Перайсьці да зьместу

Паўлюк Трус

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Паўлюк Трус
лац. Paŭluk Trus
Паўлюк Трус. Фота з архіва Адама Бабарэкі, 24/Х 25
Паўлюк Трус. Фота з архіва Адама Бабарэкі, 24/Х 25
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы П. Вясковы, Шавец, Себасьцян Старобінскі
Нарадзіўся 6 траўня 1904(1904-05-06)
Памёр 30 жніўня 1929(1929-08-30) (25 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, журналіст, публіцыст
Гады творчасьці 1923—1929
Жанр паэзія і публіцыстыка
Мова беларуская мова[1]
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Трус.

Паўлю́к Трус (сапр. — Па́вал Ада́мавіч Трус; 6 траўня 1904, в. Нізок, Узьдзенскі раён, Менская вобласьць — 30 жніўня 1929, Менск) — беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сям’і малазямельных сялянаў Адама Емяльянавіча і Ганны Міхайлаўны. Спаконвечнаю сялібаю роду Трусаў была вёска Старое Сяло, але незадоўга да нараджэньня Паўлюка вёска згарэла праз навальніцу і сям’я адбудавалася ў найбліжэйшым Нізку. Меў брата Міхася і сёстраў Марыю і Веру. З малых гадоў дапамагаў па гаспадарцы. Першым зь дзяцей пачаў парабкаваць. У дзесяць гадоў хадзіў за бараною, крыху пазьней вазіў з бацькам узімку лес да Вусы на сплаў, у дванаццаць браў першыя ўрокі аратага, у пятнаццаць дапамагаў пры касьбе[2].

Першую адукацыю атрымаў у вясковай школе, дзе таксама сьпяваў у хоры і маляваў вясковыя краявіды. У 1918—1923 гадох навучаўся ва Ўзьдзенскай вышэйшай пачатковай вучэльні, пазьней рэарганізаванай у сямігодку, дзе моцна пасябраваў з Алесем Якімовічам і Пятром Глебкам[3]. Некаторыя іх вершы зьмяшчаліся ў насьценнай газэце. Пятро Глебка ўспамінаў, што вучні-аднавяскоўцы называлі будучага паэта «Паўлюк Шастаковых», відаць, праз тое, што яго бацька валодаў шостай часткай сялянскага надзелу, дзьвюма дзесяцінамі зямлі[4].

Улетку 1920 году, знаходзячыся на вакацыях у Нізку, быў рэкрутаваны ў Чырвоную армію. У дарозе хварэў і спрабаваў уцякаць. Паводле пазьнейшых прызнаньняў паэта, яго лавілі і білі (гэтыя падзем адлюстраваліся ў вершах «Ліпнёвае» і «З успамінаў абозьніка»). Вярнуўшыся з вайны, жыў у роднай хаце і дапамагаў бацьку па гаспадарцы[5].

Літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк»: Паўлюк Трус — трэці зьлева, 1924—1925

У 1923—1927 вучыўся ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме ў Менску. Наведваў лекцыі Якуба Коласа, Міхайла Грамыкі, А. Круталевіча, В. Баташэвіча, М. Рыдзеўскага, Усевалада Ігнатоўскага, сустракаўся зь Янкам Купалам, Цішкам Гартным, Міхасём Чаротам і Язэпам Лёсікам. Пасябраваў зь Язэпам Пушчам, Максімам Лужаніным, Сяргеем Дарожным, Зінаідай Бандарынай і многімі іншымі[5]. Быў пастаянным удзельнікам студэнцкага хору. Наладжваў пастаноўкі п’есаў, быў акторам, маляваў дэкарацыі. Рэдагаваў насьценную газэту. Паводле словаў П. Глебкі, «ні адна газэтаў тэхнікуме не выходзіла безь яго ўдзелу»[6]. Разам з Максімам Лужаніным і Пятром Глебкам выпускаў вусную сатырычную газэту «Чырвоны прамень» пад псэўданімам «Шавец». У той час Паўлюк Трус кватараваў у свайго дзядзькі Ігнася Нісьцюка — шаўца паводле прафэсіі (адкуль і псэўданім). Актыўна друкаваўся ў газэтах і адначасова займаўся апрацоўкай фальклёрна-паэтычных матэрыялаў для кампазытараў Уладзімера Тэраўскага, Нестара Сакалоўскага, Рыгора Пукста, Ісака Любана.

