Імрэ Надзь
Імрэ Надзь | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
венг.: Imre Nagy | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Прэзідэнт | Іштван Добі | ||||||
Папярэднік | Андраш Хегедзюш | ||||||
Пераемнік | Янаш Кадар | ||||||
|
|||||||
Прэзідэнт | Іштван Добі | ||||||
Папярэднік | Мацьяш Ракашы | ||||||
Пераемнік | Андраш Хегедзюш | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Імрэ Хорват | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
7 чэрвеня 1896[1][2][…] |
||||||
Смерць |
16 чэрвеня 1958[1][4][…] (62 гады) |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Жонка | Mária Égető[d] | ||||||
Дзеці | Эржбета Надзь[d] | ||||||
Партыя |
1) РКП(б) (1917-1924) 2)ВСДП (1924-1925) 3) ВСРП (з 1925) |
||||||
Член у | |||||||
Бітвы | |||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
І́мрэ Надзь (венг.: Nagy Imre, 7 чэрвеня 1896, Капашвар, Аўстра-Венгрыя — 16 чэрвеня 1958, Будапешт) — венгерскі палітычны і дзяржаўны дзеяч. Прэм’ер-міністр Венгерскай Народнай Рэспублікі, ініцыятар рэзкіх змен у палітычным курсе дзяржавы, якія выклікалі ўвядзенне сіл Арганізацыі Варшаўскага дагавора ў Венгрыю (Паўстанне 1956 года).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Да другой сусветнай вайны
[правіць | правіць зыходнік]У гады Першай сусветнай вайны Імрэ Надзь быў прызваны ў аўстра-венгерскую армію. У 1916 ён апынуўся ў рускім палоне і быў вывезены ў Іркуцкую губерню, дзе як шмат хто з іншых ваеннапалонных з Аўстра-Венгрыі стаў марксістам. У 1917 годзе ўступіў у РКП(б), у гады Грамадзянскай вайны ваяваў на баку Чырвонай Арміі.
Імрэ Надзь згадваецца «ў пераліку асоб, якія бралі ўдзел у расстрэле царскай сям’і», але «ў яго аўтабіяграфіі гаворыцца аб знаходжанні не на Урале, а ў Сібіры, у раёне Верхнеўдзінска (Улан-Удэ)», а «непасрэдныя доказы датычнасці Імрэ Надзя, а не яго верагоднага цёзкі, да расстрэлу царскай сям’і на дадзены момант не праследжваюцца»[5].
Імрэ Надзь вярнуўся ў Венгрыю толькі ў 1921 годзе. У 1924 ён уступіў у ВСДП, але быў выключаны з яе за крытыку кіраўніцтва ў 1925 годзе, калі ўступіў у марксісцкую Венгерскую сацыялістычную рабочую партыю, дзе займаўся пераважна аграрнымі пытаннямі. За перыяд з 1921 па 1927 гады ён прабыў у зняволенні па палітычных матывах тры гады. З-за бязлітаснасці харцісцкага рэжыму і забароны ВСПП зноў быў арыштаваны і эміграваў у Вену.
У 1929—1944 гадах Імрэ Надзь жыў у СССР, працуючы ў Камінтэрне і Інстытуце сельскай гаспадаркі АН СССР. 17 студзеня 1933 года быў завербаваны ў якасці агента (сакрэтнага асведамляльніка) ДУДБ НКУС СССР. Паколькі ён знаходзіўся ў добрых адносінах з Мікалаем Бухарыным, пасля першага арышту апошняга таксама быў арыштаваны ў ноч з 4 на 5 сакавіка 1938 года, але праз некалькі дзён быў вызвалены. У 1939 быў адноўлены ў шэрагах ВКП(б).
Падчас чыстак 1937—1938 гадоў, у выніку якіх былі рэпрэсаваны Бела Кун і шэраг іншых венгерскіх камуністаў, супрацоўніцтва Надзя з НКУС дазволіла яму выжыць у ходзе частых чыстак[6]. У адпаведнасці з дакументамі, якія знаходзіліся ў архіве КДБ СССР, Імрэ Надзь актыўна супрацоўнічаў з НКУС і пісаў даносы на працавалых у Камінтэрне венгерскіх камуністаў. Па даносам, уласнаручна падпісаным Імрэ Надзем, былі арыштаваны дзясяткі чалавек, з якіх 15 былі расстраляны ці загінулі ў лагерах. Ён меў агентурную мянушку «Валодзя» і, як адзначалі яго начальнікі, працаваў ініцыятыўна, ўмела і бескарысна, матэрыяльнай узнагароды не атрымліваў[7].
