Карыбскае мора
Карыбскае мора | |
Мапа Карыбскага мора | |
Месцазнаходжаньне | Цэнтральная Амэрыка |
---|---|
Тып вадаёма | Мора |
Асноўныя рэкі | Магдалена, Атрата, Чагрэс, Сан-Хуан, Кока, Матагуа |
Марскія вытокі | Атлянтычны акіян |
Краіны вадазбору | |
Плошча паверхні | 2754000 км² |
Сяр. глыбіня | 250 м |
Найб. глыбіня | 7686 м |
Аб’ём вады | 6860000 км³ |
Замярзаньне | не |
Астравы | Вялікія і Малыя Антыльскія астравы |
Кары́бскае мо́ра — мора ў Атлянтычным акіяне, разьмешчанае ў тропіках Заходняга паўшар’я. Атачаецца краінамі Цэнтральнай Амэрыкі: Панамай на паўднёвым захадзе, Коста-Рыкай, Нікарагуа, Гандурасам, Гватэмалай, Бэлізам і Мэксыкай на захадзе, на поўначы — Вялікімі Антыльскімі астравамі (Куба, Ямайка, Эспаньёла і Коста-Рыка), і на ўсходзе — Малымі Антыльскімі астравамі[1][2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Калі гішпанцы прыбылі на Антыльскія астравы, яны былі заселеныя індзейцамі таіна, якія прыкладна ў I стагодзьдзі да н. э. мігравалі туды з Паўднёвай Амэрыкі. У 1492 годзе першая экспэдыцыя Хрыстафора Калюмба высадзілася на Багамах, знаходзячыся ў поўнай упэўненасьці, што імі быў адкрыты новы шлях у Азію. На востраве, які атрымаў назву Эспаньёла, было заснавана першае гішпанскае паселішча, якое паклала пачатак панаваньня Гішпаніі ў рэгіёне. З 1506 па 1511 гады з удзелам Эрнана Картэса й Дыега Вэляскеса дэ Куэльяру астравы Эспаньёла й Куба былі заваяваны, а мясцовае насельніцтва пераўтворана ў рабоў. У 1517 годзе Франсіска Эрнандэс дэ Кордава адкрыў паўвостраў Юкатан, дзе гішпанцы ўпершыню сустрэліся з разьвітой цывілізацыяй мая. Далейшыя экспэдыцыі Хуана дэ Грыхальвы (1518) і Эрнана Картэса (1519) паклалі пачатак заваёвы й калянізацыі Мэксыкі.
Іншыя эўрапейскія імпэрыі таксама сталі пашырацца на захад, накіроўваючы караблі ў Новы Сьвет. Першыя брытанскія калёніі зьявіліся на Бэрмудзкіх астравах (1612), астравах Сэнт-Кітс (1623) і Барбадас (1627) і былі затым выкарыстаны для калянізацыі іншых астравоў рэгіёну. Француская Вэст-Індыя таксама пачалася з вострава Сэнт-Кітс (1624), затым былі заснаваныя паселішчы на астравах Гвадэлюпа й Мартыніка (1635). Брытанія й Францыя таксама пасьпяхова адваёўвалі астравы ў слабеючай Гішпанскай імпэрыі: у 1655 годзе пад кантролем ангельцаў апынулася Ямайка, а ў 1697 годзе французы захапілі заходнюю частку Эспаньёлы. У XVII стагодзьдзі на астравах Кюрасао, Сэн-Мартэн, Аруба й шэрагу іншых зьявіліся галяндзкія калёніі, якія пазьней увайшлі ў склад Нідэрляндзкіх Антыльскіх астравоў. Дацкія ўладаньні ў рэгіёне зьявіліся ў 1672 годзе на астравах Сэнт-Джон і Сэнт-Томас.
Эўрапейскія дзяржавы актыўна завозілі афрыканскіх рабоў і вывозілі прадукцыю сельскай гаспадаркі (тытунь, цукар, фарбавальнікі) і каштоўныя мэталы (золата й срэбра), выкарыстоўваючы для гэтага нават спэцыяльныя флятыліі. Рэгіён Карыбскага мора ператварыўся ў пляцоўку гандлю новымі для Эўропы таварамі, што пацягнула разьвіцьцё пірацтва.
Адным зь першых капэраў на службе каралевы Вялікабрытаніі быў Фрэнсіс Дрэйк, найбольш вядомы захопам гішпанскага Срэбранага каравана ў порце Номбрэ-дэ-Дыяс у 1572 годзе. Ягоную справу працягнуў Гэнры Морган, які распачаў у 1671 годзе вядомы паход на Панаму і стаў пазьней віцэ-губэрнатарам Ямайкі. Росквіт пірацтва прыпаў на 1700—1730 гады, якія нараклі залатым векам пірацтва. За гэты час праславіліся Чорная барада і Стыд Бонэт, якія дзеялі ў Карыбскім моры ў 1716—1718 гадах, а таксама Чарлз Вэйн, чыя кар’ера доўжылася з 1716 па 1719 гады. Выславёны Барталам’ю Робэртс, а таксама Джэк Рэкгэм і ягоныя сяброўкі Эн Боні ды Мэры Рыд верхаводзілі ў Вэст-Індыі да 1720 году. Важнай крыніцай зьвестак аб біяграфіі гэтых і іншых піратаў ёсьць кніга Чарлза Джонсана, якая пабачыла сьвет у 1724 годзе пад назовам «Усеагульная гісторыя рабаваньняў і забойстваў, учыненых самымі знакамітымі піратамі»[3]. Сярод позьніх піратаў вылучаецца Рабэрта Кафрэсі, які чыніў рабаваньні ў рэгіёне ў 1818—1825 гадах.
З ХІХ стагодзьдзя пачаўся працэс вылучэньня каляніяльных краінаў з імпэрыяў. У выніку паўстаньня рабоў француская калёнія Сан-Дамінга першай здабыла незалежнасьць у 1804 годзе. Астатняя частка Эспаньёлы была заваяваная гаіцянамі ў 1821 годзе, але ў 1844 годзе на гэтай тэрыторыі сфармавалася Дамініканская Рэспубліка. Пасьля сэрыі войнаў Куба пры ўмяшаньні ЗША атрымала незалежнасьць ад Гішпаніі ў 1898 годзе, а востраў Пуэрта-Рыка перайшоў пад кантроль да ЗША, якія пачалі гуляць дамінантную ролю ў рэгіёне. У 1903 годзе пры пасярэдніцтве ЗША па аддзяленьні Панамы ад Калюмбіі быў пабудаваны Панамскі канал, які зьвязаў Карыбскае мора зь Ціхім акіянам. Ён пачаў працу 15 жніўня 1914 году і быў пад кіраваньнем ЗША да 31 сьнежня 1999 году. У 1917 годзе Данія прадала свае ўладаньні ў рэгіёне ЗША, у выніку чаго зьвявіліся Амэрыканскія Віргінскія астравы. У часы з 1958 па 1962 гады большая частка кантраляваных Вялікабрытаніяй зямель былі вылучаныя ў Фэдэрацыю Вэст-Індыі, якая затым распалася на асобныя дзяржавы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ The Caribbean Sea (анг.)
- ^ Карыбскае мора (Атлянтычны акіян). Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 8: Канто — Кулі. — 576 с. — ISBN 985-11-0144-3
- ^ «Золотой век пиратства». Пираты морей и океанов.
Гэта — накід артыкула па геаграфіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |