Аб’яднанне Германіі (1871)
Фармальнае аб’яднанне Германіі ў палітычна- і адміністрацыйна-інтэграваную нацыянальную дзяржаву афіцыйна адбылося 18 студзеня 1871 года ў люстэркавай зале Версальскага палаца ў Францыі. Князі германскіх дзяржаў сабраліся там, каб абвясціць Вільгельма Прускага імператарам Германскай імперыі пасля капітуляцыі Францыі ў франка-прускай вайне. Неафіцыйна, дэ-факта пераход большасці нямецкамоўнага насельніцтва ў федэратыўную арганізацыю дзяржаў адбыўся значна раней, з дапамогай фармальных і нефармальных саюзаў паміж дваранамі, але яны ж, клапоцячыся аб сваіх асабістых інтарэсах, абцяжарвалі працэс аб’яднання, які стаў вынікам росту нацыяналізму на працягу эпохі напалеонаўскіх войнаў, пасля амаль стагоддзя з распаду Свяшчэннай Рымскай імперыі (1806).
Аб’яднанне выявіла некалькі сур’ёзных рэлігійных, моўных, сацыяльных і культурных адрозненняў паміж жыхарамі новай дзяржавы, паказаўшы, што 1871 год з’яўляецца толькі пачаткам у працэсе аб’яднання. Імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі часта называлі «імператарам усіх Германій», што прывяло да з’яўлення выразу «Германіі», і вышэйшае дваранства ў імперыі называлі «прынцамі Германіі» альбо «прынцамі Германій» — землі, якія называлі усходне-франкскімі, кіраваліся як марыянеткавыя каралеўствы, дынастычныя незалежныя дзяржавы, якія ўзначальвалі кіруючыя класы з часоў задоўга да ўзнікнення Карла Вялікага (800 г. н.э.). Улічваючы горную мясцовасць большай часткі тэрыторыі, было відавочна, што розныя народы будуць развіваць культурныя, адукацыйныя, моўныя і рэлігійныя асновы асобна ад астатніх. Але ў дзевятнаццатым стагоддзі ў Германіі вельмі актыўна карысталіся транспартам, і сувязь паміж народамі паляпшалася, з’яўлялася развітая культура, як і ва ўсім свеце пад уплывам развіцця камунікацыйных і транспартных інфраструктур.
Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі уключала ў сябе больш за 500 незалежных дзяржаў, шмат з якіх былі аб’яднаныя пасля таго, як імператар Франц II адрокся ад пасаду (6 жніўня 1806 года) падчас вайны трэцяй кааліцыі і імперыя спыніла сваё існаванне. Нягледзячы на юрыдычныя, адміністрацыйныя і палітычныя канфлікты, звязаныя з распадам Свяшчэннай Рымскай імперыі, насельніцтва яе нямецкамоўных абласцей мела агульныя моўныя, культурныя і прававыя традыцыі, якія ўзмацніліся дзякуючы іх сумеснаму ўдзелу ў французскіх рэвалюцыйных і Напалеонаўскіх войнах. Многія незалежныя дзяржавы таксама мелі асабісты кіруючы клас, феадальныя асацыяцыі, традыцыі і мясцовыя законы. Дваранства перашкаджала аб’яднанню, бо жадала захаваць свае дробязныя прэрагатывы. Еўрапейскі лібералізм прапанаваў інтэлектуальную аснову для аб’яднання, кідаючы выклік дынастычным і абсалютысцкім мадэлям сацыяльнай і палітычнай арганізацыі; яго нямецкія прыхільнікі падкрэслівалі важнасць традыцыі, адукацыі і моўнага адзінства народаў у гэтым рэгіёне. З эканамічнага пункту гледжання стварэнне прускага мытнага саюзу ў 1818 годзе і яго наступнае пашырэнне, якое ўключыла ў яго іншыя дзяржавы Германскага саюзу, знізіла канкурэнцыю паміж дзяржавамі і ўнутры іх. З’яўленне новых відаў транспарту спрыяла развіццю бізнэсу і турызму, што прывяло да кантактавання і часам канфліктавання паміж сабой нямецкамоўнага насельніцтва з усёй Цэнтральнай Еўропы.
Венскі кангрэс 1814—1815 гадоў падтрымаў панаванне Аўстрыі ў Цэнтральнай Еўропе. Тым не менш, удзельнікі перамоваў у Вене не прымалі пад увагу ўплыў Прусіі, які нарастаў сярод германскіх дзяржаў, і не прадбачылі, што Прусія зможа супернічаць з Аўстрыяй за лідарства сярод германскіх дзяржаў. Гэты нямецкі дуалізм меў два шляхі вырашэння праблемы аб’яднанняː малагерманскі (ням.: Kleindeutsche Lösung) пад вяршынствам Прусіі і вялікагерманскі (ням.: Großdeutsche Lösung) пад вяршынствам Аўстрыі.
Гісторыкі спрачаюцца, ці Ота фон Бісмарк, прэм'ер-міністр Прусіі, меў генеральны план па пашырэнні Паўночна-Германскай канфедэрацыі 1866 года, аб’яднаўшы астатнія незалежныя германскія дзяржавы, ці проста жадаў пашырыць уладу каралеўства Прусія. Яны прыходзяць да высновы, што фактары і трываласць рэальнай палітыкі Бісмарка прывялі раннія сучасныя дзяржавы да рэарганізавання палітычных, эканамічных, ваенных і дыпламатычных адносін у дзевятнаццатым стагоддзі. Рэакцыяй на дацкі і французскі нацыяналізмы стала выражэнне германскага адзінства. Ваенныя поспехі, асабліва прускія, у трох рэгіянальных войнах паспрыялі з’яўленню энтузіязму і гонару, які выкарысталі палітыкі для аб’яднання. Гэтыя войны нагадалі аб узаемнам доўгу ў войнах супраць Напалеона, асабліва ў вызваленчай вайне 1813—1814 гадоў. Такім чынам, палітычнае і адміністрацыйнае аб’яднанне ў 1871 годзе па меншай меры часова вырашыла праблему дуалізму, усталяваўшы адзіную Германію, але без Аўстрыі.
Для паляпшэння артыкула пажадана |