Ханаан
Ханаа́н (фінікійск. kĕnaʿan, іўр.: כְּנַעַן , араб. کنعان) — заходняя частка Урадлівага паўмесяца. Слова «Ханаан», магчыма, азначае «краіна пурпуру»[1]. Гэтае імя ў старажытнасці мела ўласна Фінікія, а ў біблейскія часы — краіна, якая распасціралася на захад ад паўночна-заходняй лукавіны Еўфрата і ад Іардана да берага Міжземнага мора. У цяперашні час тэрыторыя Ханаана падзелена паміж Сірыяй, Ліванам, Ізраілем і Іарданіяй.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Старажытны Ханаан быў заселены рознымі народамі, як хананеі, хеты, іебусеі, амарэі, і ўяўляў сабой цераспалосіцу варожых паміж сабой царстваў і гарадоў-дзяржаў. Размешчаны паміж Міжрэччам і тэрыторыяй Старажытнага Егіпта, Ханаан, з аднаго боку, знаходзіўся ў цэнтры цывілізацыі Старажытнага Усходу, а з іншага боку, увесь час падвяргаўся знешнім нашэсцям. Жыхары Ханаана першымі ў старажытным свеце навучыліся здабываць з малюскаў пурпур і афарбоўваць ім адзенне. Выхадцы з гэтай зямлі, фінікійцы, заснавалі мноства калоній на берагах Міжземнага мора, у тым ліку Карфаген. Ханаан з’яўляецца радзімай алфавіта, які лёг у аснову грэчаскай і лацінскай сістэм пісьма.
Ханаан быў заваяваны яўрэйскімі плямёнамі ў сярэдзіне 2 тысячагоддзя да н.э. Самым вялікім дзяржаўным утварэннем, якое існавала на яго тэрыторыі, было аб’яднанае царства Ізраіля і Іўдзеі ў часы цароў Саўла, Давіда і Саламона.
Пісьменнасць
[правіць | правіць зыходнік]Самым вялікім унёскам хананеяў у сусветную цывілізацыю з’яўляецца вынаходства алфавітнай пісьменнасці ў перыяд паміж 2000 і 1600 гг. да н.э.[2] Дзякуючы ўплыву егіпцян асноўным пісчым матэрыялам у Ханаане стаў папірус. Паколькі папірус у мясцовых кліматычных умовах захоўваецца вельмі нядоўга (у адрозненне ад Егіпта), узоры ранняй алфавітнай пісьменнасці надзвычай рэдкія. Да нашага часу дайшло толькі некалькі надпісаў на больш трывалых матэрыялах, напрыклад, імёны, надрапаныя на чарах.
Гандаль
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным заняткам жыхароў узбярэжжа быў гандаль, які складаў настолькі важную частку жыцця хананеяў, што ў старажытнаяўрэйскай мове слова «хананей» стала азначаць «купец» — менавіта такое значэнне яно мае, напрыклад, у Прытч. 31:24.
Галоўнымі портамі былі Тыр, Сідон, Бейрут і Бібл, размешчаныя ў паўночнай частцы Ханаана (на ўзбярэжжы сучаснага Лівана). Адсюль у Егіпет, Грэцыю і на Крыт везлі кедравую драўніну, гарлачы з аліўкавым алеем і віном, іншыя тавары. Прывозілі ж сюды прадметы раскошы і папірус з Егіпта, ганчарныя і металічныя вырабы з Грэцыі. Важным артыкулам міжземнаморскага гандлю хананеяў быў рабагандаль. На поўначы ханаанскага ўзбярэжжа (каля сучаснай Латакіі) знаходзіўся буйны горад Угарыт, насельніцтва якога было блізкім да хананеяў па мове, культуры і ўзроўню эканамічнага развіцця. Угарыт быў адным з найважнейшых і найбагацейшых гандлёвых цэнтраў Усходняга Міжземнамор’я.
Становішча краіны на шляху паміж Егіптам і Азіяй і актыўны гандаль рабілі хананеяў адкрытымі для самых разнастайных культурных уплываў. У гарадах, якія знаходзіліся пад уладай егіпцян, палацы і храмы ўзводзіліся ў егіпецкім стылі, па суседству мог панаваць асірыйскі стыль. У модзе былі егіпецкія фігуркі жукоў-скарабеяў і іншыя ювелірныя вырабы, вавілонскія цыліндрычныя пячаткі, хецкія залатыя ўпрыгожванні з Малой Азіі. Паказальна, што хананеі выкарыстоўвалі адначасова егіпецкае (іерагліфічнае) і вавілонскае (клінапіснае) пісьмо.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- «Библейская энциклопедия». ISBN 5-85524-022-3
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ханаан
- Canaan & Ancient Israel. University of Pennsylvania Museum of Archaeology and Anthropology
- Cana, Canaanites. Catholic Encyclopedia
- Antiquities of the Jews. Flavius Josephus