Капачкі Рыт
Капачкі Рыт (па-харвацку: Kopački Rit) — прыродны парк у Бараньі, ва ўсходняй частцы Харватыі. Ён знаходзіцца на граніцы з Сэрбіяй, на паўночны захад ад месца ўпадзеньня Дравы ў Дунай і на паўночны ўсход ад Осіеку. Плошча парку складае 17 700 га. У 1976 годзе найбольш каштоўная ў фаўністычным дачыненьні частка парку плошчай 8000 га была адведзена пад заалягічны заказьнік.
Большая частка тэрыторыі прыроднага парку пакрытая водна-балоцістымі ўгодзьдзямі, Капачкі рыт — адзін з самых вялікіх і добра захаваўшыхся прыкладаў некранутага азёрна-балотнага ляндшафту ў басэйне Дунаю. Парк і яго балоты адпавядаюць крытэрам Рамсарскай канвэнцыі, у сьпіс якой занесеныя ўсе водна-балотныя ўгодзьдзі, якія маюць міжнароднае значэньне. Тэрыторыя ўключана ў сьпіс значных арніталягічных раёнаў — IBA (Значныя арніталягічны тэрыторыя). Капачкі рыт таксама намінаваны ў сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Найбольшую цікавасьць уяўляе арнітафаўна парку. Тут гняздуецца каля 260 відаў птушак (шэрая гусь, белы і чорны буслы, балотны і поплаўны луні, скапа, арлан-белахвост, вялікі баклан, зімародак, зялёны дзяцел, сініца-Рэмезаў, сокал-балабан, розныя віды чаплевых, крачкавых, чаек, качак, кулікоў і многія іншыя). Шмат птушак, пераважна насельнікі водна-балотных угодзьдзяў, выкарыстоўваюць Капачкі рыт як месца для адпачынку падчас сэзонных міграцыяў. Некаторыя віды птушак тут гняздуюцца калёніямі.
У азёрах і сажалках парку водзіцца больш за 40 відаў рыб (шчупак, язь, лінь, лешч, карп, сом, судак, акунь і т. д.). Сярод насельнікаў лясоў — алені, казулі, дзікі, куніцы, ласка, собаль, лясны кот, барсук, выдра. Багатая расьліннасьць, тыповая для водна-балотных угодзьдзяў, шырока прадстаўлена ў парку.
Парк адчынены для наведваньня ў складзе экскурсій. Наведваньне платнае. Рыбалка на ўмовах ліцэнзіі дазволена толькі ў адмыслова адведзеных месцах.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каардынаты: 45°37′ пн. ш. 18°53′ у. д. / 45.617° пн. ш. 18.883° у. д.