Перайсці да зместу

Фукуок

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фукуок
в’етн. Phú Quốc
Пляж
Пляж
Характарыстыкі
Плошча589,23 км²
Насельніцтва79 800 чал.
Шчыльнасць насельніцтва135,43 чал./км²
Размяшчэнне
10°10′00″ пн. ш. 104°00′00″ у. д.HGЯO
АкваторыяСіямскі заліў
Краіна
Фукуок (В'етнам)
Фукуок
Фукуок
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Фукуо́к (в’етн.: Phú Quốc) — найбуйнейшы востраў В’етнама. Месціцца на паўночным усходзе Сіямскага заліва. Агульная плошча — 583,23 км². Насельніцтва (2003) — 79 800 чал.

Вадаспад на поўначы Фукуока

Востраў Фукуок знаходзіцца на паўночным усходзе Сіямскага заліва за 290 км на паўднёвы захад ад Хашыміна, 1196 км на паўднёвы захад ад Ханоя, 8193 км на паўднёвы ўсход ад Мінска. Бліжэйшыя марскія парты — Хацьен (В’етнам, каля 44 км на ўсход), Рацьзя (В’етнам, 118 км на ўсход), Сіануквіль (Камбоджа, каля 42 км на паўночны захад). Даўжыня вострава — 43,9 км. Найбольшая шырыня — 27,15 км.

Востраў Фукуок быў сфарміраваны ў позні мелавы перыяд (каля 72 млн гадоў таму) у выніку субдукцыі (гл. Тэктоніка пліт). З-за вагання ўзроўню сусветнага акіяна на працягу розных геалагічных перыядаў ён складаў адзінае цэлае з азіяцкім кантынентам. Аднак каля 10 тысяч гадоў таму ўзровень акіяна павысіўся, і Фукуок апынуўся адрэзаным ад сушы.

Значную частку поўначы вострава займае горны хрыбет Дзевяноста Дзевяці Пікаў. Ён з’яўляецца працягам горнай грады Паўднёвай Камбоджы. Найвышэйшы пункт — пік гары Цюа (або Бож’яй гары). Ён дасягае 603 м над узроўнем мора. Астатняя частка вострава пагорыстая. Берагі нізкія, пясчаныя, толькі ў некалькіх месцах скалістыя. На заходнім узбярэжжы вылучаецца Доўгі пляж (Труонг), які з’яўляецца асноўным месцам прыцягнення для турыстаў. Рачная сетка даволі густая. У горнай мясцовасці з-за перападаў вышынь рэкі ўтвараюць некалькі невысокіх вадаспадаў. У нізінах рэдка сустракаюцца забалочаныя ўчасткі.

Глебы прадстаўлены пераважна так званымі жоўтазёмамі, з-за вялікай колькасці ападкаў даволі бедныя на карысныя рэчывы. На Фукуоке здабываюць друз, які выкарыстоўваецца мясцовымі будаўнікамі.

Клімат суб’экватарыяльны пасатны. Сярэдняя тэмпература найбольш цёплых месяцаў, красавіка і мая, — +24 — 34° C, сярэдняя тэмпература кастрычніка і лістапада — +22 — 34° C. З мая да кастрычніка цягнецца сезон мусонаў. У жніўні сярэдняя колькасць ападкаў дасягае 398 мм, у той час як у самы сухі месяц люты — 36 мм. Агульнагадавая сярэдняя колькасць ападкаў — 2321 мм.

Дзякуючы абмежаванаму вядзенню сельскай гаспадаркі, на востраве Фукуок захаваліся першародныя лясы, прычым некалькіх тыпаў — мангры, прыбярэжныя і горныя. На востраве знойдзена 1164 відаў вышэйшых раслін, у тым ліку 23 віды архідэй і 12 другіх відаў рэдкіх раслін, а таксама 208 відаў жывёл, у тым ліку 28 відаў сысуноў, 119 відаў птушак, 47 відаў паўзуноў і 14 відаў амфібій. Сярод рэдкіх жывёл вылучаюцца некалькі відаў прыматаў і птушкі-насарогі.

Для аховы прыроды Фукуока быў створаны нацыянальны парк, які ў наш час займае значную частку вострава (31 422 га). Частка ўзбярэжжа і навакольных марскіх прастораў уваходзіць у склад біясфернага запаведніка К’ензянг.

