Перайсці да зместу

Паход Булак-Балаховіча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тэрыторыя Беларусі ў лістападзе 1920 года, цёмна-зялёным колерам пазначана тэрыторыя «Беларускай дзяржавы», якая кантралявалася арміяй Булак-Балаховіча

Паход Булак-Балаховіча — ваенная акцыя Рускай народнай добраахвотніцкай арміі (з рускіх і беларускіх вайсковых часцей) на чале з генералам С. Н. Булак-Балаховічам y лістападзе 1920 на Палессі. Палітычны кіраўнік акцыі — старшыня Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы Б. В. Савінкаў. Акцыя была разлічана на падтрымку сялянства, незадаволенага палітыкай «ваеннага камунізму». Меў на мэце стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы і саюзнай з ёй Расійскай дэмакратычнай рэспублікі. Падтрыманы начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім.

У той час, калі вяліся перамовы пра перавод Балаховіча на польскі бок, Пілсудскі шукаў хаўруснікаў з боку Расіі. Пілсудскі знайшоў паплечніка ў асобе Барыса Савінкава. 16 студзеня ён пагадзіўся на правядзенне плебісцыту на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Савінкаў атрымаў ад Пілсудскага дазвол на стварэнне расійскага вайсковага фармавання на тэрыторыі Польшчы[1]. 27 жніўня 1920 года паміж Савінкавым і Булак-Балаховічам была складзеная дамова, паводле якой Савінкаў абавязваўся правесці кандыдатуру генерала на пост галоўнакамандуючага расійскімі ўзброенымі сіламі на тэрыторыі Польшчы, а Булак-Балаховіч згаджаўся прызнаць палітычнае кіраўніцтва Савінкава і яго Расійскага палітычнага камітэта (РПК)[2]. Булак-Балаховіч назваў сваю групу Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй, а над яго штабам у Пінску лунаў расійскі сцяг[3].

Восенню 1920 з’явіўся Беларускі палітычны камітэт. Паводле гісторыка Алега Латышонка, камітэт быў патрэбны, каб стварыць палітычную шыльду для далейшага беларускага паходу[4]. У пачатку кастрычніка Пілсудскі прымае рашэнне пра паход Люцыяна Жалігоўскага на Вільню, у выніку якога пазней была створаная марыянеткавая дзяржава Сярэдняя Літва. На думку Алега Латышонка, паход Балаховіча павінен быў быць працягам паходу Жалігоўскага.

12 кастрычніка 1920 года ў Рызе падпісаная папярэдняя польска-савецкая мірная дамова. Гэтая дамова абавязвала польскі бок выдаліць са сваёй тэрыторыі або раззброіць антысавецкія ўзброеныя фармаванні да 2 лістапада. Польскае камандаванне прапанавала Балаховічу далей весці барацьбу самастойна або пакінуць тэрыторыю Польшчы са зброяй у руках, у выніку чаго той вырашыў перайсці польска-савецкую мяжу[4]. 12 кастрычніка Балаховіч падпісаў пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам. БПК абавязваўся дапамагаць генералу ў арганізацыі беларускай арміі, а Балаховіч павінен быў перадаць уладу на занятай ім тэрыторыі[5].

Баявыя дзеянні

[правіць | правіць зыходнік]

Армія генерала Булак-Балаховіча ў пачатку лістапада 1920 года налічвала каля 20 тысяч чалавек. Яна складалася з 1, 2 і 3-й ПД, Пешай сялянскай брыгады, 1-й кавалерыйскай дывізіі (КД), палка данскіх казакоў, Тубыльскага кавалерыйскага палка (КП), асабістых сотняў братоў Балаховічаў, палка цяжкай артылерыі, чыгуначнага палка, самалётнай эскадрыллі, а таксама штабных і тылавых частак. На баявыя часткі прыпадала каля 15 тыс. У баях не бралі ўдзел некаторыя часткі, якія не паспелі прыбыць альбо былі інтэрнаваныя польскім бокам (полк цяжкай артылерыі). Полк данскіх казакоў ухіліўся ад баявых дзеянняў. У бой уступілі каля 11 тыс. жаўнераў[6].

План прадугледжваў заняцце лініі ОўручМазырЖлобін, а затым удар на поўнач, на Бабруйск і Барысаў, і вызваленне Беларусі. Верагодна, план быў распрацаваны самім Пілсудскім[7]. План быў разлічаны на заняцце Менска польскімі войскамі, што і адбылося 15 кастрычніка. Аднак Балаховіч прамарудзіў з ударам, а польскія войскі вымушаныя былі пакінуць Менск 17 кастрычніка, выконваючы пагадненне аб замірэнні.

Сканцэнтраваўшы свае сілы ў раёне ЛунінецМікашэвічыТураў, армія Булак-Балаховіча (20 тыс. чал.) 6 лістапада 1920 года пачала наступленне ўздоўж ракі Прыпяць. Разбіўшы часці Чырвонай Арміі, яна заняла Петрыкаў, Калінкавічы, Мазыр, падышла да Рэчыцы. У Мазыры Булак-Балаховіч абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы», галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі Беларусі і пракламаваў незалежнасць Беларусі; выдаў загад пра фарміраванне беларускага войска, назначыў «урад Беларусі» на чале з П. П. Алексюком і абвясціў «звергнутымі» ўрады БССР і Беларускай Народнай Рэспублікі.

16 лістапада Чырвоная Армія пачала контрнаступленне і 20 лістапада 1920 года ўзяла Мазыр. Асноўныя сілы Булак-Балаховіча прабіліся на польскі бок фронту, большасць арміі была раззброена польскімі ўладамі; інтэрніраваныя ў Белавежскай пушчы асобныя атрады ўдзельнічалі ў нападах на БССР да 1922 года.

  1. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 141.
  2. Станислав Булак-Балахович (руск.). Русский обще-воинский союз. rovs.atropos.spb.ru. Архівавана з першакрыніцы 20 студзеня 2016. Праверана 20 студзеня 2016.
  3. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 142.
  4. а б Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 144.
  5. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 145.
  6. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 153—154.
  7. Латышонак, А. Жаўнеры БНР. С. 152.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).