Перайсці да зместу

Камедыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алегорыя камедыі, Карл Ванло, 1752.

Камедыя (стар.-грэч.: κωμῳδία, ад κῶμος, kỗmos, «свята ў гонар Дыяніса» і ἀοιδή/ᾠδή, aoidḗ / ōidḗ, «песня») — адзін з жанраў драмы і кіно, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага жанру» проціпастаўлялася «высокаму жанру» — трагедыі.

Разнавіднасці камедыі

[правіць | правіць зыходнік]

Сярод разнавіднасцей камедыі — памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, фарс, буфанада і г.д. Сродкамі камедыйнай выразнасці выступаюць іронія, гумар, гратэск, сарказм і інш. Камедыя высмейвае негатыўныя з’явы сацыяльнага жыцця, заганы чалавечага характару, з дапамогай смеху сцвярджае станоўчы ідэал.

Камедыя ўзнікла ў Старажытнай Грэцыі на мяжы VIV стст. да н.э. з выкрывальных песень удзельнікаў святаў і з фальклорных бытавых, парадыйна-міфалагічных сцэнак. Тады камедыя характарызавалася вострай палітычнай накіраванасцю, фантастычнымі і рэальнымі сюжэтамі, у якіх дзейнічалі міфічныя персанажы, жывёлы, гетэры, воіны, палітыкі, дзеячы культуры і да т.п. «Бацькам» камедыі лічыцца старажытнагрэчаскі драматург Арыстафан. Была вядома ў Старажытным Рыме (камедыёграфы Плаўт, Тэрэнцый), у эпоху Сярэднявечча (пераважна ў форме фарсаў і інтэрлюдый). Найбольшага росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вегі, П. Кальдэрона, У. Шэкспіра, Ж.-Б. Мальера і інш. Значны ўплыў на заходнееўрапейскую камедыю аказала італьянская «камедыя дэль артэ» (камедыя масак), спектаклі якой ставіліся падчас святаў на плошчах і вуліцах гарадоў. Паспяхова развівалася ў XVIIIXIX стст. у розных еўрапейскіх краінах — Італіі (К. Гоцы, К. Гальдоні), Англіі (Г. Філдынг, Р. Шэрыдан), Расіі (І. Крылоў, А. Грыбаедаў, М. Гогаль, М. Салтыкоў-Шчадрын).

Камедыя ў Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі камедыя вядома са старажытнасці; яе элементы праяўляліся ў народных гульнях, святах, рытуалах, тэатралізаваных паказах. У пастаноўкі школьнага тэатра, народнай драмы, батлейкі ўключаліся камедыйныя сцэнкі. У другой палове XIX ст. на высокі прафесійны ўзровень камедыю ўзнялі творы В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты». У пачатку XX ст. выдатныя камедыйныя п’есы пісалі Я. Купала, У. Галубок, К. Каганец, М. Чарот і інш. Яркія ўзоры камедыі стварылі К. Крапіва, В. Вольскі, А. Макаёнак, М. Матукоўскі, А. Петрашкевіч, А. Дудараў, іх творы вызначаліся актуальнасцю зместу, каларытнасцю характараў, непрымірымасцю да чалавечых заган, сцвярджэннем гуманістычных ідэалаў.

  • Культуралогія: Энцыкл. давед. / Э. С. Дубянецкі; Маст. А. А. Глекаў. — Мн.: БелЭн, 2003. — 384 с.: іл. ISBN 985-11-0277-6