Перайсці да зместу

Аўтатрансфарматар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аўтатрансфарматар АТДЦТН-125000/330/110

Аўтатрансфарма́тар — электрычны трансфарматар, частка абмоткі якога належыць адразу першаснаму і другаснаму ланцугам.

Перавага аўтатрансфарматара — вышэйшы ККД, бо толькі частка магутнасці падвяргаецца пераўтварэнню праз індуктыўную сувязь — гэта асабліва значна, калі ўваходнае і выходнае напружанні адрозніваюцца нязначна (2-4 разы). Недахоп — адсутнасць гальванічнай развязкі паміж першаснай і другаснай абмоткамі. У аўтатрансфарматары другасная абмотка ёсць часткай першаснай абмоткі і мае непасрэдны электрычны кантакт з сеткай. Патэнцыйна гэта нясе рызыкі: пры парушэнні рэжымаў працы або аварыі на адным баку адбудзецца парушэнне працы і/або аварыя на другім баку. Напрыклад, пры замыканні на зямлю адной з ліній высокага напружання на зямлю, лінія нізкага напружання атрымлівае патэнцыял высокага адносна зямлі. Гэта значыць, у апісаным выпадку, спажыўцы на баку 6 кВ могуць акажуцца пад напружаннем 10 кВ адносна зямлі.

У аўтатрансфарматараў вялікія токі кароткага замыкання і механічныя намаганні ў абмотках у рэжымах кароткага замыкання, што негатыўна ўплывае на надзейнасць. Таксама, пры праектаванні засцярог трэба ўлічваць значэнні токаў кароткага замыкання. У схеме злучэння-зорка, што характэрна для аўтатрансфарматара, вышэйшыя гармонікі могуць павялічваць страты і паскорыць старэнне ізаляцыі.

Абмотка аўтатрансфарматара мае не менш за 3 вывады. Дазваляе ступеньчата або павольна змяняць напружанне ў другасным ланцугу.

Схема аўтатрансфарматара

Акрамя выкарыстання магутных аўтатрансфарматараў на пераўтваральных падстанцыях, аўтатрансфарматары адносна малых магутнасцяў прымяняюцца ў тэлефонных апаратах, радыётэхнічных прыладах, для сілкавання выпрамнікаў і г. д. Досыць шырокае прымяненне рэгуляваныя (рэгулявальныя, лабараторныя) аўтатрансфарматары мелі ў СССР для ручнога рэгулявання сілкавальнага напружання лямпавых тэлевізараў. Прычынай гэтаму тое, што ў электрасетках таго часу нярэдка назіралася падвышанае або паніжанае напружанне, што прыводзіла да парушэння нармальнай працы тэлевізара і нават магло выклікаць яго пашкоджанне. У далейшым для гэтай задачы больш эфектыўна ўжываліся аўтаматычныя ферарэзанансныя стабілізатары. У пазнейшыя гады, у навейшых мадэлях тэлевізараў, замест сілавога трансфарматара стаў прымяняцца імпульсны блок сілкавання, што зрабіла выкарыстанне знешніх стабілізатараў напружання залішнім.

  • Бензарь В. К. Словарь-справочник по электротехнике, промышленной электронике и автоматике. — 2-е изд. — Мн.: Вышэйшая школа, 1985. — С. 9—11. — 176 с. — 20 000 экз.