Актыўная праца ў НКУС прывяла да таго, што падчас падзей 1956 года спецслужбы СССР доўгі час не распачыналі супраць яго аніякіх дзеянняў да самага апошняга моманту, калі ўсім стала відавочна, што ён збіраецца вывесці Венгрыю з-пад савецкага ўплыву.
У 1941 г. запісаўся добраахвотнікам у Чырвоную Армію, але так і не быў адпраўлены на фронт. Да лістапада 1944 г. працаваў на маскоўскай радыёстанцыі Кошута-Радыё, якая вяла трансляцыю праграм на венгерскай мове для жыхароў Венгрыі, якая з’яўлялася саюзніцай Германіі ў вайне.
Пасляваенныя гады
[правіць | правіць зыходнік]4 лістапада 1944 года Надзь вярнуўся на радзіму з першай групай камуністаў-эмігрантаў. З канца 1944 года ён займаў міністэрскія пасады (пераважна звязаныя з сельскай гаспадаркай) у кааліцыйных урадах Венгрыі. 15 сакавіка 1945 года менавіта ён абвясціў урадавы дэкрэт аб зямлі, згодна з якім усе сяляне надзяляліся ўласнымі ўчасткамі. З 1945 года Імрэ Надзь займаў пасады міністра ўнутраных спраў у кабінеце Золтана Тылдзі і міністра харчавання ў кабінетах Ферэнца Надзя і Іштвана Добі, а таксама быў уведзены ў склад ЦК Венгерскай камуністычнай партыі.
У 1949 годзе Імрэ Надзь па абвінавачванню ў апартунізме быў выключаны з ЦК і зняты з усіх пасад. На пасаду міністра сельскай гаспадаркі быў вернуты толькі пасля «пакаяння» ў снежні 1956 года.
Правал планаў індустрыялізацыі і змены ў СССР пасля смерці Сталіна прывялі да таго, што на пленуме Цэнтральнага кіраўніцтва ВТТ 27 — 28 чэрвеня 1953 года Мацьяш Ракашы быў падвергнуты крытыцы і заменены на пасадзе старшыні ўрада Імрэ Надзем. Новы старшыня ўрада са сваімі прыхільнікамі заняў сур’ёзныя пазіцыі ў партыі. Была праведзена амністыя, спынена інтэрніраванне і забаронена высяленне з гарадоў паводле сацыяльнай прыкметы. Імрэ Надзь спыніў будаўніцтва мноства буйных прамысловых аб’ектаў. капіталаўкладанні былі накіраваны на развіццё лёгкай і харчовай прамысловасці, быў паменьшаны ціск на сельскую гаспадарку, паніжаны цэны на прадукты і тарыфы для насельніцтва[8][9]. На пасадзе старшыні ўрада гэты венгерскі палітык зрабіў шэраг захадаў накіраваных на паляпшэнне жыцця народа (былі паменшаны падаткі, павялічаны заробкі, лібералізаваны прынцыпы землекарыстання), спыніў палітычныя рэпрэсіі. Гэта зрабіла яго папулярным сярод венграў. Згортванне індустрыялізацыі і кааперавання ў сельскай гаспадарцы выклікалі рэзкую крытыку з боку Ракашы і яго прыхільнікаў. Да таго ж зняцце з пасады ў СССР старшыні ўрада Г. М. Малянкова, які выступаў за прыярытэтнае развіццё лёгкай прамысловасці, аслабіла пазіцыі Надзя. У выніку Мацьяш Ракашы, выкарыстаўшы звычайныя сродкі закуліснай барацьбы, змог атрымаць перамогу над праціўнікам, якога значная частка рабочых ужо лічыла сімвалам новай палітыкі, гарантам лепшага жыцця. 18 красавіка 1955 года Імрэ Надзь быў зняты з пасады прэм’ер-міністра і выключаны з партыі.
