Перайсці да зместу

Салор

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Архіпелаг Салор.
Салор
індан. Solor
Традыцыйныя будынкі
Традыцыйныя будынкі
Характарыстыкі
Плошча226,34 км²
Насельніцтва34 029 чал.
Шчыльнасць насельніцтва150,34 чал./км²
Размяшчэнне
8°28′07″ пд. ш. 122°59′17″ у. д.HGЯO
АкваторыяСаву
Краіна
Салор (Інданезія)
Салор
Салор
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Салор (індан.: Solor) — востраў у групе аднайменных астравоў. Уваходзіць у склад інданезійскай правінцыі Усходняя Нуса-Тэнгара. Плошча — 226,34 км². Насельніцтва (2020 г.) — 34 029 чалавек, пераважна ламахолат.

Востраў Салор месціцца за 2,87 км на ўсход ад вострава Флорэс, за 2,35 км на поўдзень ад вострава Аданара, за 1787 км на паўднёвы ўсход ад Джакарты, сталіцы Інданезіі. Мае вулканічнае паходжанне. Найвышэйшая вулканічная вяршыня Ілі-Ватуомі дасягае 690 м над узроўнем акіяну. Клімат трапічны. Вылучаюцца вільготны і сухі сезоны.

Да прыходу еўрапейцаў Салор быў заселены выхадцамі з усходняга Флорэса. Асноўным заняткам жыхароў узбярэжжа былі рыбалоўства і лоў кітоў. У цэнтральных раёнах вырошчалі проса. Многія астравіцяне спавядалі іслам.

У 1520 г. партугальцы, зацікаўленныя ў прамежкавай гандлёвай базе паміж Малакай і Малукскімі астравамі, заснавалі на востраве калонію і пачалі распаўсюджванне каталіцызму. Вызначальнае месца ў кіраванні паступова набыў Ордэн Братоў Прапаведнікаў, які ў 1599 г. выціснуў буйных гандляроў на Флорэс. Важную ролю ў існаванні калоніі адыграла крэпасць, узведзеная ў 1560 г. Яна вытрымала некалькі аблог з боку мусульман з Явы і Сулавесі, а таксама галандцаў. У 16131648 гг. востраў знаходзіўся пад кантролем Галандскай Ост-Індскай кампаніі, але ў выніку быў вернуты партугальцам. Да канца XVII ст. Салор згубіў важнасць як гандлёвы цэнтр. Тым не меней, ён з'яўляўся плацдармам для асваення суседняга Тымора, а таксама забяспечваў сувязь з Макаа. На ім здабывалі медзь.

Пасля Партугальскай рэвалюцыі 1820 г. улада на Салоры перайшла да цывільнай адміністрацыі, якая не здолела забяспечыць эканамічны дабрабыт. У 1851 г. Салор і суседнія астравы былі прададзены Нідэрландам і фармальна ўвайшлі ў склад Галандскай Ост-Індыі. З 1950 г. востраў у складзе Інданезіі.