Перайсці да зместу

Хопі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Хопі
(Hopi)
Агульная колькасць 18327 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова хопі
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы піма

Хо́пі (саманазва: Hopi, Hopituh Shi-nu-mu літаральна «з добрымі паводзінамі») — індзейскі народ, частка народаў пуэбла, карэнныя насельнікі паўднёвага захаду ЗША. Агульная колькасць у 2010 г. — 18 327 чалавек.

Паводле міфаў саміх хопі, іх прабацькі выйшлі з дзіркі ў ківе ў раёне Вялікага Каньёна. Археолагі лічаць, што продкі хопі з’явіліся на сучасным паўднёвым захадзе ЗША з Месаамерыкі ў сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э. Каля 700 г. н. э. яны пачалі будаваць сталыя паселішчы, асноўным гаспадарчым заняткам стала земляробства. Прынята атаясамліваць продкаў хопі з часткай прадстаўнікоў культур анасазі і сінагуа. У перыяд высокага сярэднявечча продкі хопі канчаткова аселі на сучасным месцы рассялення.

Першы кантакт паміж хопі і еўрапейцамі адбыўся ў 1540 г., калі чальцы экспедыцыі Франсіска Васкеса дэ Каранада наведалі пуэбла Аватові на тэрыторыі сучаснай Арызоны. У 1583 г. іспанцы паведамлялі, што хопі насяляюць 5 пуэбла, і іх агульная колькасць — 12 000 чалавек. Сталыя кантакты пачаліся толькі з 1629 г. з прыбыццём у краіну хопі 30 місіянераў-францысканцаў. Нягледзячы на імкненне місіянераў хрысціянізаваць мясцовае насельніцтва, хопі захоўвалі старажытныя рэлігійныя традыцыі.

Кантакты паміж хопі і іспанцамі мелі дваістыя наступствы. Хопі пазнаёміліся з новымі земляробчымі культурамі, пачалі займацца садоўніцтвам і жывёлагадоўляй. Разам з гэтым, сярод іх распаўсюджваліся эпідэмічныя захворванні, супраць якіх у індзейцаў не было імунітэту. Спробы хрысціянізацыі натыкаліся на супраціў з боку традыцыйных лідараў. У 1680 г. пуэбла Рыа-Грандэ паўсталі супраць іспанцаў. Хопі падтрымалі паўстанне і выгналі місіянераў са сваіх земляў. У 1700 г. францысканцы ўзнавілі сваю дзейнасць у Аватові, аднак у наступным годзе жыхары іншых паселішчаў разрабавалі пуэбла. Тым не меней, у пачатку XVIII ст. іспанцы здолелі навязаць фармальнае падпарадкаванне і стварыць цывільную адміністрацыю. Пасля 1821 г. краіна хопі была далучана да Мексікі, а яны самі атрымалі мексіканскае грамадзянства. У 1848 г. землі хопі перайшлі да ЗША.

Адной з галоўных праблем хопі сталі напады з боку наваха, якія адбываліся з канца XVII ст. да 1864 г. Наваха захапілі значную частку тэрыторый, прыдатных для жывёлагадоўлі. Пагроза наваха вымушала хопі арыентавацца на саюз спачатку з іспанскімі, потым — з мексіканскімі і амерыканскімі ўладамі. Пасля далучэння да ЗША значная частка зямель трапіла ў рукі прыватных уласнікаў і фактычна была адарвана ад племянных тэрыторый. У 18751882 гг. у выніку перагавораў была створана рэзервацыя, якая ахоплівала толькі 9 % папярэдніх уладанняў. Супраціўленне часткі хопі асіміляцыі прывяло да арышту 19 незадаволеных ў 1895 г.

У 1836 г. рэзервацыя хопі атрымала ўнутранае самакіраванне, была прынята Канстытуцыя. З 1962 г. значныя прыбыткі давала здабыча карысных выкапняў на рэзерваваных землях. Прыкладна ў той жа час узнікла тэрытарыяльная спрэчка паміж рэзервацыямі хопі і наваха. Нягледзячы на ўмяшанне федэральнага ўрада, яна да канца не вырашана. У 1992 г. тэрыторыя рэзервацыі хопі была павялічана да 6 100 км².