Новы старшыня ўрада Андраш Хегедзюш быў даволі маладым і не меў уплыву ў партыі, і партыйнае кіраўніцтва (Ракашы, Геро, Фаркаш) працягнула сталінскі курс ва ўсіх галінах грамадскага жыцця[10]. Сярод шырокіх слаёў венгерскага народа гэта выклікала незадавальненне. Стыхійна зараджаліся патрабаванні вяртання да ўлады Надзя, правядзення альтэрнатыўных выбараў, вывада з Венгрыі савецкіх войскаў. Шмат хто з венграў увогуле лічыў сацыялістычны кірунак развіцця сваёй краіны памылковым[11][12]
Падчас Венгерскага паўстання 1956 года
[правіць | правіць зыходнік]У ліпені 1956 года ў абставінах пачаўшыхся народных хваляванняў (вядомых як «Венгерскае паўстанне 1956 года») пленум ЦК ВПП адправіў у адстаўку генеральнага сакратара Ракашы. Новым лідарам ВПП пад ціскам СССР стаў яго бліжэйшы паплечнік Эрнё Герэ, які не карыстаўся падтрымкай нават сярод членаў ЦК. 23 кастрычніка пачалася масавая студэнцкая дэманстрацыя ў Будапешце. Дэманстранты знеслі помнік Сталіну і спрабавалі захапіць шэраг будынкаў у Будапешце. У такіх абставінах 24 кастрычніка Надзь быў прызначаны на пасаду Старшыні савета міністраў Венгрыі. Ён адразу імкнуўся не змагацца з паўстаннем, а ўзначаліць яго. 28 кастрычніка ён прызнаў народнае абурэнне справядлівым, савецкая армія была выведзена са сталіцы, органы дзяржбяспекі былі ліквідаваны. Але адзінства ўлады ў краіне не было: існавалі неадольныя супярэчнасці між ім і Міндсенці. Таксама Надзь не здолеў узяць пад кантроль вулічныя хваляванні — адзін з лідараў баявікоў, Ёжэф Дудаш, адкрыта заклікаў не прызнаваць урад Надзя. Прызначаныя Надзем кіраўнікі рэвалюцыйных узброеных сіл Пал Малетэр і Бела Кірай займалі супрацьлеглыя пазіцыі ў адносінах да пагромшчыкаў, у выніку чаго большая частка ваенных адмовілася падпарадкоўвацца абодвум з іх.
У выніку аказаць дзейснае супраціўленне ўводу савецкіх войск не атрымалася. 1 лістапада Надзь абвясціў, што Венгрыя выходзіць з Арганізацыі Варшаўскага дагавора, а таксама дэклараваў нейтралітэт краіны. Ён нават звярнуўся ў ААН з просьбай абараніць суверэнітэт Венгрыі, але гэта ўжо нічога не вырашала: 4 лістапада савецкія танкі ўвайшлі ў Будапешт.
Надзь укрыўся ў пасольстве Югаславіі. 22 лістапада праз падман ён быў выцягнуты адтуль і праз тэрыторыю Румыніі вернуты. Хрушчоў не жадаў смерці Надзя: ён улічваў пазіцыю Югаславіі. На пасяджэнні ЦК 1958 г. Хрушчоў адзначыў: «Правіць цвёрдасць і велікадушнасць». Суд некалькі разоў адкладваўся па просьбе Масквы і быў праведзены ў момант чарговага абвастрэння адносін з Югаславіяй.
Імрэ Надзь быў павешаны 16 чэрвеня 1958 г. («за дзяржаўную здраду»). Савецкім кіраўніцтвам ён быў абвінавачаны ў рэстаўрацыі капіталізму; паводле фармулёвак тагачаснай публікацыі, «Імрэ Надзь з аднадумцамі лічылі, што дзяржава народнай дэмакратыі з’яўляецца дзяржавай капіталістычнага кшталту, а нацыяналізаваныя прамысловыя прадпрыемствы на з’яўляюцца сацыялістычнымі, з’яўляючыся дзяржаўна-капіталістычным сектарам. Такім чынам яны спрабавалі дамагчыся ліквідацыі дыктатуры пралетарыяту»[13].
