Перайсці да зместу

Біяпаліва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Біяпалівапаліва з біялагічнай сыравіны, якое вырабляюць, звычайна, пасля перапрацоўкі біялагічных адходаў. Ёсць таксама праекты рознай ступені прапрацаванасці, накіраваныя на выраб біяпаліва з цэлюлозы і рознага тыпу арганічных адходаў, але гэтыя тэхналогіі на ранняй стадыі распрацоўкі або камерцыялізацыі. Вылучаюць вадкае біяпаліва (для рухавікоў унутранага згарання, напрыклад, этанол, метанол, біядызель), цвёрдае біяпаліва (дровы, брыкеты, паліўныя гранулы, дранка, салома, шалупінне) і газападобнае (біягаз, вадарод).

Цвёрдае біяпаліва

[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджанае ўжыванне паліўных пелет — цвёрдага паліва з біямасы (адкідаў дрэваапрацоўчых і сельскагаспадарчых вытворчасцяў). Таксама ў цяперашні час еўрапейскія краіны праводзяць эксперыменты па гадоўлі энергетычных лясоў для вытворчасці біямасы. На вялікіх плантацыях выгадоўваюцца хуткарослыя дрэвы: таполя, акацыя, эўкаліпт і іншыя. Выпрабавана каля 20 відаў раслін. Плантацыі могуць быць камбінаванымі, калі паміж шэрагамі дрэў вырошчваць іншыя сельскагаспадарчыя культуры, напрыклад, таполя спалучаецца з ячмянём. Перыяд ратацыі энергетычнага лесу — 6–7 гадоў.

Вадкае біяпаліва

[правіць | правіць зыходнік]

Метадам піролізу з алейных культур пры дапамозе этарыфікацыі выціснутага алею вырабляецца рознае дызельнае паліва (біядызель). Праводзяцца даследаванні па гадоўлі высокапрадуктыўных плантацый алейных водарасцей.

Шляхам ферментацыі з культур, якія змяшчаюць цукрозу і крухмала (злакі, бульба, цукровы бурак), і з папярэднім гідролізам у выпадку выкарыстання расліннай сыравіны, якая ўтрымлівае цэлюлозу (драўніна, салома, раслінныя адкіды) атрымоўваюць этанол (біяэтанол). Этанол ужываецца ў якасці маторнага паліва ў чыстым відзе і ў сумесі з бензінамі, выкарыстоўваецца для вытворчасці этыл-трэт-бутылавага эфіру — якаснага паліва для бензінавых рухавікоў, які з'яўляецца часткова біяпалівам у адрозненне ад метыл-трэт-бутылавага эфіру.

Газавае біяпаліва

[правіць | правіць зыходнік]

У адрозненне ад газіфікацыі вугалю, газіфікацыя біямасы адбываецца пры ніжэйшай тэмпературы. З 1 кг біямасы можна атрымаць да 0,6 кг біягазу, у якім утрыманне вадароду не перавышае ~5% масы. Біягаз таксама атрымоўваюць з гною жывёл метадам метанавага браджэння. Біягаз на 55–75 % складаецца з метану і на 25–45 % з CO2. З тоны гною буйнарагатага быдла (у сухой масе) атрымоўваецца 250–350 кубічных метраў біягазу. Адна з разнавіднасцяў біягазу — лэндфіл газ, які атрымоўваецца на муніцыпальных сметніках бытавых адкідаў.