Перайсці да зместу

Пот

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кроплі поту
«Жанчына, якая выцірае пот» (Ase o fuku onna), ксілаграфія Кітагава Утамара (1798).

Пот — бясколерная салёная вадкасць, якая выдзяляецца потавымі залозамі. Пот уяўляе сабой канчатковы прадукт механізму тэрмарэгуляцыі мноства біялагічных відаў.

Састаў поту залежыць ад віду жывёлы, тыпу яго потавых залоз, стану арганізма, інтэнсіўнасці потавыдзялення і колькасці розных рэчываў у крыві. У чалавека пот мае 98—99 % вады, каля 0,1 % мачавіны, арганічнай кіслаты, аміяк, тлушчы, хлорысты натрый (каля 0,3 %) і інш. З потам пераносяцца фэрамонныя і мноства біялагічна актыўных рэчываў. Рэакцыя поту бывае кіслай (рН 3,8—6,2) або шчолачнай (пры раскладанні мачавіны і выдзяленні аміяку). У капытных з потам выдзяляюцца бялкі (таму спацелы конь мае «запенены» выгляд). У некаторых жывёл пот мае пігменты (напр., у бегемота і самца вялікага кенгуру ён чырвоны).

У чалавека выдзяляецца 0,5—12 л поту за суткі ў залежнасці ад мышачнай нагрузкі, тэмпературы навакольнага асяроддзя, колькасці выпітай вады. Больш за ўсё потавых залоз ў чалавека на далонях — да 500 на адзін квадратны сантыметр. Пры паталагічным стане пот можа мець глюкозу (цукровы дыябет), жоўцевыя пігменты, цысцін (цыстынурыя), часам эрытрацыты — крывавы пот.