Кампост
Кампо́ст (ад лац.: composita «злучэнне») — арганічнае ўгнаенне, атрыманае ў працэсе біядэградацыі рэчываў расліннага або жывёльнага паходжання.
Кампост выкарыстоўваюць для паляпшэння структуры глебы і мульчавання. У нашы дні вытворчасць кампоста набывае асаблівую важнасць у сувязі з папулярызацыяй арганічнай сельскай гаспадаркі і праблемамі ўтылізацыі адыходаў чалавечай дзейнасці.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ужо прадстаўнікі ранніх земляробчых культур ведалі, што землі, багатыя на дэградаваныя арганічныя рэчывы, маюць высокую ўрадлівасць. Так, неалітычныя земляробы Шатландыі стваралі палеткі на месцах старых сметнікаў, куды з часоў мезаліту выкідвалі пабытовыя адыходы[1]. Індзейцы Амазоніі штучна стваралі так званую «тэра прэта», дзе рэгулявалі баланс паміж кампанентамі, што ўтрымоўвалі азот і вуглярод. Ранейшы вядомы запіс аб вытворчасці кампоста быў пакінуты ў перыяд Акада каля 2300 г. да н. э. У эпоху Асветніцтва эксперыментамі з кампаставаннем займаўся Джордж Вашынгтон[2].
Навуковае вывучэнне кампаставання пачалося толькі ў XX ст. Адным з першых вучоных, які пачаў даследаванні ў гэтай сферы, быў брытанскі батанік, прыхільнік арганічнай сельскай гаспадаркі Альберт Ховард. Ён лічыў, што хваробы раслін і жывёл паходзяць ад нездаровых глеб. Падчас працы ў Індыі ў 1924—1931 гг. А. Ховард распрацаваў індаўрскі метад кампаставання ў капцах[3]. Адначасова ў Італіі і Нідэрландах пачаліся распрацоўкі механізаваных метадаў вытворчасці кампоста. У другой палове 1920-х гг. навуковыя публікацыі пра кампаставанне таксама з’явіліся ў БССР і Заходняй Беларусі. У пазнейшы час выкарыстанне кампоста стала важным элементам развіцця буйной і дробнай сельскай гаспадаркі.
Вытворчасць кампоста
[правіць | правіць зыходнік]Вытворчасць кампоста заснавана на працэсах, падобных тым, што адбываюцца ў глебе, калі мае месца біялагічная дэградацыя рэчываў расліннага або жывёльнага паходжання пад уздзеяннем мікраарганізмаў, грыбоў і некаторых жывёл накшталт земляных чарвякоў. Аднак пры штучным кампаставанні працэсы дэградацыі і ператварэння ў перагной ідуць больш імкліва, чым у прыродзе. Гэта эфектыўна забяспечваецца пры вільготнасці кампанентаў 60 — 80 %, пры аптымальных суадносінах вугляроду і азоту 20-30:1[4]. Багатыя азотам кампаненты (гной, трава, зялёнае лісце і г. д.) хутка раскладаюцца і вылучаюць цяпло. Багатыя вугляродам кампаненты (пілавінне, салома, папера, сухія галінкі і лісце, торф) раскладаюцца павольней, забяспечваюць рыхласць і ўтрымліваюць вільгаць[5]. Акрамя таго, у кампост кладуць нейтральныя карысныя кампанентыі і біялагічныя актыватары, як натуральнага паходжання (гной, глеба, дрожджы і г. д.), так і спецыяльныя прэпараты.
Для вытворчасці кампоста выкарыстоўваюць яміны, капцы, скрыні, кантэйнеры, непразрыстыя пластыкавыя пакеты[6][7][8] і інш. Існуюць розныя спосабы кладкі кампанентаў: зборныя, папластовыя, раздробненыя. Яны павінны забяспечыць вытворчасць найбольш адпаведнай колькасцю вільгаці, кісларода, цяпла, аптымальнымі суадносінамі шчолачаў і кіслот. Для атрымання кампоста шырока практыкуюцца такія метады, як[9]:
- Бесперапыннае падсілкоўванне (сталае ўнясенне новых кампанентаў)
- Перыядычнае падсілкоўванне (усе кампаненты кампастуюцца разам)
- Вермікампаставанне з дапамогай чарвякоў, якія паскараюць раскладанне кампанентаў і насычаюць арганічныя матэрыялы кіслародам дзякуючы сваёй сістэме стрававання.