Пісаць прашэнне аб памілаванні адмовіўся, сказаўшы, што гісторыя і сусветны камуністычны рух рассудзяць, чыя была праўда[14].
Пасмяротнае прызнанне
[правіць | правіць зыходнік]Пасля падзення камуністычнага рэжыму ўрачыста перапахаваны ў ліпені 1989 года. Абвешчаны нацыянальным героем Венгрыі.[15]
у 1990 годзе згодна з ініцыятывай М. С. Гарбачова КДБ СССР перадаў дакументы ад супрацоўніцтве Надзя з НКУС генеральнаму секратару ЦК ВСРП К. Гросу, які па даручэнні Палітбюро паведаміў пра знойдзеныя факты на пленуме ЦКВСРП. Было прынята рашэнне не публікаваць і нават не абмяркоўваць атрыманыя дакументы. Копіі гэтых дакументаў знаходзяцца ў архіве Будапешта і доступ да іх закрыты[16].
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Imre Nagy // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Imre Nagy // Gran Enciclopèdia Catalana — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ↑ а б Bell A. Encyclopædia Britannica — Encyclopædia Britannica, Inc., 1768.
- ↑ Imre Nagy // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Большевики и расстрел царской семьи(недаступная спасылка)
- ↑ Johanna GranvilleImre Nagy aka «Volodya»-A Dent in the Martyr’s Halo?. // Cold War International History Project Bulletin. лета 1995.
- ↑ Мусатов В. Л. Трагедия Имре Надя // Новая и новейшая история. — 1994. — № 1. — С. 170.
- ↑ История Венгрии. Т. III. — М.: «Наука», 1972 — С. 633—635.
- ↑ Контлер 2002, с. 548-549.
- ↑ Лавренов, 2003. С. 146.
- ↑ Контлер 2002, с. 552-554.
- ↑ Венгрия Архівавана 5 лютага 2009.//www.krugosvet.ru
- ↑ Тюльпанов С. И. Критика современного ревизионизма в вопросах государства // Правоведение. — 1958. — № 4. — С. 12-21.
- ↑ ВЕНГЕРСКАЯ "ОТТЕПЕЛЬ 56-ГО(недаступная спасылка)
- ↑ Kamm, Henry. Hungarian Who Led '56Revolt Is Buried as a Hero The New Yorc Times. 17 чэрвеня 1989
- ↑ Медведев Р. Юрий Андропов: Неизвестное об известном. — М.: Время, 2004. С. 67.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Johanna Granville. The First Domino: International Decision Making During the Hungarian Crisis of 1956(недаступная спасылка). — Texas A & M University Press, 2004. — ISBN 1-58544-298-4.
- Контлер Л. История Венгрии. Тысячелетие в центре Европы = A History of Hungary: Millenium in Central Europe (руск.). — М.: Весь мир, 2002. — 656 с. — ISBN 5-7777-0129-9.
- Тибор Мераи. 13 дней. Имре Надь и венгерская ревоолюция 1956 года. — Логос, 2007. — ISBN 978-5-98704-250-2.
- Янош М. Райнер. Имре Надь. Премьер-министр венгерской революции 1956 года. Политическая биография. — Логос, 2006. — ISBN 5-98704-185-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Шурыгин В. Письма мёртвого капитана
- Нарадзіліся 7 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1896 годзе
- Нарадзіліся ў Капашвары
- Памерлі 16 чэрвеня
- Памерлі ў 1958 годзе
- Памерлі ў Будапешце
- Пахаваныя ў Будапешце
- Члены Венгерскай акадэміі навук
- Асобы
- Памерлі 28 чэрвеня
- Памерлі ў 1953 годзе
- Прэм’ер-міністры Венгрыі
- Міністры сельскай гаспадаркі Венгрыі
- Кіраўнікі Венгрыі
- Міністры замежных спраў Венгрыі
- Рэвалюцыянеры Венгрыі
- Рэвалюцыянеры Расіі
- Камуністы Венгрыі
- Марксісты
- Пакараныя смерцю рэвалюцыянеры
- Пакараныя смерцю палітыкі
- Павешаныя
- Венгерскае паўстанне 1956 года
- Ваеннапалонныя Першай сусветнай вайны (Аўстра-Венгрыя)
- Правадыры паўстанняў
- Члены Выканкама Камінтэрна