межах яе ведамства абавязковыя правілы па асновах веравучэння і хрысціянскіх набажэнстваў. У старажытнай дапятроўскай Русі ўладай вызначаць такія правілы валодалі памесныя (пачасовыя) саборы. Яны выдаваліся ў выглядзе саборных грамат, наказаў, пасланняў, улажэнняў. Паміж сходамі сабораў у якасці першага і найвышэйшага іерарха царквы выступаў патрыярх, які вызначаў кіраўнічыя правілы для дзеянняў усіх памесных іерархаў.
У Маскоўскай дзяржаве патрыярх абіраўся па волі цара. Са смерцю патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Адрыяна 16 (27) кастрычніка 1700 года спыніла сваё існаванне патрыяршае кіраванне Рускай праваслаўнай царквой. Малады цар Пётр I знаходзіўся ў той час пры арміі пад Нарвай, і ўся яго ўвага была паглынута вайной. Замест склікання сабора для выбараў новага патрыярха 16 снежня 1700 г. сваім указам ён прызначыў мітрапаліта Разанскага Стэфана Яворскага «экзархам — ахоўнікам і адміністратарам» патрыяршага прастола. Гэтым указам адкрываецца новы перыяд адносін паміж Царквой і дзяржавай у Расіі, які звычайна называецца ў расійскай гісторыяграфіі сінадальным перыядам. Яшчэ праз месяц, 24 студзеня (4 лютага) 1701 года, чарговым указам Пётр аднавіў (ліквідаваны стараннямі патрыярха Іякіма ў 1677 годзе) Манастырскі прыказ. Да гэтай зусім свецкай установы, што складалася з чыноўнікаў на чале з былым Астраханскім ваяводам Мусіным-Пушкіным , перайшлі не толькі адміністрацыйныя і гаспадарчыя справы расфарміраванага патрыяршага двара, але і кіраванне царкоўнымі вотчынамі праз прызначаных ім свецкіх асоб. Гэта дазволіла накіроўваць даходы Царквы на задавальненне агульнадзяржаўных патрэб і, перш за ўсё, на ваенныя мэты.
У 1711 годзе, пасля заснавання Сената, Месцаахоўнік Патрыяршага прастола з Асвячоным саборам не мог паставіць без згоды Сената ніводнага архірэя. Сенат умешваўся ва ўсе царкоўныя справы: вызначаў настаяцеляў у манастыры, клапаціўся аб абароне праваслаўя і распаўсюджанні веры сярод «іншародцаў», будаваў храмы і іншае. У 1715 годзе менавіта Сенат аддаў распараджэнне аб пасвячэнні некаторых манахаў у святарскі сан і як мага больш хуткім узвядзенні іх у архімандрыты, указаўшы нават месца правядзення хіратоніі[2].
Спачатку Пётр задавольваўся часовымі мерамі, і толькі з 1718 года, калі перамога над шведамі стала ўжо несумненная, ён інтэнсіўна заняўся рэарганізацыяй дзяржаўнага і царкоўнага кіравання. Пасля заснавання калегій (1718—1720 гг.), падсправаздачных Сенату, і рэформ мясцовай адміністрацыі (1719) вызначылася новая структура дзяржаўнага апарату. Неабходнасць калегіяльнага прынцыпу кіравання Царквой уяўлялася цару такой жа відавочнай справай, як і падпарадкаванне Царквы яго царскай волі. На той момант думка пра адмену патрыярства ў дзявятага Цара і Вялікага князя усяе Русі канчаткова саспела, і настаў час выдаць заканадаўчы акт, які б тлумачыў і апраўдваў гэта новаўвядзенне[3]. Тым не менш Пятру было ясна, што ўвядзенне гэтага парадку выглядала рашучым пераваротам у вачах духавенства і народа, і таму ён жадаў даць сваёй рэформе матываванае і даходлівае абгрунтаванне.
Новы закон — «Духоўны рэгламент» быў падрыхтаваны без усялякага ўдзелу царквы. Па загаду цара (заснаваць для кіравання Рускай Царквой калегію на ўзор пратэстанцкіх духоўных кансісторый), дадзенаму ў кастрычніку 1718 года, яго складаў пскоўскі епіскап Феафан Пракаповіч . У 1719 г. была створана камісія для выпрацоўкі новых асноў царкоўнага кіравання. Да лютага 1720 года тэкст быў гатовы, але і Пётр I ўнёс туды свае праўкі. У якасці абгрунтавання такой рэформы гучалі розныя аргументы — ад пераваг непрадузятасці калегіяльнага прыняцця рашэнняў да небяспекі патрыяршаства для абсалютысцкай улады.
