Перайсьці да зьместу

Пятрусь Макаль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пятрусь Макаль
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Пётар Міхайлавіч Мака́ль
Нарадзіўся 25 жніўня 1932
Сьцяг Польшчы Крушыняны, Беластоцкае ваяводзтва
Памёр 31 жніўня 1996 (64 гады)
Нацыянальны сьцяг Беларусі
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, драматург, перакладнік
Гады творчасьці 1949—1995
Мова беларуская
Дэбют 1949
Прэміі Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова (1980)
Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1984)
Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com

Пятру́сь (Пё́тар Міха́йлавіч) Мака́ль (25 жніўня 1932, в. Крушыняны, Беластоцкага ваяводзтва, Другая Рэч Паспалітая — 31 жніўня 1996) — беларускі паэт, драматург, перакладнік. Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1994).

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і Міхаіла і Людмілы. Пасьля прыходу Саветаў у 1939 року зямлю адабралі, і бацька пайшоў працаваць фінагентам у Крушынянскі сельсавет. У 1944 сям’я пераехала ў Саратаўскую вобласьць. Тут у 1946 рэпрэсаваны і сасланы ў Комі АССР Міхаіл Макаль, а ягоная жонка зь Петрусём вяртаюцца на Гарадзеншчыну[1].

Пятрусь скончыў сямігодку і ў 1947 паступіў у Гарадзенскі будаўнічы тэхнікум. Аднак тэхнікум пераводзяць у Магілёў, і адвучыўшыся 2 гады, Пятрусь Макаль паступіў у Гарадзенскі пэдагагічны інстытут (скончыў у 1953). Працаваў у абласной газэце «Гродзенская праўда». У 1954—1956 служыў у войску, пасьля пераехаў у Менск.

Працаваў рэдактарам аддзелу культуры і навукі часопісу «Маладосць» (1957—1960), навучаўся на Вышэйшых літаратурных курсах пры Саюзе пісьменьнікаў СССР (1960—1962). Пасьля загадваў аддзелам літаратуры ў газэце «Літаратура і мастацтва» (1962—1963), быў рэдактарам рэпэртуарна-рэдакцыйнае калегіі Міністэрства культуры БССР (1965—1966), памочнікам галоўнага рэжысэра па рэпэртуарнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача (1966—1975). З 1975 — літкансультант СП БССР. З 1978 — старэйшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». У 1980—1983 — рэдактар аддзелу паэзіі часопісу «Маладосьць». З 1983 на творчай рабоце. Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1953.

Друкавацца пачаў з 1949 (газэта «Гродзенская праўда»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Першы сьлед» (1955), «Вятрам насустрач» (1958), «Вечны агонь» (1960), «Круглы год» (1964), «Вакно» (1967), «Вершы» (выбранае, 1968), «Дотык да зямлі» (1975), «Поле» (1978), «Заручыны» (выбранае, 1979), «Смак яблыка» (1981), «Калыска долі» (1984), «Асеньняя пошта лістоты» (1987), «Азбука любві» (1989), «Лагода» (1992), «Твар і душа» (1995). Для дзяцей выдаў кнігі «Хлопчык будзіць сонца» (1966), «Песьня згоды» (вершы, паэмы, казкі, 1983), «Чарадзейная скарбонка» (вершы, казкі, загадкі, 1987), «Я гатую абед» (паэма, 1989). У 1982 выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамох.

Творы Петруся Макаля перакладзеныя на ангельскую, нямецкую, гішпанскую, польскую й іншыя мовы.

У суаўтарстве з Артурам Вольскім напісаў п’есу «За лясамі дрымучымі» (1959, 1961, пастаўленая ў 1958) і «Марынка-крапіўніца» (пастаўленая ў 1963). Аўтар п’ес «Адчыніце, казьляняткі!» (1972, пастаўленая ў 1970), «Дай вады, калодзеж!» (1974, пастаўленая ў 1971), «На ўсіх адна бяда» (1977, пастаўленая ў 1976). Усе яны напісаныя ў вершах паводле фальклёрных матываў і ставіліся Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача й іншымі тэатрамі краіны. Таксама аўтар лібрэта араторыі «Запрашэньне ў краіну маленства» (музыка Аўгена Глебава, 1974).

Займаўся перакладамі са славянскіх моваў. Пераклаў зборнік сучаснай славацкай паэзіі «Татры пяюць» (1976), зборнік вершаў Міраслава Валека «Крылы» (1978); з расейскай мовы Алега Шасьцінскага «Помню і люблю» (1978) і інш.

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Сяргей Чыгрын. Родам зь Беласточчыны. Пятрусь Макаль. — 1 кастрычніка 2000. — № 40 (2316).
  2. ^ Дз.У. Стэльмах. Макаль Пятрусь // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 2: Лабанок — Яшчур. — С. 66. — 4000 ас. — ISBN 985-11-0259-8 (т. 2), ISBN 985-11-0254-7

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]