Даўжыня цела 11—16 см, хваста 10—14 см, маса 60—140 г. Афарбоўка зверху буравата-карычневая, брушка, горла і вушы белыя, ад вока да вуха праходзіць цёмная палоса.
Вельмі рухавы звярок, добра перамяшчаецца як па зямлі, так і па галінах дрэў. Гнёзды робіць у дуплах, старых птушыных і вавёрчыных гнёздах, іншы раз сярод каранёў, пад паваленымі дрэвамі. Размнажаецца з траўня да верасня. Працягласць цяжарнасці 22—28 сутак. У год даюць 1—2 прыплоды, у кожным з якіх па 2—7 голых сляпых дзіцянят. Корміцца насеннем, ягадамі, насякомымі, малюскамі, яйкамі птушак. На зіму ўпадае ў спячку.
Месцы пражывання: мяшаныя і шыракалістыя лясы з густым падлескам з ляшчыны, чаромхі, рабіны, шыпшыны. Аддае перавагу ўчасткам з дубам, ліпай, клёнам. Часта трапляецца на ўскрайках лесу, у зарослых высечках, старых гарах, садах, парках, у пабудовах паблізу лясоў.