Кампаставанне ўключае 3 асноўныя стадыі без выразнага моманту пераходу адной стадыі ў іншую[10]:
- Стадыя падвышэння тэмпературы
- Стадыя астывання
- Стадыя паспявання
На першай стадыі тэмпература раскладаемых кампанентаў дасягае 60 °C — 70 °C. Пры гэтым адбываецца дэградацыя большасці пакладзеных у кампост кампанентаў дзякуючы аэробным бактэрыям. Яны патрабуюць вялікай колькасці кіслароду. Яго недахоп адмоўна ўплывае на хуткасць дэградацыі і назапашванне карысных рэчываў. З падвышэннем тэмпературы падвышаецца ўзровень pH. На другой стадыі тэмпература трымаецца каля 25 °C — 45 °C. З паніжэннем тэмпературы паніжаецца ўзровень pH, актывізуюцца грыбы. На стадыі паспявання адбываецца мінералізацыя пажыўных рэчываў, назапашванне перагнойных кіслот і антыбіётыкаў, кампост засяляюць чарвякі, аб’ём кампоста складае толькі палову ад першапачатковага.
Выкарыстанне кампоста
[правіць | правіць зыходнік]Сельская гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Кампост — надзвычай эфектыўнае арганічнае ўгнаенне, паколькі ў працэсе вытворчасці дазваляе ўкладаць кампаненты для стварэння элементаў, якіх не хапае для ўрадлівасці мясцовым глебам. У адрозненні ад большасці іншых угнаенняў кампост не раствараецца і не распадаецца пасля ўнясення, паступова ўзбагачае глебу, робіць яе друзлай, пранікальнай для паветра, утрымлівае вільгаць. Кампост можа ўносіцца пад усе віды раслін у любой колькасці[11], ён не выклікае эфекта «перакормлівання».
Кампост у якасці мульчы дае ўсе перавагі, характэрныя для мульчавання, разам з гэтым у працэсе паліву стала ўзбагачае глебу азотам і вугляродам[12].
У 1962 г. у Германіі быў вынайдзены метад вырошчвання раслін на «гарачых градах» (ням.: Hügelkultur)[13], калі кампост, што ўтрымоўвае вялікую колькасць драўніны і іншых вугляродзістых кампанентаў, на стадыі падвышэння тэмпературы памяшчаецца пад слой глебы.
Кампост выкарыстоўваецца для сілкавання лічынак мухі Hermetia illucens[14], якую вырошчваюць на корм рыбам, паўзунам, птушкам, свінням і іншым жывёлам.
Кампостны туалет
[правіць | правіць зыходнік]Тэхналогіі кампаставання ўжываюцца ў санітарна-гігіенічных мэтах. Кампостным завецца сухі туалет з аддзяленнем асобна для ўрыны і фекаліяў[15]. Малая вільгаць фекалій забяспечвае адсутнасць непрыемных пахаў і развіцця небяспечных мікраарганізмаў. Замест вады для смыву фекаліі перасыпаюцца пілавіннем, драўняным попелам ці грунтам для далейшага пераўтварэння ў кампост. Асобна сабраная ўрына вытрымліваецца на працягу паўгода, а потым выкарыстоўваецца як каштоўнае ўгнаенне.
Ачышчэнне навакольнага асяроддзя
[правіць | правіць зыходнік]Арганічныя рэчывы, пераважна рэшткі харчу і фекаліі, складаюць вялікую долю адыходаў чалавечай жыццядзейнасці. Згодна даследчыкам з Мічыганскага ўніверсітэта, у ЗША толькі харчовыя адыходы складаюць 15,1 % цвёрдых побытавых адыходаў[16]. У масавых сметніках ствараюцца ўмовы для развіцця анаэробных арганізмаў, якія падаўжаюць хуткасць раскладання і вылучаюць метан.