Паўлюк Трус на першым зьезьдзе маладнякоўцаў

У 1925 прыняты ў літаратурнае аб’яднаньне «Маладняк». Раз на тыдзень наведваў паэтычную студыю, дзе слухаў лекцыі Адама Бабарэкі. Наведваў школы і рабочыя клюбы, прымаў удзел у літаратурных дыскусіях. У гэтым жа годзе ўдзельнічаў у першым зьедзе літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк» і быў абраным у ягоны сакратарыят.

У 1926 усьлед за групай пісьменьнікаў выйшаў з «Маладняка», аднак пасьля настаўленьняў П. Галавача, М. Чарота і М. Зарэцкага, прысаромлены і запалоханы, вярнуўся ў арганізацыю. У чэрвені 1927 атрымаў дыплём настаўніка сямігодкі і Цэнтральнае бюро «Маладняка» прапанавала паэту рэдактарскую пасаду ў Менску, але, нечакана для ўсіх, вырашыў пакінуць сталіцу і ўладкавацца ў Гомелі на пасадзе сакратара газэты «Новая деревня». У лісьце да Янкі Ліманоўскага ад 20 чэрвеня 1926 напісаў: «Перад тым, як пераводзіцца ва ўнівэрсытэт, я думаю год ці 1,5 папрацаваць»[7]. Ліпень 1927 правёў у Нізку дапамагаючы бацькам па гаспадарцы.

5 жніўня 1927 разам зь іншымі пісьменьнікамі-маладнякоўцамі па пуцёўцы Наркамасьветы на два тыдні выправіўся ў Крым, а ў верасьні паехаў на працу ў Гомель, дзе акруговы аддзел народнай асьветы вызначыў яму пастаяннае месца працы ў Рэчыцкай дзевяцігодцы настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Але ў Рэчыцу не паехаў, бо ў першыя ж дні ўладкаваўся ў акруговую сялянскую газэту «Новая деревня». Пасьля ліквідаваньня газэты празь некалькіх месцаў перайшоў на пасаду загадчыка беларускага аддзела ў газэту «Палеская праўда».

Акрамя рэдакцыйнай працы актыўна займаўся асьветніцкай дзейнасьцю на нядўна далучанай да БССР Гомельшчыне:

« Калі я стаў сустракацца зь людзьмі, якія ня ведаюць і нават ня хочуць прызнаць, што існуе нейкая Беларусь, не гаворачы ўжо аб яе багатым гістарычным мінулым, то гэта яшчэ больш надавала мне ахвоты абудзіць у людзей забытую імі нацыянальную сьвядомасьць, абудзіць сярод іх любасьць да Беларусі, у прыватнасьці да беларускае мовы і літаратуры[7] »
Беларускія пісьменьнікі ў вайсковым лягеры. Паўлюк Трус шосты зьлева ў другім радзе, 1926

У Рэчыцы, Увараўскім і Буда-Кашалёўскім раёне ладзіў вакальна-літаратурныя вечары, на якіх неадменна чытаў свой даклад «Беларусь і яе культура», знаёміў слухачоў з навінамі беларускай літаратуры, дэклямаваў свае вершы. Пасьля Гомеля вярнуўся ў Менск. У жніўні 1928 зрабіў падарожжа ў Капыль, дзе яго сустракаў Мікола Хведаровіч, і наведаў маці Цішкі Гартнага Яўгенію Антонаўну. Пасьля Каплыя адправіўся ў Нізок да хворае маці, якая памерла 16 сьнежня 1928. Зь невядомых прычын Паўлюк Трус на пахаваньні не прысутнічаў.

У верасьні 1928 стаў студэнтам літаратурна-лінгвістычнага аддзяленьня пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Узімку 1928 жыў у пакойчыку Міколы Хведаровіча на вул. Шпітальнай. Пасьля знайшоў сабе кватэру ў раёне сучаснай Серабранкі. Узімку 1929 уладкаваўся на працу ў Беларускі радыёкамітэт як супрацоўнік літаратурнай рэдакцыі.

