Абхазія
Абха́зія (абх.: Аҧсны [apʰsˈnɨ], груз. აფხაზეთი [ɑpʰxɑˈzɛtʰi]) — рэгіён у паўночна-заходняй частцы паўднёвага схілу Галоўнага Каўказскага хрыбта, на паўночна-ўсходнім узбярэжжы Чорнага мора. Уключае 7 гістарычных абласцей: Малую Абхазію, Бзыпын, Гуму, Абжуа, Самурзакан, Даў-Цабал, Псху-Аібга.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]З паловы XVI ст. павялічваецца залежнасць Абхазскага княства ад Турцыі, што выявілася ў ісламізацыі значнай колькасці абхазцаў.
Гэтыя працэсы прыводзяць да супраціўленняў мясцовага насельніцтва, якія выражаліся ў антытурэцкіх паўстаннях, найбольш буйныя з якіх праходзілі ў 1725, 1733, 1771 і 1806 гадах. У той самы час, калі Турцыя імкнулася да поўнай асіміляцыі абхазцаў, Расія на сваім баку Каўказскага хрыбта праводзіла дэпартацыі ў Асманскую імперыю абхазаў, абазінаў і чэркесаў.
Аднак, знаходзячыся паміж дзвюма аднолькава варожымі бакамі — расійскім і турэцкім, Абхазскае Княства пасля чарговага антытурэцкага паўстання звярнулася да цара Аляксандра І з просьбай аб пратэктараце. 17 (19) лютага 1810 быў прыняты маніфест імператара аб далучэнні Абхазскага Княства да Расійскай Імперыі. Аднак пасля 54 гадоў знаходжання ў складзе Расіі княства ператварылася ў Сухумскую ваенную акругу, ліквідуючы такім чынам уладу і шырокія паўнамоцтвы мясцовых князёў.
Такі паварот падзей прывёў у 1866 годзе да антырасійскага паўстання, якое было звязана не толькі з ліквідацыяй княства, але і з прымусовым пераводам змусульманеных абхазаў у праваслаўе. Паўстанне было задушана, а неўзабаве пачалася расійска-турэцкая вайна 1877—1878 гг. Па яе заканчэнні абхазы-мусульмане, незадаволеныя палітыкай Расіі, былі змушаны эміграваць у Турцыю, што прывяло да памяншэння колькасці насельніцтва Абхазіі амаль удвая.
У XX ст. да двух асноўных бакоў канфлікту — расійскага і турэцкага — далучаецца трэці — грузінскі. Пасля кароткага часу існавання савецкай улады ў 1918 годзе ў Абхазіі, яе тэрыторыю занялі грузінскія войскі, што прывяло гэтым разам да антыгрузінскага паўстання ў лютым-сакавіку 1921 года. Стварылася асобная адміністрацыйная адзінка — Абхазская ССР, якая, згодна з Саюзным дагаворам паміж Абхазіяй і Грузіяй ад 16 снежня 1921, стварыла з Грузінскай ССР ваенны, палітычны і фінансава-эканамічны саюз. Пасля 10-ці гадоў знаходжання ў складзе гэтага саюза, Абхазія атрымала статус аўтаноміі ў складзе Грузінскай ССР[1].
Грузіна-абхазкая вайна 1992—1993 гадоў
[правіць | правіць зыходнік]У лютым 1992 года Ваенны Савет Грузіі, які прыйшоў да ўлады ў выніку ўзброенага перавароту, прыняў рашэнне аб адмене Канстытуцыі Грузінскай ССР 1978 года і аб аднаўленні дзеяння Канстытуцыі Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі 1921 года, у якой Абхазія як суб’ект дзяржаўна-прававых зносін не значыцца. Такім чынам, на думку абхазскага кіраўніцтва, аднаўленне Канстытуцыі Грузіі 1921 года аўтаматычна азначала незалежнасць Абхазіі[2].
У гэтай сувязі Вярхоўны Савет Абхазіі 23 ліпеня 1992 года вырашыў узнавіць на тэрыторыі Абхазіі дзеянне Канстытуцыі Абхазіі 1925 года, а таксама прыняць новыя сцяг і герб краіны[2].
14 жніўня 1992 года Грузія пачала ваенную аперацыю супраць Абхазіі, якую абхазскія афіцыйныя ўлады разглядаюць як «агрэсію». Грузінскія войскі перайшлі грузінска-абхазскую мяжу і захапілі частку абхазскай тэрыторыі, суправаджаючы свае дзеянні гвалтам над жыхарамі і знішчэннем гістарычных і культурных каштоўнасцей. Узброеныя фарміраванні Абхазіі пры дапамозе Расіі, розных рэгіёнаў Каўказу[крыніца?] здолелі прыпыніць наступленне грузінскай арміі, а затым поўнасцю яе разбіць і выціснуць з усёй тэрыторыі Абхазіі 30 верасня 1993 года.
З лістапада 1993 г. пры ўдзеле міжнародных пасярэднікаў праходзяць перамовы паміж Грузіяй і Рэспублікай Абхазіяй пра урэгуляванне канфлікта. Аднак напружанасць дагэтуль не спадае, таму што абодва бакі не змяняюць свайго прынцыповага бачання статусу Абхазіі.
