Польска-савецкая вайна
Польска-савецкая вайна | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Грамадзянская вайна ў Расіі | |||
Дата | 14 лютага 1919 – 18 сакавіка 1921 | ||
Месца | Польшча, Беларусь, Украіна, Літва, Латвія | ||
Вынік | Перамога Польшчы. Рыжскі мірны дагавор | ||
Змены | Анэксія Польшчай Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны | ||
Праціўнікі | |||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Польска-савецкая вайна, таксама Польска-бальшавіцкая вайна, Польска-расійская вайна 1919—1921 (польск.: wojna polsko-bolszewicka, руск.: советско-польская война) — вайна Польшчы з аб’яднанымі савецкімі рэспублікамі на чале з Савецкай Расіяй.
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У перыяд адраджэння Польскай дзяржавы (1918—1919) была створана Войска Польскае. Кіраўніцтва Польшчы на чале з Юзафам Пілсудскім не жадала абмяжоўвацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі, імкнулася далучыць беларускія, літоўскія, украінскія землі да сваёй дзяржавы. У снежні 1918 дэкрэтамі польскага ўрада да Польшчы былі далучаны Бельскі павет Гродзенскай і Аўгустоўскі павет Сувалкаўскай губерняў. У ходзе бітвы за Вільню (31 снежня 1918 — 5 студзеня 1919) на некаторы час большая частка горада апынулася пад кантролем палякаў, але пад ударамі бальшавікоў абаронцы былі вымушаны пакінуць горад.
Баявыя дзеянні
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове лютага 1919 Польшча распачала ваенныя дзеянні супраць савецкіх рэспублік. Пачынаючы з 14 лютага 1919 паўночная група польскіх войскаў пад камандаваннем генерала Вацлава Івашкевіча заняла большую частку Гродзенскай губерні, павяла наступленне ў напрамку Вільні і Ліда — Маладзечна, паўднёвая — на Баранавічы — Мінск і Кобрын — Пінск, разгортваліся ваенныя дзеянні і на тэрыторыі Украіны. 22 красавіка 1919 была занята Вільня. Польскія войскі паступова прасоўваліся на тэрыторыю Беларусі. У сакавіку-красавіку 1919 яны занялі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы.
Урад РСФСР заявіў пратэст ураду Польшчы, ЦВК Расіі прыняў 1 чэрвеня 1919 пастанову аб аб’яднанні ваенных сіл савецкіх рэспублік. Аднак спыніць наступленне польскіх войск не здолеў. 1 ліпеня 1919 апошнія разгарнулі паспяховае наступленне, а 8 жніўня занялі Мінск. У сярэдзіне жніўня яны кантралявалі практычна ўсю тэрыторыю Літоўска-Беларускай ССР, а таксама шэраг раёнаў Украіны. У Беларусі лінія фронту праходзіла па р. Бярэзіна, ва Украіне — па р. Славечна — г. Наваград-Валынскі — г. Магілёў-Падольскі.
Увосень 1919 Ю. Пілсудскі спыніў наступленне, каб паспрыяць Чырвонай Арміі разграміць армію генерала Антона Дзянікіна, які пагражаў Маскве — Дзянікін адмовіўся прызнаць незалежнасць Польшчы, выступаючы з лозунгам «адзінай і непадзельнай Расіі». У гэты час 1919 праходзілі польска-савецкія мірныя перагаворы ў Белавежы, а затым у Мікашэвічах. Аднак яны аказаліся безвыніковымі. Польскі ўрад адхіліў мірныя прапановы савецкага боку, які згаджаўся на тэрытарыяльныя саступкі.
У сакавіку 1920 польскія войскі правялі лакальнае наступленне, захапілі Мазыр, Калінкавічы, Оўруч, перарэзалі чыгунку паміж Заходнім і Паўдрёва-Заходнім франтамі Чырвонай Арміі; у красавіку 1920 пры падтрымцы палкоў С. Пятлюры захапілі Корасцень, Жытомір, Казацін, 6 мая — Кіеў.
12 мая 1920 ў Савецкай Расіі абвешчана ваеннае становішча, на польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. 28 красавіка 1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення. Галоўны ўдар наносіў Заходні фронт праз Беларусь на Варшаву; часці Паўднёва-Заходняга фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне франтоў накіраваны стралковыя і кавалерыйсікя дывізі.
