Вегетатыўны стан
Вегетатыўны стан | |
---|---|
МКБ-10-КМ | R40.3 |
МКХ-9 | 780.03 |
MeSH | D018458 |
Вегетатыўны стан (таксама вегетатыўнае жыццё) вызначаецца як адсутнасць магчымасці да самаадвольнай ментальнай актыўнасці (дэкартыкацыя) з-за шырокіх пашкоджанняў або дысфункцыі паўшар'яў галаўнога мозга з захаваннем дзейнасці дыенцэфальнай вобласці і ствала мозгу, якія захоўваюць вегетатыўныя і рухальныя рэфлексы, а таксама цыкл змены сну і няспання.
Розныя дыфузныя паразы галаўнога мозгу могуць суправаджацца вегетатыўным станам. Вегетатыўны стан можа вызначацца як пастаянны, калі працягваецца больш 4-х тыдняў. Найбольш частымі прычынамі персістыручага (пастаяннага) вегетатыўнага стану з'яўляюцца цяжкая чэрапна-мазгавая траўма або глабальная аноксія (кіслароднае галаданне) мозгу (напрыклад, пры спыненні сэрца). Такі стан мае дрэнны прагноз для аднаўлення свядомасці. Характарызуючы гэты стан, акадэмік В. А. Нягоўскі адзначае, што «нягледзячы на незваротнае пашкоджанне вышэйшых аддзелаў мозгу, незваротнае парушэнне або страту свядомасці, хворы з'яўляецца жывой істотай з усімі вынікаючымі з гэтага наступствамі, якія тычацца яго правоў і абавязкаў ягоных урачоў».
Калі гэты стан працягваецца больш 6-ці месяцаў, толькі ў невялікай колькасці хворых магчыма частковае аднаўленне свядомасці. У 50% дарослых хворых інтэрактыўная свядомасць вяртаецца на працягу першых 6-ці месяцаў пасля чэрапна-мазгавой траўмы і, звычайна, суправаджаецца перманентным (пастаянным) парушэннем функцыі мозгу, якая прыводзіць да інваліднасці. Пасля 6-ці месяцаў шанцы да выздараўлення прагрэсіўна памяншаюцца. Толькі 10-15% хворых з аноксіяй мозгу прыходзяць у прытомнасць, калі спыненне сэрца адбылося ў шпіталі і 5% хворых са спыненнем сэрца па-за бальнічнымі умовамі. Каля 60% дзяцей прыходзяць у прытомнасць на працягу першага года пасля траўмы мозгу, аднак пасля аноксічнага пашкоджання мозгу прагноз не адрозніваецца ад дарослых хворых. Толькі нязначная колькасць хворых, якія прыйшлі ў прытомнасць праз 6 месяцаў, здольныя абслугоўваць сябе самастойна.