Чоквэ
Чоквэ (Chibokwe, Kioko, Bajokwe) | |
Жаночая маска чоквэ
| |
Агульная колькасць | 2725100 (2017 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Цэнтральная Афрыка: Ангола — 1490 тыс. |
Мова | чоквэ |
Рэлігія | хрысціянства, анімізм |
Блізкія этнічныя групы | лунда, мбунда, конга |
Чоквэ (саманазвы: Chibokwe, Kioko, Bajokwe) — народ на поўдні Цэнтральнай Афрыкі. Жывуць пераважна ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Анголе, Замбіі, Намібіі. Агульная колькасць (2017 г.) — 2 725 100 чалавек[1].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Згодна паданням саміх чоквэ, першапачаткова яны з'яўляліся адным з высакародных кланаў лунда, што мігрыравалі з дзяржавы Лунда ў XVII ст. на захад. Прынята таксама думка, што чоквэ былі групай мбунда, падначаленай мігрантамі-лунда.
У другой палове XIX ст. набыццё агнястрэльнай зброі дазволіла чоквэ выйсці з падпарадкавання і пачаць паспяховую вайну супраць дзяржавы Лунда. У 1887 г. яны захапілі Мусумбу, сталіцу дзяржавы Лунда і стварылі сваю дзяржаву, разбураную у канцы XIX ст. бельгійцамі.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўнымі заняткамі чоквэ здаўна з'яўляліся ручное земляробства і паляванне. Жывёлагадоўля адыгрывала другасны характар. У XVIII - XIX стст. яны адыгрывалі важную ролю ў арганізацыі пасрэдніцкага гандлю паміж лунда і партугальцамі, у тым ліку ўдзельнічалі ў гандлі рабамі. Традыцыйны від паселішча — родавая вёска каля ракі, што складалася з плеценых сямейных хацін з конусападобнымі дахамі і супольнай хаціны чота з вострым дахам.
Галоўнай сацыяльнай адзінкай з'яўляўся род. Адлік сваяцтва вёўся адначасова па мужчынскай і жаночай лініям. Паколькі жанчыны апрацоўвалі зямлю, то паселішчы звычайна фарміраваліся па матчынай лініі. У часы існавання сваёй дзяржавы зямельныя межы паміж родамі ўсталёўваў манарх. Родам кіравалі старэйшыя мужчыны, але поруч існавалі аб'яднанні жанчын укуле, якія распараджаліся часткай жыцця абшчыны. Ваеннай справай кіраваў правадыр мвана нганга. Ён кантраляваў ваенныя сілы некалькіх абшчын. Асобнае месца займалі рамеснікі і мастакі. Яны падзяляліся на групы фулі і сонгі. Фулі знаходзіліся ў залежнасці ад манарха ці правадыра, а сонгі — ад абшчыны. Акрамя таго, сацыяльны статус чоквэ залежыць ад паходжання. Высакародныя чоквэ лічаць сябе нашчадкамі лунда, а нізкародных чоквэ — нашчадкамі заваяваных народаў.
Чоквэ шырока вядомы сваім мастацтвам, асабліва разьбярствам і пляценнем. Прыклады мастацтва:
Мова
[правіць | правіць зыходнік]Мова чоквэ належыць да групы моў банту. У Анголе мае афіцыйны характар. Тут быў распрацаваны пісьмовы стандарт на аснове лацінкі. З 2012 г. вывучаецца ў школах[2].
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Згодна старажытным уяўленням, сусвет быў створаны вярхоўнай істотай аларун, але ў ім кіруюць духі продкаў махамба, духі прыроды і злыя духі. Чоквэ верылі ў магію і чараўнікоў ванга. Лекаваннем і прадказаннямі займаліся вяшчуны нганга.
У XX ст. большасць вернікаў прынялі хрысціянства.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Chokwe Архівавана 17 красавіка 2016.
- Chokwe — National African Language Resource Center Архівавана 7 лістапада 2017.
- The Politics and Intellect of the Chokwe Tribe
- Chokwe — Art & Life in Africa Архівавана 1 студзеня 2018.
- History of the Ascendency of the Lunda Kingdom