Джон Джэй (англ.: John Jay; 12 снежня1745 — 17 мая1829) — амерыканскі дзяржаўны дзеяч, адзін з бацькоў-заснавальнікаў ЗША, першы старшыня Вярхоўнага суда ЗША, дыпламат, губернатар штата Нью-Ёрк.
Падчас Вайны за незалежнасць Джэй з’яўляўся членам першага і другога Кантынентальнага Кангрэсу. У 1777 годзе ён стаў адным з распрацоўшчыкаў Канстытуцыі штата Нью-Ёрк.
У 1779 Джэй стаў пасланнікам у Іспаніі, дзе спрабаваў пераканаць Іспанію прызнаць незалежнасць Злучаных Штатаў. Іспанія так і не прызнала незалежнасць ЗША да заканчэння вайны ў 1783 годзе. Аднак Джэю ўдалося пераканаць іспанцаў вылучыць гэтак неабходны грашовы крэдыт маладому амерыканскаму ўраду ў памеры 170 000 долараў.
У 1782—1783 гадах Джэй знаходзіўся ў Парыжы, дзе разам з Франклінам удзельнічаў у перамовах з Францыяй і Вялікабрытаніяй аб прызнанні незалежнасці ЗША і сканчэнні вайны.
У 1788 Джэй актыўна адстойвае ратыфікацыю Канстытуцыі ЗША штатам Нью-Ёрк і ўдзельнічае ў напісанні Запісак федэралістаў разам з Гамільтанам і Мэдысанам.