Фізіка-геаграфічны агляд
[правіць | правіць зыходнік]Большую частку Абхазіі займаюць адгор’і Галоўнага Каўказскага хрыбта, размешчаныя ў паўночнай частцы краіны — Гагрскі, Бзыбскі, Абхазскі і Кадорскі хрыбты. Яны складаюць 75 % плошчы краіны. Вышэйшы пункт — гара Дамбай-Ульген (4046 м). Асноўныя перавалы праз Галоўны хрыбет — Клухорскі (2781 м), Марухскі (2739 м) і іншыя. Паўднёвы ўсход Абхазіі займае Калхідская нізіна, якая распасціраецца да Сухума. Паміж нізінай і гарамі размешчаны пояс перадгор’яў. Шырока распаўсюджаныя карстовые з’явы, маецца мноства карставых пячор — Анакапійская (Наваафонская), Варонья, Абрскіла, Крубера-Груганія (найглыбейшая ў свеце карставая пячора, 2080 м) і іншыя.
З карысных выкапняў вылучаюцца каменны вугаль (запасы больш за 5,3 млн.т.), торф, даламіт, мармур, граніт, вапняк, габбро-дыябазы, крэйда, туф, торф, барыт, свінец, разнастайныя будматэрыялы. На шэльфе і ў Ачамчырскім раёне маюцца невялікія запасы нафты, якія ў цяперашні час не распрацоўваюцца.
Клімат Абхазіі абумоўлены яе ўзбярэжным становішчам і наяўнасцю высакагорных хрыбтоў. На ўзбярэжжа клімат вільготны субтрапічны. Сярэднія тэмпературы студзеня на ўзбярэжжа ад +4°С да +7 °C, у гарах ад +2ОС да −2ОC, ліпеня, адпаведна, ад +22ОС да +24ОC і ад +16ОС да +18 °C. У горах выразна выяўленая вышынная пояснасць, што абумоўлівае вялікія адрозненні ў клімаце розных горных мясцовасцей. Субтрапічны клімат у гарах распасціраецца прыблізна да адзнакі ў 400 м. Вечныя снягі ляжаць на вышыні ад 2700-3000 м. Ападкаў выпадае 1300—2400 мм у год. Вільготнасць паветра 70 % і вышэй. Дажджы ў цёплы перыяд выпадаюць багатымі ліўнямі, адразу пасля іх усталёўваецца сонечнае і гарачае надвор’е. Часам надвор'е змяняецца некалькі раз у дзень. Снег на ўзбярэжжы выпадае не кожны год, зіма пачынаецца ў канцы снежня — студзені, а ўжо ў лютым часта заквітаюць алыча і мімоза. У сакавіку, як правіла, наступае разгар вясны. Мяккасць і вільготнасць клімату абумоўленая высокім хрыбтом, якія затуляюць Абхазію ад паўночна-усходніх вятроў, і ўплывам цёплых і вільготных паўднёва-заходніх вятроў.
Агульная даўжыня 120 рэк — больш за 5 тыс.км. У асноўным гэта імклівыя горныя струмені, што з’яўляецца патэнцыялам развіцця малой гадраэнергетыкі (патэнцыйныя гадраэнергетычныя рэсурсы звыш 3,5 млн кВт). Асноўнымі рэкамі з'яўляюцца Псоў (на расійска-абхазскай мяжы), Інгур (на грузіна-абхазскай мяжы), Кадор, Бзыб, Кяласур, Гуміста. Яны бяруць пачатак у горах Вялікага Каўказа і ўпадаюць у Чорнае мора. Жыўленне пераважна дажджавое і снеговое. Па водазабяспечанасці Абхазія займае адно з першых месцаў у свеце: на квадратны кіламетр тэрыторыі прыходзіцца больш за 1,7 млн м³ рачнога сцёку ў год. На рацэ Гега (прыток Бзыбі) размешчаны Гегскі вадаспад вышынёй па розных дадзеных ад 40 да 55 м. Найбольш вядомыя азёры — Рыца (плошча 1,49 км²), Амткел, Блакітнае возера, Інкіт, Бебяісір.
Глебы на нізінах і ў перадгор'ях спалучаюцца балотныя, субтрапічныя падзолістыя (у асноўным на высокіх тэрасах Інгуры, Бзыбі, Кадоры), красназёмныя і жоўтазёмныя глебы, шырока распаўсюджаныя на ніжніх тэрасах рэк Калхідскай нізіны. У гарах да вышыні 1700 м — перагнойна-карбанатныя і бурыя лясныя глебы, вышэй — дзярновыя і дзярнова-травяністыя горана-лугавыя.
Флора Абхазіі ўключае больш 2000 відаў раслін (з іх 149 відаў — дрэвы і хмызнякі, каля 400 — эндэмікі Каўказа, каля 100 — эндемікі Абхазіі). Лясамі пакрыта звыш 55 % плошчы рэспублікі. У прычарнаморскай паласе, найбольш засвоенай пад культурную расліннасць і ў цяснінах сустракаюцца асобныя масівы шыракалістых лясоў (граб, грабіннік, дуб, каштан і інш.) і алешнікаў. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай піцундскай хвоі. У гарах пераважаюць букавыя (месцамі з самшытам у другім ярусе), на верхняй частцы схілаў — піхтавыя і яловыя лясы. З 2000 м пачынаюцца субальпійскае крывалессе, альпійскія лугі і скальна-шчабністая расліннасць.
У лясах Абхазіі часта сустракаюцца мядзведзь, дзік, рысь, алень высакародны, казуля, тур. У гарах — сарна, каўказскі цецярук, на нізінах можна сустрэць шакалаў. У рэках і азёрах Абхазіі водзіцца фарэль, ласось, сазан, судак і інш. На тэрыторыі Абхазіі размешчаныя Рыцынскі, Гумісцкі, Піцундскі запаведнікі.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Уладзімір Міхневіч. Абхазія — рэгіён канфліктаў// Польскае радыё для замежжа. 13 верасня 2008
- ↑ а б http://www.abhazia.com/book23-111.html Архівавана 4 красавіка 2018.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Абхазія