Турма для палітычных вязняў на Фукуоке

У канцы XVII ст. востраў Фукуок быў населены невялікай групай бежанцаў з Паднёвага Кітая, якія заняліся на ім земляробствам і гандлем. У гэты перыяд Фукуок фармальна ўваходзіў у склад кхмерскай дзяржавы і меў назву Кох-Трол (кхмер.: កោះត្រល់). Да 1700 г. Ма Джыу (кіт.: 鄚玖), кіраўнік кітайскай абшчыны, фактычна стварыў самастойную дзяржаву Канкаа або Пема з цэнтрам у Хацьене. У 1708 г. ён прызнаў сваю васальную залежнасць ад В’етнама. Кхмерскія каралі ніколі не прызнавалі згубы гэтай зямлі, пра што паведамлялі французам у 1856 г.

У 1863 г. Фукуок трапіў у склад французскіх каланіяльных валоданняў у Індакітаі. Тут былі створаны плантацыі какосаў і духмянага перцу. Пасля II Сусветнай вайны Фукуок перайшоў у склад Паўднёвага В’етнама. Падчас В’етнамскай вайны ў ім дзейнічала турма для палітычных вязняў. Да сярэдзіны 1970-ых гг. яго насельніцтва складала каля 5 тысяч чал.

У 1975 г. урад Пол Пота зрабіў спробу вярнуць Фукуок у склад Камбоджы. Востраў знаходзіўся пад акупацыяй да 1976 г. Пры гэтым некалькі сотняў астравіцян сталі ахвярамі рэпрэсій. Пасля далучэння да аб’яднанага В’етнама ўлады стымулявалі працэс перасялення, развіцця рыбалоўства і прамысловасці. У 1982 г. урад Кампучыі фактычна прызнаў Фукуок в’етнамскай тэрыторыяй.

У наш час востраў ператвараецца ў важны турыстычны і дзелавы цэнтр паўднёвай часткі В’етнама.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

На востраве Фукуок каля 10 населеных пунктаў. Статус горада маюць толькі Дуонг-Донг на захадзе вострава, які выконвае функцыі мясцовага адміністрацыйнага цэнтра, і Ан-Тхой на поўдні.

Фукуок звязаны паромнымі пераправамі з Хацьенам, Рацьзя, Хашымінам (сезонна), портамі суседняй Камбоджы і Таіланда. Каля Дуонг-Донга дзейнічае міжнародны аэрапорт. Унутраныя шляхі зносінаў развіваюцца пакуль вельмі павольна. Найлепшыя дарогі з цвёрдым пакрыццём знаходзяцца на поўдні і захадзе Фукуока.

Асновай эканомікі вострава Фукуок здаўна з’яўляліся рыбалоўства і земляробства. Разнастайная Рыба, вылаўленая астравіцянамі, часткова перапрацоўваецца на месцы. Дзейнічае прадпрыемства па вытворчасці рыбнай падлівы, вельмі папулярнай у В’етнаме і суседніх краінах Паўднёва-Усходняй Азіі. Адыходы вытворчасці выкарыстоўваюцца ў якасці ўгнаення ў сельскай гаспадарцы. Акрамя таго, Фукуок славіцца сваімі кальмарамі і іншымі морапрадуктамі. На востраве дзейнічае некалькі прадпрыемстваў па вырошчванню жэмчугу.

З камерцыйных галін земляробства асабліва вылучаецца вырошчванне духмянага перцу. Ён быў завезены французскімі плантатарамі ў XIX ст. з Кітая. У наш час перачныя плантацыі займаюць 471 га, хаця яшчэ ў канцы XX ст. іх плошча была большай амаль у 2,5 разы.

У апошнія гады значную ролю ў эканоміцы вострава адыгрывае турызм. Фукуок прыцягальны сваімі чыстымі пляжамі, якія часам называюць найбольш прыгожымі ў свеце, а таксама адносна добра захаванай першароднай прыродай. Для палягчэння наведвання Фукуока ўлады В’етнама дазваляюць бязвізавы ўезд на востраў турыстам, што накіроўваюцца сюды з Камбоджы і Таіланда.

Культурнае аблічча Фукуока значна змянілася пасля сярэдзіны 1970-ых гг., калі ўлады аб’яднанага В’етнама стымулявалі працэс перасялення. Большасць сучасных жыхароў вострава — выхадцы з дэльты Меконга. Сярод іх немала будыстаў і прыхільнікаў рэлігіі каадай.