Перайсці да зместу

Кумбі-Салех

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
старажытны горад
Кумбі-Салех
كومبي صالح
Пахаванне ў Кумбі-Салех
Пахаванне ў Кумбі-Салех
15°49′26,50″ пн. ш. 7°59′24,50″ з. д.HGЯO
Краіна
Map

Кумбі-Салех (араб. كومبي صالح‎‎) — помнік археалогіі, рэшткі старажытнага горада, які атаесамляецца са сталіцай Ганы. Знаходзіцца на паўднёвым усходзе Маўрытаніі.

Буйная заходнеафрыканская дзяржава Гана (або Вагаду) узгадвалася арабскімі пісьменнікамі з 830 г. Яна мела важнае значэнне для гандлёвых зносін, паколькі адтуль прывозілі золата. У XI ст. пісьменнік аль-Бакры апісаў сталіцу Ганы як горад, які падзяляўся на 2 часткі. У адной жылі мусульмане, у другой — чарнаскурыя анімісты. Менавіта ў другой частцы знаходзіўся палац мясцовага валадара. Абу Бакры паведамляў:

Паміж гэтымі двума гарадамі суцэльныя населеныя пункты. Дамы жыхароў пабудаваны з каменю і драўніны акацыі. У валадара ёсць палац і некалькі купалападобных жытлаў, акружаных тынам накшталт гарадскога мура. У валадарскім горадзе, недалёка ад яго суда, знаходзіцца мячэць, дзе моляцца мусульмане, якія прыбываюць да двара. Вакол валадарскага горада месцяцца купалападобныя будынкі, гаі і зараснікі, дзе жывуць ведзьмакі гэтага народа, людзі, якія адказваюць за рэлігійны культ.

Аднак у арабскіх крыніцах не дастаткова інфармацыі, каб вызначыць сапраўднае месцазнаходжанне сталіцы Ганы. Аль-Ідрысі ў XII ст. пісаў, што галоўны горад дзяржавы быў пабудаваны абапал ракі Нігер. Мяркуецца, што ў XIV ст. ён быў разбураны манархам Малі.

У 1913 г. французскі даследчык Альбер Банель дэ Мезьер (18701942 гг.) выявіў у запісах XVII ст. з Тамбукту ўзгадку, што сталіца Ганы называлася Кумбі. У 19131914 гг. ён праводзіў раскопкі ў мясцовасці Кумбі-Салех на паўднёвым усходзе сучаснай Маўрытаніі, дзе сапраўды знайшоў рэшткі сярэднявечнага горада. Пазней болей дэталёвыя археалагічныя даследаванні арганізоўваліся ў 1949 — 1951 гг., 1975 — 1976 гг., 19801981 гг. Хаця знаходкі не адпавядаюць арабскім апісанням XIXII стст., большасць сучасных навукоўцаў атаесамляе Кумбі-Салех са сталіцай старажытнай афрыканскай дзяржавы.

Кумбі-Салех уяўляе сабою рэшткі старажытнага горада, які праіснаваў да XIV ст. Радыёвугляроднае датаванне фрагментаў драўнянага вугалю паказала, што часам яго найбольш ранняга існавання мог быць канец V ст.

Асноўная частка горада месцілася на невысокім пагорку, уключала вузкія пабудовы са сланцу, шчэпленага гліняным растворам. Колькасць абломкаў дазваляе меркаваць, што хаця б некаторыя пабудовы былі шматпавярховымі. Вузкія вуліцы былі скіраваны ў бок Мекі. Пасярэдзіне мелася шырокая вуліца. На ёй знаходзілася галоўная мячэць і значны па плошчы пляц, магчыма рынак.

На паўднёвым захадзе ад асноўнай часткі знаходзіўся так званы нізкі горад з малой колькасцю сталых каменных пабудоў. За межамі горада таксама былі знойдзены два месцы для могілак.

Няма сумненняў, што горад быў мусульманскім. Гэта не супярэчыць звесткам арабскіх аўтараў, паколькі тыя ўзгадвалі мусульман у сталіцы Ганы. У XI ст. валадар гэтай дзяржавы таксама прыняў іслам. Аднак другой аддаленай часткі з палацам валадара не было выяўлена. Не вядомы надпісы, якія б сведчылі пра сталічны статус. Старажытны Кумбі-Салех меў трывалыя сувязі з арабскімі краінамі, асабліва Магрыбам. У ім былі знойдзены арабскія манеты і шкло, што прывозілі сюды з паўночнай ускраіны Сахары. У горадзе магло жыць ад 15 000 да 20 000 чалавек.