McLaren MP4/4
McLaren MP4/4, вядомы таксама як McLaren-Honda MP4/4 — адзін з найпасьпяховейшых аўтамабіляў у гісторыі Формулы-1. Удзельнічаў у чэмпіянаце 1988 року з турбарухавіком Honda V6 RA168E аб’ёмам 1,5; на ім ганялі Ален Прост і Айртан Сэна з каманды Макларэн. Распрацоўкай аўтамабілю кіраваў інжынэр з ЗША Стыў Нікалз, шасі — Рон Дэніс.
«Хонда» ўжо дапамагла сваімі рухавікамі заваяваць Кубкі канструктараў у 1986 і 1987 роках, а на сэзон 1988 року яны перайшлі ад «Ўільямза» на «МакЛарэн», якія мелі клопат з сваімі рухавікамі TAG-Porsche. Галоўным распрацоўнікам новага рухавіка стаў Осаму Гота; зь ім балід MP4/4 стаў адным з самых дамінуючых аўтамабіляў Формулы-1: здабыў перамогі ва ўсіх гонках сэзону, акрамя аднае, а таксама ўсе поўл-пазыцыі, акрамя аднае[1].
Стварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1987 МакЛарэну з прыватнымі рухавікамі TAG-Porsche стала цяжка спаборнічаць з камандамі, якіх падтрымлівалі буйныя вытворцы. Распрацаваны Стывам Нікалзам McLaren MP4/3-TAG здабыў тры перамогі, прынесшы Алену Просту чацьвертае месца ў асабовым заліку і другое месца ў Кубку канструктараў. Дзякуючы гэтаму Айртан Сэна перайшоў у МакЛарэн, а Хонда вырашылі пакінуць Ўільямз і з наступнага сэзону стварыць рухавік МакЛарэну.
Сэзон 1988 року быў апошнім з дазволеным выкарыстаньнем турбарухавікоў; з 1989 маглі выкарыстоўвацца толькі безнаддзімальныя рухавікі. Большасьць камандаў вырашыла перайсьці на новы тып рухавікоў загадзя, пагатоў ФІА ўвяла абмежаваньні для тых, хто застаўся на турбанадзімальных. Стыў Нікалз вырашыў распрацоўваць аўтамабіль пад выкарыстаньне чыста турбарухавіка нягледзячы на тое, што гэта ставіла каманду ў нявыгадныя ўмовы ў параўнаньні з супернікамі (напрыклад, дазвол на выкарыстаньне толькі 150 літраў паліва на гонку ў адрозьненьне ад неабмежаванага аб’ёму для безнаддзімальных рухавікоў).
У выніку МакЛарэн стварыў для сэзону 1988 року цалкам новы аўтамабіль MP4/4 у адрозьненьне ад большасьці іншых камандаў, якія паляпшалі ці дапрацавалі ўласныя леташнія баліды (Лотус, Тырэл, Фэрары, Эраўз ды іншыя)[2].
Чэмпіянат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З падпісаньнем Айртана Сэны і ўжо маючы ў складзе Алена Проста сытуацыя для МакЛарэнаў стала выглядаць аптымістычна. Былі толькі асьцярогі наконт абмежаваньня аб’ёму паліва 150 літрамі. Каманда рухавіку Хонда занялася аптымізацыяй спажываньня паліва, працы скончыліся літаральна перад пачаткам чэмпіянату: першыя выпрабаваньні зладзілі толькі за тыдзень да першага Гран-пры, але Сэна заваяваў поўл-пазыцыю, а Прост стаў трэцім.
Да 1988 року найпасьпяховейшым балідам у гісторыі Формулы-1 быў Макларэн 1984 року MP4/2, які перамог у 12 з 16 гонак — тады пілётамі былі Ален Прост і чэмпіён сьвету Нікі Ляўда (які абышоў Проста ў агульным заліку ўсяго на паўпункты). MP4/4 пераўзышоў MP4/2 ня проста паводле колькасьці перамог у гонак, але і ў кваліфікацыях. МакЛарэн перамог у 15 з 16 гонак (прычым у дзесяці ягоныя пілёты заваявалі першыя два месцы), а Прост фінішаваў першым або другім у 14 гонках з 16 (у астатніх двух ён сыходзіў з трасы). Акрамя таго, МакЛарэны заваявалі 15 з 16 поўлаў (13 рэкордных зь якіх здабыў Сэна), 12 разоў разам пачыналі зь першай лініі, а таксама ўсталявалі 10 найхутчэйшых колаў. Толькі аднойчы, на Гран-пры Італіі ў Монцы, перамог гоначнік Фэрары Гергард Бэргер, бо ў той гонцы абодва пілёты МакЛарэну выбылі.