«Простой народ не знает, как различается власть духовная от самодержавной, и ... помышляет, что таковый правитель есть то вторый Государь, Самодержцу равносильный, или и больши его и что духовный чин есть другое и лучшее Государство»[2].
Згодна з указам Сената, тэкст Рэгламента быў прапанаваны асвячонаму Сабору з шасці архірэяў. Дакумент быў прадстаўлены Пятром на абмеркаванне ў Сенат і толькі потым прапанаваны ўвазе царкоўнага Сабора з шасці архірэяў, што апынуліся ў Пецярбургу. Пад ціскам свецкай улады яны падпісалі дакумент і запэўнілі, што ўсё «учынена ладна».
Духоўная калегія
[правіць | правіць зыходнік]25 студзеня (5 лютага) 1721 года імператар Пётр I выдаў маніфест пра заснаванне «Духоўнай калегіі, ці Духоўнага саборнага ўрада», а 14 (25) лютага пасля набажэнства ў Троіцкім саборы Аляксандра-Неўскай лаўры адбылося ўрачыстае адкрыццё Духоўнай калегіі. Прэзідэнтам Сінода стаў Стэфан Яворскі. Па паданні, на першым пасяджэнні калегіі на нясмелую прапанову адрадзіць патрыяршаства, цар уваткнуў у стол корцік са словамі: «Вось вам жалезны патрыярх!»[4]. Пасля гэтага прашэнне аб абранні патрыярха было пакінута[5].
Пасля заснавання Духоўнай калегіі паўстала пытанне: як здзяйсняць малітоўны выгук новага царкоўнага прадстаяцеля — урада? Лацінскае слова «калегіум» ў спалучэнні са «Свяцейшым» (тытулаванне патрыярха) гучала немілагучна, таму прапаноўваліся розныя варыянты: «сход», «сабор». Нарэшце кампраміс быў дасягнуты на прымальным грэчаскім слове «сінод» (грэч. Σύνοδος — «сход», «сабор»;лац.: Consilium — рада, кансіліум) — Свяцейшы правячы сінод[6].
Як і ў грамадзянскіх калегіях, на першым пасяджэнні ў 1721 годзе ў склад Свяцейшага Сінода былі прызначаныя: прэзідэнт — мітрапаліт Стэфан (Яворскі), два віцэ-прэзідэнта — архіепіскапы Феадосій (Янкоўскі) і Феафан (Пракаповіч), чатыры дарадцы з архімандрытаў, чатыры асэсары з пратапопаў і адзін з «грэчаскіх чорных святароў»[5]. Усе пастановы Сінода выходзілі пад штэмпелем «Па ўказу Яго Імператарскай Вялікасці»[7]. Для надання большага аўтарытэту і кананічнасці новаму царкоўнаму ўраду Пётр I звярнуўся да Канстанцінопальскага Патрыярха Ераміі III з просьбай, каб ён, пасля нарады з іншымі Патрыярхамі, «учреждение духовного Синода за благо признать изволил». Праз два гады, 23 верасня 1723 года, патрыярх Канстанцінопальскі Ерамія даслаў сваю зацвярджальную грамату, у якой паведамляў аб прызнанні Свяцейшага Сінода сваім «у Хрысце братам», што мае ўладу «творити и совершати елико четыре Апостольские Святейшие Патриаршие Престолы». Аналагічныя граматы былі атрыманыя і ад іншых Усходніх Патрыярхаў.
У 1724 годзе, пасля смерцi мітрапаліта Стэфана, пасаду прэзідэнта скасавалі; з 1727 года ранейшыя назвы (віцэ-прэзідэнт, саветнік, асэсар) замяніла агульнае абазначэнне «член Сінода». Пры імператрыцы Ганне Іаанаўне на працягу шэрага гадоў склад яго членаў не папаўняўся, і да 1738 году там засядаў толькі адзін епіскап. Пры Кацярыне I Сінод на некаторы час перастаў называцца «правячым», а атрымаў назву «духоўнага».