Неўзабаве Заходні фронт пачаў наступаць. 16-я армія фарсіравала Бярэзіну паміж прытокамі Бобр і Клява і рушыла ў напрамку Мінска. Польскае камандаванне падцягнула рэзервы з літоўскай граніцы і контрударам прымусіла савецкія войскі адысці на зыходныя рубяжы.
Наступленне польскіх войск ва Украіне было затрымана. Паўднёва-Заходні фронт, падмацаваны 1-й Коннай арміяй, нанёс паражэнне 3-й і 6-й польскім арміямі 12 чэрвеня 1920 заняў Кіеў.
4 ліпеня 1920 ударная група Заходняга фронту разбіла польскія войскі каля Полацка і рушыла да Вільні і Маладзечна, 16-я армія фарсіравала Бярэзіну і 11 ліпеня 1920 заняла Мінск. Мазырская группа наступала ўздоўж чыгункі Мазыр — Брэст. 14 ліпеня войскі Заходняга фронту захапілі Вільню, 19 ліпеня фарсіравалі Нёман і Шчару і выйшлі на тэрыторыю Польшчы. Ва Украіне Чырвоная Армія разбіла польскія войскі пад Роўнам, 11 ліпеня заняла Сарны, Роўна, Камянец-Падольскі.
У канцы ліпеня ў Беластоку створаны Польскі часовы рэвалюцыйны камітэт (Польрэўком), у склад якога ўвайшлі Ю. Мархлеўскі (старшыня), Ф. Дзяржынскі, Ф. Кон, Э. Прухняк, І. Уншліхт. 30.7.1920 Польрэўком выдаў маніфест, у якім падкрэслівалася, што Чырвоная Армія прыйшла на тэрыторыю Польшчы не дзеля таго, каб заняволіць яе, а для дапамогі польскаму народу ў яго барацьбе за сацыяльнае вызваленне. У савецкім тыле фарміравалася 1-я Польская Чырвоная Армія.
Да канца ліпеня 1920 савецкія войскі падышлі да Варшавы і Львова. Пачалося наступленне на Варшаву.
Аднак у ходзе Варшаўскай аперацыі ў канцы ліпеня — першай палове жніўня 1920 Чырвоная Армія пацярпела разгромнае паражэнне. З 17.8. польскія войскі перайшлі ў татальнае наступленне, заходзілі ў тыл злучэнням Захдняга фронту. 4-я армія, 3-і конны корпус, 2 дывізіі 15-й арміі вымушаны былі адступіць на тэрыторыю Усходняй Прусіі, дзе былі інтэрніраваныя. Да 25.8. войскі Заходняга фронту адышлі на лінію Ліпск — Свіслач — на ўсход ад Брэста.
Гэта паражэнне Чырвонай Арміі, якое ў польскай літаратуры атрымала назву «Цуд на Вісле», было абумоўлена шэрагам прычын. Перш за ўсё, была пераацэнена гатоўнасць рабочых і сялян Польшчы падтрымаць наступленне Чырвонай Арміі. Кіраўніцтва Савецкай Расіі і Камуністычнай партыі разлічвала, што паход савецкіх войск у Польшчу будзе судзейнічаць разгортванню сусветнай сацыялістычнай рэвалюцыі, але гэтага не адбылося. Абмежаваныя матэрыяльныя рэсурсы савецкай краіны не далі магчымасці забяспечыць усім неабходным войскі фронту. У выніку перавага ў колькасці войск, узбраення і матэрыяльнага забеспячэння была на польскім баку. Акрамя таго, савецкае камандаванне зрабіла памылкі стратэгічнага і тактычнага характару.
Польскія войскі выкарысталі ініцыятыву і ў верасні-кастрычніку 1920 прасунуліся на ўсход, захапіўшы Мінск. Крыху пазней яны зноў адступілі.
Вынікі
[правіць | правіць зыходнік]12 кастрычніка 1920 ў Рызе падпісаны дагавор аб перамір’і і ўмовах міру, а 18 сакавіка 1921 Рыжскі мірны дагавор, які вызначыў новую ўсходнюю мяжу Польшчы.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 195—197. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
- Пашкевіч А. «Прыходзь да нас, суседзе дарагі» // Наша гісторыя, № 2, 2019, с. 25-31. ISBN 2617—2305