Пасьля здачы экзамэнацыйнай сэсіі за першы курс улетку 1929, пагасьціўшы ў Нізку, аправіўся ў падарожжа па Магілёўшчыне і вярнуўся ў Менск у сярэдзіне жніўня. Па дарозе дамоў адчуў як штохвілінна мацнеюць сымптомы невядомай хваробы. Наведаў сяброў, якія адпачывалі ў Ждановічах пад Менскам. Адчуўшы сябе зусім кепска, пакінуў Ждановічы і пехатаю дабраўся да гарадзкой бальніцы, ужо з высокай тэмпэратурай. Выратаваць паэта лекарам не ўдалося.

Памёр 30 жніўня 1929 ад тыфу ва ўзросьце дваццаці пяці гадоў. На хаўтурах паэта прысутнічалі шматлікія пісьменьнікі, паэты і прадстаўнікі ЦК КП(б)Б. Тагачасная пэрыёдыка надрукавала шматлікія нэкралёгі і жалобныя словы ад Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў, літаратурных аб’яднаньняў «Узвышша» і «Полымя». Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску.

Друкавацца пачаў з 1923 году. У 1923—1924 публікаваўся ў газэтах «Радавая рунь», «Малады араты», «Савецкая Беларусь», «Чырвоная зьмена», часопісах «Беларускі піянэр», «Маладняк», «Полымя» і інш. У газэце «Беларуская вёска» друкаваў вершы, фэльетоны, дасьціпныя прыпеўкі, кансультаваў і апрацоўваў допісы карэспандэнтаў (з 30 верасьня да 17 сьнежня 1924 у газэце было надрукавана каля дзесяці твораў паэта)[8].

У 1925 годзе выдаў зборнік паэзіі «Вершы», апублікаваў больш за шэсьцьдзясят сваіх твораў у беларускай пэрыёдыцы.

У 1928 разам зь Міколам Хведаровічам стварыў сэрыю літаратурных пародыяў пад агульным псэўданімам Себасьцян Старобінскі, якія былі надрукаваныя ў «Маладняку» (1929, № 4)

Аўтар зборнікаў паэзіі «Вершы» (1925) і «Ветры буйныя» (1927). Рыхтаваў трэці зборнік пад назваю «Чырвоныя ружы» і працаваў над паэмаю «Сірата Алеся».

Пасьмяротна выйшлі «Творы» (1935), кнігі Выбраных твораў (1931, 1940, 1941, 1946, 1949, 1953, 1958, 1967, 1977, 1979), «Новай квадры настаў маладзік» (вершы і паэмы, 1984). Для дзяцей была выдадзеная кніга паэзіі «Падаюць сьняжынкі» (1983).

Ушанаваньне памяці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гонар Паўлюка Труса названая вуліца ў Менску.

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Запартыка Г. «На сцежках светлай вясны…» Жыццё і творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 2004. — № 5. — С. 68.
  3. ^ Гарэлік Л. Залатое ранне паэзіі. Творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 1994. — № 5. — С. 8.
  4. ^ Гарэлік Л. Залатое ранне паэзіі. Творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 1994. — № 5. — С. 9.
  5. ^ а б Запартыка Г. «На сцежках светлай вясны...» Жыццё і творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 2004. — № 5. — С. 69.
  6. ^ Глебка П. Паўлюк Трус / Паэзія барацьбы і перамогі. — Мн., 1973. — С. 171
  7. ^ а б Запартыка Г. «На сцежках светлай вясны...» Жыццё і творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 2004. — № 5. — С. 71.
  8. ^ Запартыка Г. «На сцежках светлай вясны...» Жыццё і творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 2004. — № 5. — С. 70.
  • Трус Паўлюк // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  • Паўлюк Трус // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 388. — 511 с ISBN 985-03-0216-X
  • Запартыка Г. «На сцежках светлай вясны...» Жыццё і творчасць Паўлюка Труса // Роднае слова. — 2004. — № 5. — С. 68—75.
  • Трус М. Невядомы пераклад верша Паўлюка Труса // Роднае слова. ‒ 2024. ‒ № 9. ‒ С. 28-29.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]