Спачатку Свяцейшы Сінод нярэдка перасяляўся з Пецярбурга ў Маскву на больш ці менш працяглы тэрмін, часам пакідаючы справы няскончанымі; для заканчэння іх была заснавана ў Пецярбургу ў 1721 годзе Цівунская палата (кантора). Акрамя таго, яна засяроджвала ў сабе епархіяльныя справы Санкт-Пецярбургскай епархіі. Калі Сінод канчаткова ўмацаваў сваё месцазнаходжанне ў Пецярбургу ў будынку Дванаццаці калегій на Васільеўскім востраве, Цівунская палата была скасавана ў 1727 годзе.
Обер-пракурор
[правіць | правіць зыходнік]Для ажыццяўлення кантролю над Свяцейшым Сінодам Пётр І, якога вопыт навучыў не давяраць сваім чыноўнікам, 11 мая 1722 года стварыў пасаду обер-пракурора, наказаўшы выбраць на яе «з афіцэраў добрага чалавека». Інструкцыя обер-пракурора была спісана з інструкцыі генерал-пракурора пры Сенаце[8]. Ён абавязаны быў назіраць за ўсім ходам сінадальных спраў, рабіць Сіноду прапановы аб патрэбных мерапрыемствах, даносіць гасудару аб сінодскіх рашэннях і быць наогул пасрэднікам паміж Сінодам і дзяржаўнай уладай[9]. Ён меў у сваім распараджэнні сінадальную канцылярыю і быў абавязаны (па інструкцыі) знаходзіцца на пасяджэннях Прысутнасці. За ўвесь час пасаду обер-пракурора Свяцейшага Сінода займалі трыццаць тры чалавекі. Спачатку яго значэнне была нязначным, з прычыны падпарадкавання яго Генерал-пракурору. Першым обер-пракурорам і фактычна кіраўніком быў пастаўлены палкоўнік І. В. Боўцін. Потым гэтую пасаду займалі як ваенныя, так і грамадзянскія чыны. З XIX стагоддзя обер-пракуроры сталі манапалізаваць усю інфармацыю, якая паступала з епархіяльных кансісторый, і фактычна навязвалі свае рашэнні Свяцейшаму Сіноду. Сувязь паміж Сінодам і вярхоўнай уладай стала праходзіць выключна праз обер-пракурора. Асабліва ўмацавалася ўлада і ўплыў обер-пракурораў у эпоху імператара Мікалая I пры графу Н. А. Пратасаву . Апошні правёў рэарганізацыю Сінода так, што стаў фактычна аднаасобным кіраўніком царкоўнага праўлення. Пры ім 1 жніўня 1836 года з’явілася асаблівая канцылярыя обер-пракурора, якой надавалася права вырашаць усе справы, што датычылі царкоўнага праўлення. З 1901 года правы обер-пракурора былі прыраўняныя да праў міністраў[2].
XVIII—XIX стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]Згодна ўказу Аляксандра I з 1814 па 1824 гады Сінод быў падпарадкаваны ў якасці аднаго з аддзелаў створанаму Міністэрству духоўных спраў і народнай асветы[10]. З 1830-ых гадоў пры Сінодзе ўзнік шэраг органаў для вядзення адміністрацыйных спраў, кіраванне фінансамі і маёмасцю царквы (Канцылярыя обер-пракурора, Гаспадарчае кіраванне, Кантроль). З першай паловы 1830-ых гадоў пасяджэнні праводзіліся ў будынку Сената і Сінода. На працягу ХІХ стагоддзя пры Сінодзе ствараецца таксама шэраг органаў для кіравання духоўна-навучальнымі ўстановамі: Камісія духоўных вучылішчаў (1808), Духоўна-навучальнае праўленне (1839), Навучальны камітэт (1867). У 1885 годзе засноўваецца Вучэльная рада, што кіравала царкоўна-прыходскімі школамі. З 1830—40-ых гадоў Сінод фактычна быў адхілены ад кіравання царкоўнымі справамі; усе бягучыя справы вырашаліся толькі па дакладзе обер-пракурорскай канцылярыі; обер-пракурор мог прыпыніць (фактычна — адмяніць) любую пастанову Сінода, аказваў вырашальны ўплыў на выклік іерархаў у Сінод і звальненне з яго[11].
ХХ стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]16 студзеня 1906 года імператар Мікалай II заснаваў Перадсаборную Прысутнасць. Гэта быў орган, які павінен быў на працягу некалькіх месяцаў, максімум года, падрыхтаваць скліканне Памеснага Сабору. Усе члены Перадсаборнай Прысутнасці аднагалосна выказаліся за неабходнасць аднавіць Памесныя Саборы і значна абмежаваць уладу обер-пракурора[12].
