Прадмесце
Прадме́сце (ад польск.: przedmiescie ад miasto — «горад») — частка забудовы сярэдневяковага горада, якая знаходзілася па-за яго абарончымі мурамі. У функцыянальным і сацыяльным сэнсе блізкае да пасада. Звычайна ўзнікала пры плошчах перад уязнымі брамамі і развівалася ўздоўж дарог, якія вялі ў горад. Прадмесці мела жылыя і прамысловыя функцыі, часам — абслугоўвання і адпачынку. Для прадмесця характэрна меншая, чым у цэнтральных раёнах горада, шчыльнасць забудовы, сціпласць і прастата архітэктурных вырашэнняў, наяўнасць садоў і агародаў.
Падчас нападу ворага прадмесце, звычайна, цалкам знішчалася. Нярэдка яно падпальвалася або знішчалася іншымі спосабамі самімі абаронцамі горада — каб не даць праціўніку скрытна падабрацца да сцен і выкарыстоўваць будаўнічы матэрыял для пабудовы аблогавых машын. Насельніцтва прадмесця пры нападзе ворага хавалася за гарадскія сцены.
У залежнасці ад значнасці горада прадмесце магло ўзводзіць уласныя абарончыя збудаванні, якія з часам станавіліся часткай агульнагарадской фартыфікацыйнай сістэмы. Падобным чынам узнікалі новыя прадмесці ў Парыжы, Маскве, Ноўгарадзе, Віцебску, Магілёве і інш.
Пазней, з стратай гарадскімі сценамі значнасці, прадмесцямі сталі называцца як ускраінныя раёны горада, так і тыя, якія знаходзяцца за гарадской мяжой, бліжэйшыя да горада, паселішча.
На Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі вядомы з даўніх часоў. Аснову іх забудовы складалі невялікія драўляныя жылыя дамы з гаспадарчымі пабудовамі. У беларускіх гарадах з XVI ст. прадмесці мелі Мінск (Траецкае прадмесце, Ракаўскае прадмесце, Ляхаўка, Старажоўка, Грушаўка, Камарова), Гродна (Каложа), Магілёў (Пелагееўка), Віцебск (Задунаўе), Полацк (Запалоцце), Пінск (Каралін), Гомель (хутар Сеўрукі). У XVII—XVIII стст. прадмесці з'явіліся і ў мястэчках, напрыклад, у Волме.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Прадмесце // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Прадмесце