Дакумент
Дакумент (лац.: documentum — узор, сведчанне, доказ, любы матэрыяльны аб’ект) — акт у пісьмовай форме, які пацвярджае наяўнасць фактаў пэўнага значэння.
Важны від дакументаў — розныя пасведчанні, якія пацвярджаюць асобу чалавека, яго прыналежнасць да якой-небудзь арганізацыі або дазвол займацца пэўнай дзейнасцю.
Запіс інфармацыі на розных носьбітах па ўсталяваных правілах называецца дакументаванне, і ўяўляе сабой працэс стварэння і афармлення дакументаў. Пры дакументаванні неабходна ўлічваць дзеючыя нормы заканадаўства, кампетэнцыю аўтара і выконваць агульнадзяржаўныя правілы складання і афармлення дакументаў. Адказнасць і паўнамоцтвы ў галіне справаводства павінны быць дакладна вызначанымі і абвешчанымі.
Сукупнасць дакументаў, прысвечаных якому-небудзь пытанню, з’яве, працэсу, асобе, установе і г. д., называецца дакументацыяй.
Дакладная запіска — дакумент, які ствараецца для выкладання якога-небудзь пытання з высновамі і прапановамі. У залежнасці ад зместу і мэтавага прызначэння адрозніваюць дакладныя запіскі ініцыятыўныя і справаздачныя. Мае ўступную і высноўную часткі.
Указанне — арганізацыйна-распарадчы дакумент, які выдаецца па пытаннях інфармацыйна-метадычнага характару, а таксама звязаных з арганізацыяй выканання загадаў, інструкцый і іншых актаў.
Інструкцыя — прававы акт, які выдаецца органамдзяржаўнага кіравання (ці зацвярджаецца яго кіраўніком) у мэтах усталявання правілаў, якія рэгулююць арганізацыйныя, навукова-тэхнічныя, фінансавыя і іншыя спецыяльныя бакі дзейнасці ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў, службовых асоб і грамадзян.