У 1912 годзе палітычная сітуацыя вакол Сінода абвастрылася ў сувязі з умяшаннем Г. Распуціна ў справы царкоўнага кіраўніцтва. На пачатак XX стагоддзя стала нормай намінальнае кіраўніцтва Свяцейшым Сінодам сталічным мітрапалітам — першапрысутным членам. Змены ў асабісты склад Свяцейшага Сінода і обер-пракуратуры ўнесла Лютаўская рэвалюцыя 1917 года. Часовы ўрад увёў ў склад міністраў і новага обер-пракурора, які 14 красавіка 1917 года дамогся ўказа новай улады аб вызваленні ўсіх членаў Свяцейшага Сінода і аб прызначэнні новых. Першы паслярэвалюцыйныя склад Свяцейшага Сінода 29 красавіка 1917 года заявіў, што галоўная яго задача — садзейнічанне скліканню Усерасійскага Памеснага Сабору. 5 жніўня 1917 года пастановай Часовага ўрада было заснаванае Міністэрства веравызнанняў[13], у вядзенне якога перайшлі справы обер-пракуратуры і апошняя такім чынам была скасавана.
У лістападзе 1917 года на сабраным Усерасійскім Памесным Саборы , упершыню за 217 гадоў быў абраны Патрыярх. Ім стаў мітрапаліт Маскоўскі Ціхан (Бялавін). 17 лістапада 1917 г. Памесны Сабор пастанавіў, сярод іншага, з дня ўзвядзення на Патрыяршую кафедру ва ўсіх храмах Расійскай праваслаўнай царквы здзяйсняць памінанне «Яго Свяцейшаства» замест «Свяцейшага Сінода». Стары Свяцейшы Сінод спыніў сваё існаванне. А 20 студзеня (2 лютага) 1918 года Сінод быў скасаваны і дэкрэтам савецкай улады (Дэкрэт аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы ). 31 студзеня (13 лютага) таго ж года Памесны Сабор пастанавіў, што зноў устаноўленыя Свяшчэнны Сінод і Вышэйшы Царкоўны Савет прымаюць справы царкоўнага кіравання ў Свяцейшага Сінода з 1 (14 лютага). У той жа дзень Свяцейшы Сінод, адпаведна, прыняў сваё апошняе Вызначэнне — за № 273 — «Аб перадачы спраў Свяцейшага Сінода Свяцейшаму Патрыярху, Свяшчэннаму Сіноду і Вышэйшаму Царкоўнаму Савету[14]». Такім чынам 1 (14) лютага 1918 года стала днём скасавання Свяцейшага Сінода. У той час патрыярх Маскоўскі і ўсяе Расіі, свяціцель Ціхан, адзначаў сімвалічнасць гэтай даты:
"14 лютага 1721 года быў адкрыты Свяцейшы Правячы Сінод і 14-га ж лютага (па новым стылі) 1918 года спыніў свае дзеянні"[15][16].
Склад і структура
[правіць | правіць зыходнік]Першапачаткова, па «Духоўным рэгламенце», Сінод павінен быў складацца з 12 чалавек, але ў рэчаіснасці ніколі не дасягаў такой колькасці членаў, часам нават даходзіла да 3 асоб[1]. Часта рашэнні прымаліся толькі двума архімандрытамі і адным пратапопам.
У склад Свяцейшага Сінода ўваходзілі «Прысутнасць» і сінадальныя ўстановы. Прысутнасць павінны былі складаць іерархі епіскапскай і прэсвітарскай ступені святарства: але на самай справе ў Сінодзе засядалі выключна архірэі. Сінадальныя члены прызначаліся імяннымі ўказамі, прысутныя — найвышэйшымі наказамі. І члены, і прысутныя мелі аднолькавае права голасу. Сталічны архірэй называўся першынствуючым членам Свяцейшага Сінода. Званне члена лічылася пажыццёвым. Пасля 1819 года пастаяннымі членамі Свяцейшага Сінода ў сілу займаемай кафедры сталі мітрапаліты Маскоўскі і Кіеўскі. Астатнія іерархі і іерэі, якія прымалі ўдзел у працы Свяцейшага Сінода, называліся прысутнымі. З часоў імператара Мікалая I свецкія ўлады ўважліва сачылі, каб склад Свяцейшага Сінода мяняўся часцей, а з другой паловы XIX стагоддзя стала традыцыяй прызначаць да ўдзелу ў пасяджэннях на два, рэдка на тры гады. З 1721 года і ажно да рэвалюцыі 1917 года пасяджэнні Свяцейшага Сінода праводзіліся тры разы на тыдзень: у панядзелак, сераду і пятніцу. На час пасяджэнняў у Сінодзе архірэі не вызваляліся ад кіравання сваімі епархіямі. Для пасяджэнняў сінадальныя члены збіраліся на летнюю (з 1 чэрвеня) і зімовую (з 1 лістапада) сесіі. Звычайна прынцыповыя праблемы вырашаліся зімой, другарадныя — летам. З пастаянных членаў Свяцейшага Сінода нязменна засядаў мітрапаліт Санкт-Пецярбургскі. Мітрапаліты Маскоўскі і Кіеўскі звычайна выклікаліся на зімовыя сесіі.
