Фарлі́ (італ.: Forlì, эміл.-ром.: Furlé) — горад у італьянскім рэгіёне Эмілія-Раманья, на старажытнай Эміліевай дарозе, у 19 км ад Адрыятычнага порта Чэрвіа. Адміністрацыйны цэнтр аднайменнай правінцыі.
Цэнтральная плошча Фарлі носіць імя Аўрэліё Сафі — вядомага дзеяча Рысарджымента. Пасярод плошчы пастаўлены яму помнік, за ім — абацтва Сан-Меркурыяле ў сярэднявечным ламбардскім стылі з 75-мятровай кампанілай, некалі самай высокай у Італіі. У сярэднявечнай дамініканскай царкве змяшчаецца музей. Пра часы Ардэлафі нагадвае сярэднявечная крэпасць, ці рока.