Перайсці да зместу

Судан (рэгіён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Судан
Выява
Тыповы ландшафт рэгіёна. Гамбія
Кантынент Афрыка
Краіна
Карта месцазнаходжання
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Суда́н[1] (араб. بِلَادُ السُّوْدَان‎‎ bilâd as-sûdân, літаральна «краіна чорных») — гістарычная прыродная вобласць у Афрыцы, на поўдзень ад пустыні Сахара.

Тэрыторыя Судана размешчана ў межах Афрыканскай (Афрыкана-Аравійскай) платформы[2]. Яе сінеклізам адпавядаюць упадзіны сярэдняга цячэння ракі Нігер, возера Чад, Белага Ніла; на захадзе — прыбярэжная нізіна Сенегамбіі[2]. Распасціраецца ад паўднёвых межаў Сахары да прыэкватарыяльных раёнаў (4—8° паўночнай шыраты) і ад Атлантычнага акіяна, амаль праз увесь кантынент, да Эфіопскага нагор’я. Працягласць з поўначы на поўдзень больш за 1000 км, з захаду на ўсход — каля 5500 км. Плошча рэгіёна складае каля 5 млн км². Пераважаюць вышыні 200—500 м. Над упадзінамі падымаюцца крышталічныя плато Джос, Дарфур і Кардафан (вышыні 500—1500 м) з астраўнымі гарамі. Самая высокая гара — Мара (3088 м).

Пашыраны рачныя даліны, сухія і паўсухія рэчышчы, азёрныя ўпадзіны. Найбольшыя рэкі: Ніл з прытокам Собат, Нігер, Сенегал, Гамбія, Шары, Бенуэ, Бахр-эль-Газаль, Белая Вольта, Чорная Вольта. У басейнах рэк Нігер і Бахр-эль-Газаль шмат невялікіх азёр. Найбольшае возера рэгіёна — возера Чад.

У напрамку з поўначы на поўдзень выразна шыротная змена ландшафтаў ад трапічных пустынь Сахары, праз паўпустыні і саванны да гілеяў экватарыяльнай Афрыкі. Большую частку тэрыторыі займае саванна, на поўдні — высакатраўная саванна і лесасаванна[1]. Глебы пераважна чырвоныя фералітныя, алферытныя, чырвона-бурыя, чырвона-карычневыя[1].

На тэрыторыі Судана цалкам або часткова заходзяцца дзяржавы Сенегал, Бенін, Буркіна-Фасо, Гамбія, Гана, Гвінея-Бісау, Гвінея, Малі, Кот-д’Івуар, Камерун, Нігер, Нігерыя, Тога, Чад, Судан, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка.

Клімат субэкватарыяльны, мусонны. У летні перыяд значны ўплыў аказвае паўднёва-заходні экватарыяльны мусон, зімой — паўночна-ўсходні сухі і гарачы пасат. Колькасць атмасферных ападкаў за год узрастае ад 100 мм у паўночнай частцы да 2000 мм на поўдні. Вільготны сезон цягнецца 2—10 месяцаў. На поўдні ідуць так званыя зенітальныя дажджы[1]. Сярэдняя тэмпература паветра ад 23—24 °C на захадзе да 26—29 °C на ўсходзе[1]. Найбольш нізкія тэмпературы каля 20 °C, найбольш высокія — да 35 °C[2].

Большую частку тэрыторыі Судана займае тыповая саванна са злакавым покрывам. Сустракаюцца групы дрэў і асобныя дрэвы (парасонавыя акацыі, веерная пальма, пальма дум, баабабы, малачаі і інш.)[1]. На поўдні высакатраўная саванна і лесасаванна. Да далін рэк і катлавін прымеркаваны лясныя масівы з густым падлескам. У паўночнай частцы паўпустыня і сухая саванна з калючка-дрэвавай фармацыяй. Кусты акацыі вышынёй да 1,5 м.

Жывёльны свет належыць да Эфіопскай вобласці[1]: антылопы, жырафа, львы, бегемоты і інш. Сустракаюцца сланы і насарогі. Сярод птушак: страус, балотны бусел, дрофы і інш.

Зона саваннаў — тэрыторыя актыўнага старажытнага земляробства і жывёлагадоўлі. Вырошчваюць арахіс, бавоўнік, сорга, кукурузу, пшаніцу. Сельскагаспадарчая дзейнасць вядзе да ўзмацнення працэсаў апустыньвання[1].

  • Лаўрыновіч М. В. Суда́н // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 247. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Суда́н // Советская историческая энциклопедия. В. 16 т. — Том 13. Славяноведение — Ся Чен. — М.: Государственное научное издательство «Советская энциклопедия», 1971. Стлб. 920—931. — 1124 стлб. с илл. и картами; 8 л. карт и илл. — 57 800 экз. (руск.)
  • Суда́н // Энциклопедический географический словарь. — М.: РИПОЛ классик, 2011. — С. 641—643. — 800 с.: ил. — 5000 экз. — (Словари нового века) — ISBN 978-5-386-03063-6. (руск.)
  • Суда́н // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев, А. Г. Воронов и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1983. — 538 с. — 100 000 экз.
  • Суда́н // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 456. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
  • Поспелов Е. М. Географические названия мира. Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц / отв. ред. Р. А. Агеева. — 2-е изд. — М.: Русские словари; Астрель; АСТ, 2002. — С. 399. — 512 с. — 5000 экз. — ISBN 5-17-002938-1, ISBN 5-271-00446-5 (ООО «Издательство Астрель»), ISBN 5-93259-014-9 (Издательство «Русские словари»), ISBN 5-17-001389-2 (Издательство ACT_). (руск.)
  • Судан // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)