Перайсці да зместу

Ольса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ольса
Характарыстыка
Даўжыня 92 км
Басейн 1 690 км²
Расход вады 9,3 м³/с
Вадацёк
Выток  
 • Каардынаты 53°44′30″ пн. ш. 29°12′09″ у. д.HGЯO
Вусце Бярэзіна
 • Каардынаты 53°15′22″ пн. ш. 29°09′37″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Бярэзіна → Дняпро → Чорнае мора

Краіна
Рэгіёны Мінская вобласць, Магілёўская вобласць
Раёны Бярэзінскі раён, Клічаўскі раён, Кіраўскі раён
physical
Ольса
Ольса
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце

Ольса — рака ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, Клічаўскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).

Даўжыня ракі 92 км. Плошча вадазбору 1690 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 .

Назва балцкага паходжання, адпачатная балцкая форма назвы — *Alsà[1].

Гідранімічныя аналагі — літоўскія рачныя назвы тыпу Alsa, Alsė, Alseta, Alsinta, Als-upis, латышская Alsava[2].

Ад балцкага «альховага» кораня als- (els-), ад якога літоўскае alksnis, elksnis, латышскае elkšnis, alkšņa «вольха». У іх корань з пазнейшым устаўным -k- і суфіксальным -n-: al(k)s-n-[3]. Далей да індаеўрапейскага el-, ol- «чырвоны, руды»[4].

Магчымая таксама сувязь з бел. альса, алёс, альсе, альсавіна «твань», літоўскім alksna «балаціна».

Назва Ольса значыць «Альховая (рака)», або «Балацінная».

Асноўныя прытокі

[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Нясета, Цімень Злева: Дулебка, Сушанка, Ганчанка, Суша, Кастрычка, Цераболь

Пачынаецца за 3,4 км у напрамку на паўночны ўсход ад вёскі Каменны Барок Бярэзінскага раёна, вусце за 5 км на захад ад аграгарадка Любонічы Кіраўскага раёна. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. У ніжнім цячэнні найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,2 м. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.

Даліна пераважна невыразная, каля горада Клічаў, вёскі Ваевічы і паміж аграгарадкамі Бацэвічы і Заполле Клічаўскага раёнана трапецападобная (шырыня 0,8—1 км). Схілы спадзістыя, вышынёй 2—7 м, месцамі слабапарэзаныя; правы адкрыты, разараны, левы амаль на ўсім працягу парослы мяшаным лесам. Пойма двухбаковая, ніжэй Клічава чаргуецца па берагах (шырыня 0,6—1,5 км), нізкая, месцамі забалочаная; ад вусця Сушы да аграгарадка Заполле Клічаўскага раёна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. У разводдзе затапляецца вадой на глыбіню 0,5—1 м тэрмінам да 2 тыдняў.

Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шырыня ракі ў межань 12— 18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, паміж вёскай Ваевічы і аграгарадком Заполле Клічаўскага раёна спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія і абрывістыя.

  1. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 199.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 40.
  3. В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 53—54.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 302—303.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Республика Беларусь. Атлас охотника и рыболова: Могилёвская область / Редактор Г. Г. Науменко. — Мн.: РУП «Белкартография», 2012. — С. 15. 24. — 64 с. — 10 000 экз. — ISBN 978-985-508-173-0. (руск.)