Перайсці да зместу

Зомбкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Зомбкі
польск.: Ząbki
Герб
Герб
Краіна
Ваяводства
Павет
Каардынаты
Бурмістр
Малгажата Зыськ
Горад з
Плошча
11,13 км²
Насельніцтва
35 300 чалавек (2018)
Шчыльнасць
3174,8 чал./км²
Часавы пояс
Тэлефонны код
+48 22
Паштовы індэкс
05-091
Аўтамабільны код
WWL, WV
TERC
1434031
Афіцыйны сайт
http://www.zabki.pl/ (польск.)
Зомбкі на карце Польшчы ±
Зомбкі (Польшча)
Зомбкі
Зомбкі (Мазавецкае ваяводства)
Зомбкі

Зомбкі[1] (польск.: Ząbki) — горад у Польшчы, за 10 км на паўночны ўсход ад цэнтра Варшавы, частка Варшаўскай агламерацыі, з усходу прымыкае да варшаўскага раёна Тарговак. Уваходзіць у склад Валамінскага павета Мазавецкага ваяводства, утварае гарадскую гміну. Насельніцтва 35,3 тыс. чалавек (на 2018).

Першапачатковая назва вёскі Воля Замбкова. Вёска заснавана паводле пастановы караля Жыгімонта I Старога ад 13 кастрычніка 1533 года аб размяшчэнні вёскі ў Забельскім лесе. Першы жыхар вёскі быў Ян Замбак з Грохава.

Крыніцы XVI стагоддзя сведчаць, што каралеўская вёска Воля Замбкова знаходзілася на пясчана-балоцістай мясцовасці на ўскрайку Слупецкай пушчы. Тут пражывала 15 сялян, якія ў суседнім фальварку Бродна адбывалі паншчыну па 3 дні ў тыдзень, давалі дзесяціну і іншыя пэўныя павіннасці.

Вёска Воля Замбкова знаходзілася ў 1580 годзе ў Варшаўскім павеце Мазавецкага ваяводства. У 1580 годзе Воля Замбкова змяніла назву на Зомбкі. Уладальнікамі вёскі былі Плятэры. У 1635 годзе Зомбкі пацярпелі ад вялікай паводкі, выкліканай разлівам Віслы.

Больш спрыяльныя ўмовы для ўзбуйнення з’явіліся ў XVII—XVIII стагоддзях, гэтаму спрыялі буйныя эканамічныя і сацыяльныя змены ў эпоху Асветніцтва і хуткае развіццё Варшавы ў той час. У 1795 годзе ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Зомбкі апынуліся пад уладай Прусіі.

Далейшае развіццё вёскі прыпадае на першую палову XIX стагоддзя, зносіны з Варшавай таксама сталі лепшымі. Паводле звестак на 1827 год, Зомбкі налічвалі 36 будынкаў і 206 жыхароў. У 1880-я гады колькасць жыхароў павялічылася да 600. У той час Зомбкі былі часткай уласнасці графскага роду Ронікераў. Падчас паўстання 1830—1831 гадоў у вёсцы стаяла шмат польскіх аддзелаў пад камандаваннем генерала Юзафа Хлапіцкага. Зомбкі былі тады на першым плане бітвы пад Грохавам. Месца бітвы ўвекавечана помнікам.

У канцы XIX стагоддзя граф Ронікер пабудаваў у Зомбках дзве цагельні і вузкакалейную чыгунку ў напрамку Бродна, што павялічыла ўзровень занятасці насельніцтва. У 1862 годзе была запушчана Пецярбургска-Варшаўская чыгунка, што выклікала прыток насельніцтва і ажыўленне эканомікі. У тым жа годзе была створана першая школа. У 1903 годзе па ініцыятыве Варшаўскага таварыства медыцынскай дапамогі і догляду душэўна і нервова хворых ў вёсцы Дрэўніца была створана псіхіятрычная бальніца, якая працуе і па сённяшні дзень.

У 1912 годзе частка маёмасці графа Ронікера была парцэлявана паводле конкурснага праекта прафесара Тадэвуша Талвінскага, і пачалося стварэнне горада-саду. Гэтая ўрбаністычная ідэя была рэалізавана толькі часткова. Пасля Першай сусветнай вайны была створана Драўніцкая лясная інспекцыя.

У міжваенны перыяд на базе мясцовых цагельняў аднавілася мураванае будаўніцтва. Да нашых дзён захавалася некалькі аб’ектаў, якія маюць гістарычную каштоўнасць. Будаваліся вілы для генералаў Уладзіслава Сікорскага і Казіміра Саснкоўскага, віцэ-прэзідэнта Варшавы М. Янкоўскага і многіх іншых дзеячаў, таксама са свету культуры.

У 1918 годзе было завершана будаўніцтва першага драўлянага касцёла і створаны прыход.

У 1920 годзе падчас польска-савецкай вайны ў Зомбках быў арганізаваны часовы шпіталь для параненых, удзельнікаў бітвы пад Восавам. Многія салдаты памерлі ад ран і былі пахаваны на старых могілках у Зомбках. Напярэдадні бітвы ксёндз Ігнацы Скарупка цэлебраваў святую імшу на гары перад касцёлам.

У 1927 годзе быў заснаваны спартыўны клуб «Ząbkowia». З-за частых пажараў, якія спусташалі Зомбкі, у 1925 годзе была створана Добраахвотная пажарная каманда. У канцы 1930-х гадоў Зомбкі налічвалі 3000 жыхароў. У 1934 годзе пачала працаваць паштовая служба, а ў 1935 годзе ў частку Зомбкаў была праведзена электрычнасць.

Другая сусветная вайна перапыніла будаўніцтва школы і будаўніцтва парафіяльнага касцёла. Нямецкая акупацыя працягвалася з 14 верасня 1939 года па 13 верасня 1944 года.

У 1967 годзе Зомбкі атрымалі статус горада, пасля 1969 года былі пабудаваны першыя жылыя дамы ў раёне вуліц Стэфана Баторыя і Войска Польскага (праект Веслава Вечаркевіча).

Зноскі