У распараджэнне Сінода былі перададзеныя патрыяршыя прыказы : духоўны, казённы і палацавы, пераназваныя ў сінадальныя, манастырскі прыказ, прыказ царкоўных спраў, канцылярыя раскольніцкіх спраў і друкарская кантора. Распараджэнне царкоўнымі маёмасцямі было ўскладзена на заснаваны пры Сінодзе Манастырскі прыказ, а ў 1724 г. была заснавана Камер-кантора для кіраўніцтва зборамі з манастырскіх вотчын і вытворчасці выдаткаў, у склад якой былі ўключаны свецкія асобы.
Справамі іншых канфесій — хрысціянскіх, але не праваслаўных (каталіцкай, пратэстанцкай і г.д.), а таксама мусульманскай, іудзейскай, будыйскай і іншых ведаў дэпартамент духоўных спраў Міністэрства ўнутраных спраў[17].
Дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Свяцейшы Сінод меў адміністрацыйную, заканадаўчую і судовую ўладу ў Царкве, валодаючы правам выдаваць вызначэнні і ўзаконенні па справах веры, прадстаўляючы іх на зацвярджэнне самадзяржаўнай уладзе.
Прысутнасць валодала ўсімі відамі вышэйшай улады ў рускай праваслаўнай царкве. Заканадаўчая ўлада належала яму як па значэнні яго ў строі царквы ў якасці саборнага ўрада і вышэйшай установы, так і па ўпаўнаважанням ад вярхоўнай улады дзяржавы.
Яму належала права, з адабрэння вярхоўнай улады Расійскай імперыі, вызначаць парадак царкоўнага жыцця:
- абмеркаванне пытанняў аб адкрыцці новых епархій і вікарыяцтваў, установе новых пасад і духоўных навучальных устаноў;
- абранне кандыдатаў на епіскапскія кафедры, зацверджанне і звальненне ігуменаў і ігуменняў манастыроў;
- права суда першай інстанцыі ў дачыненні да епіскапаў, якія абвінавачваліся ў здзяйсненні антыкананічных дзеяўнняў;
- вырашэнне пытанняў аб зняцці свяшчэннага сану і манаскага чыну; рашэнні па шлюбаразводных справах (тады разводы былі забароненыя); наданні свецкіх анафеме;
- адкрыццё новых кафедр, храмаў і манастыроў;
- барацьба з расколамі і ерасямі;
- ажыццяўленне цэнзуры дагматычных і некаторых іншых твораў багаслоўскага, царкоўна-гістарычнага і кананічнага зместу;
- нагляд за правільным вядзеннем метрык;
- засведчанне мошчаў святых і іх кананізацыя, усталяванне новых царкоўных свят і абрадаў, хросных хадоў;
- аб узнагароджанні клірыкаў;
- духоўная асвета насельніцтва і інш.
Рашэнні Свяцейшага сінода выдаваліся ў форме найвышэйша зацверджаных статутаў (напрыклад Статуты духоўнай кансісторыі, духоўных акадэмій, семінарый і вучылішчаў і г.д.), палажэнняў (аб апякунстве догляду ўдоў і сірот духавенства, аб духоўна-навучальным камітэце і інш.), інструкцый (царкоўным старастам) і вызначэнняў Сінода. Яны абнародаваліся ў духоўным ведамстве ўказамі на імя сінадальных кантор, паведамляліся Правячаму сенату і друкаваліся як у складзе пастаноў і распараджэнняў урада, так і ў афіцыйных друкаваных органах Свяцейшага сінода (напрыклад у «Царкоўных ведамасцях» , выдаваліся з 1887 г.), і затым змяшчаліся ў Поўным зборы законаў .
