15-ы Чэмпіянат Еўропы па футболе 2016 (скарочана «Еўра-2016») — Чэмпіянат Еўропы па футболе, футбольны турнір для зборных еўрапейскіх краін па футболе, які праводзіцца пад эгідай УЕФА. Павінен адбыцца з 10 чэрвеня па 10 ліпеня 2016. У верасні 2008 выканкам УЕФА пастанавіў, што на Еўра-2016 упершыню згуляюць 24 каманды. Краіна правядзення была абраная ў Жэневе 28 мая 2010. Перамогу ў гонцы атрымала кандыдатура Францыі. Чэмпіянат Еўропы гэтая краіна правядзе ўжо ў трэці раз. Такім чынам, заяўка Італіі зноў пацярпела фіяска — у барацьбе за Еўра-2012 італьянцы саступілі сумеснай заяўцы Польшчы і Украіны.
Пераможца гэтага Чэмпіянату Еўропы па футболе стане ўдзельнікам Кубка канфедэрацый 2017 у Расіі.
У галасаванні прынялі ўдзел 13 членаў Выканаўчага Камітэта УЕФА. У першым раўндзе кожны з тых, хто галасуе, павінен быў расставіць тры краіны-кандыдата ў парадку прыярытэту. Краіна, пастаўленая першай, атрымлівала 5 ачкоў, другой — 2 ачкі, трэцяй — 1 ачко. Па выніках першага раўнда краіна, якая набрала найменшую колькасць ачкоў (Італія) выбыла з гонкі, і ў другім раўндзе краіна-гаспадыня Еўра-2016 вызначылася простай большасцю галасоў.
Для таго, каб павялічыць колькасць каманд з 16 да 24, было вырашана дадаць 2 дадатковыя групы па 4 каманды і яшчэ адну стадыю плэй-оф. У плэй-оф выходзяць каманды, якія занялі ў групах першае і другое месцы, а таксама лепшыя чатыры каманды з заняўшых трэція месцы. Падобны фармат дзейнічаў на чэмпіянатах свету па футболе 1986, 1990 і 1994 гадоў.