Для вырашэння праблемы забруджвання навакольнага асяроддзя смеццем прапануюцца скарачэнне адыходаў, іх паўторнае выкарыстанне і перапрацоўка. Кампаставанне арганічнага смецця можа вырашыць усе гэтыя задачы і забяспечыць каштоўным угнаеннем[17]. Пры складаным кампаставанні магчыма перапрацоўка смецця разам з фекальным глеем і асадкамі сцёкавых вод[18]. У розных краінах праблема вырашаецца або на індывідуальным узроўні, калі прапануецца хатняе кампаставанне арганічнага смецця, або ў прамысловых маштабах. Так, у Італіі ў 2018 г. кампаставалася каля 20 % адыходаў[19]. У краінах ЕС атрыманы такім чынам кампост сертыфікуецца, зыходная сыравіна вызначае магчымасць яго далейшага ўжывання[20].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Midden cultivation in prehistoric Britain: arable crops in gardens
- ↑ Historical Development of Composting Technology
- ↑ David R. Hershey, Sir Albert Howard and the Indore Process
- ↑ Экологическая биотехнология : учеб. пособие для студентов специальности «Биоэкология» Архівавана 18 ліпеня 2021. — С. 129
- ↑ В. Суханов, Компост
- ↑ Compost Bins: What They Are Used for, How They Work
- ↑ COMPOSTING IN A BAG Архівавана 30 лістапада 2020.
- ↑ What Is Trench Composting: Learn About Creating Compost In A Pit
- ↑ Учебное пособие по органическому сельскому хозяйству. — С. 59
- ↑ Учебное пособие по органическому сельскому хозяйству. — С. 57 — 58
- ↑ Компост: превращение отходов в доходы
- ↑ Can Compost Be Used As Mulch: Information On Using Compost As Garden Mulch
- ↑ Hugelkultur: What is it, and should it be used in home gardens? Архівавана 9 ліпеня 2018.
- ↑ Black soldier fly (BSF) larvae make good animal feed and compost Архівавана 12 ліпеня 2019.
- ↑ Компостный туалет и выгребная яма. Разбираемся, какой сельский туалет экологичнее
- ↑ Cities should offer compost services to reduce the impact of America’s waste problem
- ↑ Composting as a Waste Management Technique
- ↑ Гл.: Compendium of Sanitation Systems and Technologies 2nd Edition
- ↑ «За вывоз мусора мы платим 300—400 евро каждые 6 месяцев» Архівавана 11 лістапада 2018.
- ↑ Как делается компост и кому он нужен?
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Аб прыгатаўленьні кампосту. // Саха. Беларускі месячнік сельскай гаспадаркі і коопэрацыі. № 4. 1931. — С. 90 — 91
- Апанасенка І. П. Ваш прысядзібны ўчастак — Мн.: Полымя, 1993. ISBN 5-345-00651-2
- Босак, В. Н. Органические удобрения / В. Н. Босак. — Пинск : ПолесГУ, 2009
- Лайкоў, М. Як выкарыстаць водкіды гаспадаркі на ўгнаенне глебы / М. Лайкоў. — Мн.: Беларус. дзярж. выд-ва, 1929
- Ручай, Н. Экологическая биотехнология : учеб. пособие для студентов специальности «Биоэкология» Архівавана 18 ліпеня 2021. / Н. С. Ручай, Р. М. Маркевич. — Мн.: БГТУ, 2006 ISBN 985-434-657-9
- Учебное пособие по органическому сельскому хозяйству. / Ред. Надья Сиалабба. — Будапешт: Продовольственная и сельскохозяйственная организация объединенных наций, 2017 ISBN 978-92-5-409968-8
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Кампост на Вікісховішчы |