Сучасны выгляд пуэбла хопі ў Арызоне

Да прыходу іспанцаў традыцыйным заняткам хопі было ручное земляробства. Яны вырошчвалі на мурожных палетках кукурузу, фасолю, бавоўнік, гарбузы. Земляробства лічылася жаночым заняткам. Жанчыны таксама выраблялі кераміку, кошыкі, удзельнічалі ў пабудове пуэбла. Мужчыны займаліся дадатковымі заняткамі — паляваннем, ткацтвам, апрацоўкай драўніны, пасля — жывёлагадоўляй. З другой паловы XIX ст. распаўсюджана найманне як мужчын, так і жанчын на буйныя сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы.

Традыцыйны тып паселішча — пуэбла. У нашы дні вакол пуэбла будуюцца кампактныя вёскі. Усяго іх налічваецца 11.

Асновай сацыяльнай арганізацыі доўгі час з’яўлялася пашыраная матрылакальная сям'я, якая складалася з некалькіх малых сястрынскіх сем’яў, што вялі агульную гаспадарку, сумесна апрацоўвалі зямлю. Паколькі жанчыны адыгрывалі важную эканамічную ролю, іх становішча ў сям’і было вызначальным. Нават пасля шлюбу сямейная маёмасць падзялялася на мужчынскую і жаночую, прычым зямля і жытло перадаваліся па жаночай спадчыне. Адлік сваяцтва вёўся па жаночай лініі. Кожная пашыраная сям’я мела свой сацыяльны статус. Шлюбу папярэднічалі доўгія перамовы паміж сем’ямі і абмен падарункамі. Сваяцкія сем’і аб’ядноўваліся ў роды, што мелі болей рытуальнае значэнне.

Да стварэння агульнай рэзервацыі кожнае пуэбла з’яўлялася самастойнай палітычнай адзінкай, якая кіравалася спадчынным ваенным правадыром і старэйшынамі. У нашы дні кіраванне адбываецца згодна з Канстытуцыяй, існуе раздзяленне ўлад.

Хопі знакаміты сваёй адметнай керамікай, вырабам лялек-качына, ювелірным мастацтвам. Традыцыйныя святы падпарадкаваны земляробчаму цыклу, суправаджаюцца жартоўнымі пантамімамі, танцамі і флейтавай музыкай. Захаваўся багаты фальклор: казкі, міфы, легенды, гістарычныя паданні.

Родная мова хопі складае асобную галіну ў сям’і юта-ацтэкскіх моў. У нашы дні большасць хопі вывучае яе ў школе, аднак у паўсядзённым жыцці найчасцей карыстаецца англійскай.

Традыцыйная рэлігія хопі заснавана на політэістычных, анімістычных і магічных элементах. Найбольш важныя багі: сонца Тава, бабуля-павук Как’янгвуты, уладар ніжэйшага свету Масаўву, заступнік ураджаяў Таёва. Згодна з міфалагічнымі ўяўленнямі, сусвет быў створаны Тавам у выглядзе некалькіх ярусаў. Людзі, народжаныя Как’янгвуты, раней жылі ў 3 ніжніх светах, у сучасны прыйшлі з пячоры ў Вялікім Каньёне. Сімвалам перасялення з’яўляецца ківа. У XIV—XV стст. з Месаамерыкі прыйшоў культ качына, што ўяўляюцца як духі рэчаў, падзей, фізічных з’яў. Іх выяўляюць у выглядзе лялек або масак на тварах танцораў пантамім. Спадчынныя правадыры звычайна выконваюць функцыі жрацоў.

З XVII ст. адбываецца паступовы працэс хрысціянізацыі. Характэрна, што хопі часцяком спавядаюць каталіцызм або пратэстантызм, аднак працягваюць выконваць традыцыйныя рытуалы.