Магчыма, самым відавочным прыкладам дамінацыі баліду MP4/4 ў тым сэзоне можна назваць другое Гран-пры ў Сан-Марына. Сэна і Прост кваліфікаваліся на трасе працягласьцю 5,040 км з вынікам меней за 1:27 с (Сэна на 0,7 хутчэйшым за Проста), а ніводзін зь іншых гоначнікаў не перакрочыў 1:30. Трэцім на старце быў дзейны чэмпіён Нэльсан Піке на машыне Lotus 100T, якая мела такія ж рухавікі Хонды, што і МакЛарэн. Піке змог паказаць вынік толькі 1:30,500. Лотас нават паказаў найбольшую максымальную хуткасьць (302 км/г, на 1,5 км/г хутчэй за МакЛарэнаў), але ў цэлым па трасе паскарэньне машыны МакЛарэн і прыціскавая сіла былі недасяжнымі. У гонцы абодва МакЛарэны на 55-м коле з 60-ці абышлі астатніх удзельнікаў больш чым на кола, улучна з Піке, які фінішаваў 3-м. Таксама Прост і Сэна адзіны паказалі на трасе найхутчэйшыя колы меней за 1 хвіліну 30 сэкундаў, што на 1,5 сэкунды больш за трэцяе месца Фэрары Гергарда Бэргера і на 2,8 с — за вынік Нэльсана Піке, які ў гэтым паказьніку быў толькі дзявятым. Да таго ж найхутчэйшыя колы МакЛарэнаў у гонцы сталі лепшымі нават за вынік Піке ў кваліфікацыі, што паставіла канчатковую кропку ў дамінацыі каманды ў тым Гран-пры.
Аўто MP4/4 толькі чатыры разы за сэзон выбывала з гонкі: Ален Прост сышоў у Сыльвэрстоўне праз вільготнае надвор’е брытанскага Гран-пры і ў Монцы з прычыны адмовы рухавіка (адзіная адмова рухавіка МакЛарэнаў за сэзон) — а Сэна першы раз вылецеў у Манака, маючы абсалютную перавагу і ў кваліфікацыі, і ў гонцы, дзе на 66-м коле адарваўся ад Проста на 50 сэкундаў, але разьбіўся ў адным з паваротаў; другі ягоны сыход быў у Монцы, дзе Сэна вылецеў за два колы да фінішу, абганяючы на кола Жана-Люі Шлезэра. Прычым падчас кваліфікацыі ў Манака МакЛарэн зноў дамінаваў над усімі супернікамі: Сэна паказаў вынік на 1,4 сэкунды хутчэйшы нават ад знанага майстра Манака Алена Проста, які ў сваю чаргу на 1,2 сэкунды стаў хутчэйшым за трэці вынік Гергарда Бэргера на Фэрары.
Агулам у сэзоне МакЛарэны шэсьць разоў апярэдзілі ў кваліфікацыях іншых пілётаў больш чым на сэкунду (Сан-Марына, Манака, Нямеччына, Партугалія, Японія і Аўстралія), заваявалі 15 поўлаў (13 зь іх Сэна і 2 — Прост) і здабылі 15 перамог. Толькі Гергард Бэргер у Сыльвэрстоўне здолеў адабраць адзін поўл, прычым другое месца заняў другі пілёт Фэрары Мікеле Альбарэта, пазбавіўшы МакЛарэнаў першай стартавай лініі адзіны раз у сэзоне. Вялікабрытанія стала адзінай для Айртана Сэны гонкай, дзе ён ня здолеў кваліфікавацца на першым шэрагу, а для Проста такіх кваліфікацыяў было чатыры (Бразылія, Дэтройт, Вялікабрытанія і Вугоршчына). Найгоршым паказьнікам у кваліфікацыі дла МакЛарэнаў стала Вугоршчына, дзе Прост быў толькі 7-м, хоць Сэна і тут заваяваў поўл.