Сучасная ацэнка вынікаў
[правіць | правіць зыходнік]Скасаванне першасвятарскага сану, замена яго «безгаловым» Сінодам, роўна як і знікненне больш чым на 200 гадоў Памесных Сабораў з жыцця Рускай Царквы, з’явілася грубым парушэннем 34-га Апостальскага правіла[5].
Кананічная недасканаласць заснаванай сістэмы кіравання Царквой выявілася ў тым, што з праўлення Пятра I да пачатку Першай сусветнай вайны удзельная вага праваслаўнага насельніцтва не расла, а нават крыху знізілася — з 66 % да 63 %. Царква канчаткова ператварылася ў частку дзяржаўнага апарату імперыі. У афіцыйных дакументах нават тэрмін «царква» быў заменены паняццем «ведамства праваслаўнага вызнання»[4].
Зноскі
- ↑ а б Синод правительствующий (руск.) // Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907 Памылка ў зносках: памылковы тэг
<ref>
; імя "Бракгаўз" вызначана некалькі разоў з розным зместам - ↑ а б в Фирсов С. Л. «Святейший Правительствующий Синод» (руск.)
- ↑ Смолич Игорь Корнильевич «История Русской Церкви. 1700—1917 гг.» § 3. «Духовный Регламент» и учреждение Святейшего Синода
- ↑ а б Указ об учреждении Синода Архівавана 12 снежня 2018. (руск.) // Российское военно-историческое общество
- ↑ а б в Иеромонах Михаил (Чепель) НЕКОТОРЫЕ АСПЕКТЫ ВЛИЯНИЯ ЦЕРКОВНОЙ РЕФОРМЫ ПЕТРА I НА ЖИЗНЬ РОССИЙСКОГО ПРАВОСЛАВИЯ (руск.)
- ↑ «Хрысціянства: стагоддзе за стагоддзем. Нарысы па гісторыі хрысціянскай Царквы» (руск.)
- ↑ Гісторыя Рускай Царквы: сход аўтараў (руск.)
- ↑ Прот. Владислав Цыпин «Государственная церковь» (руск.) // «Православная Энциклопедия»
- ↑ П. В. Знаменский «Руководство к русской церковной истории Период V. Синодальный 1.Церковное управление» (руск.)
- ↑ Никольский Н. М. «История русской церкви». — 2-ое изд., Московский рабочий, ОГИЗ, Москва-Ленинград, 1931 (руск.)
- ↑ А. Ю. Полунов «Синод в Русской Православной церкви» (руск.) // Megabook
- ↑ ПРОТОИЕРЕЙ ГЕОРГИЙ МИТРОФАНОВ «ИСТОРИЯ РУССКОЙ ПРАВОСЛАВНОЙ ЦЕРКВИ (1900—1927)» Предсоборное Присутствие (руск.)
- ↑ Моисеев В. В. «История государственного управления в России» Directmedia, 2018. 628 стр. (руск.)
- ↑ ВЫСШИЙ ЦЕРКОВНЫЙ СОВЕТ (руск.) // „Православная Энциклопедия“
- ↑ СВЯТЕЙШИЙ СИНОД (руск.) // Энциклопедия "Древо"
- ↑ Прибавления к Церковным ведомостям, 1918, № 7/8, с. 323, Тарасов К. К. К 80-летию восстановления Патриаршества// Богословские труды, 1998, вып. № 34, сс. 186-19 (руск.)
- ↑ СВЯТЕЙШИЙ ПРАВИТЕЛЬСТВУЮЩИЙ СИНОД Архівавана 6 сакавіка 2019. (руск.) // Страницы истории
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Синод правительствующий (руск.) // Энцыклапедычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп.). — СПб., 1890—1907
- П. В. Знаменский «Руководство к русской церковной истории» Казань, 1870 (руск.)
- «Руководственные для православного духовенства указы Святейшего Правительствующего Синода: 1721—1878 г.» (руск.) — Москва : Тип. М. Н. Лаврова и К , 1879 .- [1], III, 504 с
- Никольский Н. М. «История русской церкви» — 2-ое изд., Московский рабочий, ОГИЗ, Москва-Ленинград, 1931 (руск.)
- Гісторыя Рускай Царквы: сход аўтараў СЕМИНАРИСТ, 2015 г. 156 с. (руск.)
- «Хрысціянства: стагоддзе за стагоддзем. Нарысы па гісторыі хрысціянскай Царквы» Litres, 2017. (руск.)
- Моисеев В. В. «История государственного управления в России» Directmedia, 2018. 628 с. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свяцейшы правячы сінод