Падчас кваліфікацыі ў нямецкім Гокенгайме абодва гоначнікі MP4/4 паказалі рэкорд хуткасьці 333 км/г. Другой стала Фэрары Гергарда Бэргрера (328 км/г), а найхутчэйшай сярод не-турбарухавікоў стала машына March-Judd Івана Капэльлі (312 км/г). Аднак гэты паказьнік МакЛарэнаў быў ніжэйшы за хуткасьці камандаў сэзону 1986 (Гергард Бэргер на балідзе Benetton-BMW у Монцы быў хутчэйшы на 18 км/г) і 1987 (Нэльсан Піке на Williams-Honda на 19 км/г таксама ў Монцы) рокаў.
Ня лічачы сыходаў, найгоршай фінішнай пазыцыяй МакЛарэнаў у сэзоне стала 6-е месца на 13-м Гран-пры ў Партугаліі і 4-е месца на наступным Гран-пры ў Гішпаніі (абодва — Сэна). Абодва разы прычынай стала памылка счытваньня аб’ёму паліва ў аўтамабілі Сэны, праз што ён быў вымушаны ехаць павольней, каб фінішаваць. У абодвух гонках перамог Ален Прост.
Па выніках сэзону МакЛарэн-Хонда заваявала і Кубак канструктараў, і індывідуальнае чэмпіёнства (Сэна абышоў Проста за кошт большай колькасьці першых месцаў — 8 супраць 7 — нягледзячы на большую колькасьць пунктаў у апошняга — такая была сыстэма падліку вынікаў). 199 пунктаў каманды сталі на той час рэкорднымі, а адставаньне ад другога месца (Фэрары) склала 134 пункты.
У наступным сэзоне наўзамен аўтамабілю MP4/4 прыйшоў McLaren MP4/5 з 10-цыліндравым рухавіком Хонды. Хоць ён і ня стаў такім пасьпяховым (але гэта ня хіба МакЛарэнаў і Хонды, а паляпшэньні камандаў Фэрары, Ўільямз і Бэнэтон), тым ня меней і ў 1989 року МакЛарэны здабылі Кубак канструктараў, а Прост і Сэна фінішавалі ў выніковым заліку 1-м і 2-м адпаведна.
Колішні гоначнік каманды МакЛарэн Льюіс Гэмілтан праехаў на балідзе MP4/4 ў перадачы Top Gear (хоць у ёй памылкова пазначылі, што ў аўтамабілі стаіць рухавік Хонды 1986 року магутнасьцю 1200 к. с. замест фактычнага 1988 магутнасьцю 650 к. с.). Пазьней Гэмілтан падзяліўся ўражаньнямі зь вядоўцам шоў Джэрэмі Кларксанам: «Гэтая машына мне падабаецца. Гэта адзін з найлепшых дзён майго жыцьця. Нарэшце мая мара пакіраваць гэтым аўтамабілем зьдзейсьнілася».
Спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]MP4/4 быў абраны найлепшым аўтамабілем Формулы-1 усіх часоў рашэньнем інжынэраў і дызайнэраў Формулы-1.
Балід MP4/4 увайшоў у кампутарную гульню Grand Prix Circuit фірмы Accolade для плятформаў Amiga, Amstrad CPC, Apple IIGS, Commodore 64, DOS і ZX Spectrum. Балід Сэны MP4/4 уключаны ў відэагульню 2001 року Gran Turismo 3 пад назовамі «F688/S» (амэрыканскае ды японскае выданьні) і «Polyphony002» (эўрапейская вэрсія), а пазьней таксама ў Gran Turismo 7 пад сапраўднай назвай MP4/4.
Табліца вынікаў у Формуле-1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу](ключ)(тоўстым пазначаныя поўл-пазыцыі, курсівам пазначаныя найхутчэйшыя колы)
Рок | Удзельнік | Рухавік | Шыны | Гоначнікі | 1 | 2 | 3 | 4 | 5 | 6 | 7 | 8 | 9 | 10 | 11 | 12 | 13 | 14 | 15 | 16 | Пкт. | Кубак канструктараў |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1988 | Honda Marlboro McLaren | Honda RA168E V6-тн |
G | Бразылія | Сан-Марына | Манака | Мэксыка | Канада | Дэтройт | Францыя | Вялікабрытанія | Нямеччына | Вугоршчына | Бэльгія | Італія | Партугалія | Гішпанія | Японія | Аўстралія | 199 | 1-е | |
Ален Прост | 1 | 2 | 1 | 1 | 2 | 2 | 1 | Сых | 2 | 2 | 2 | Сых | 1 | 1 | 2 | 1 | ||||||
Айртан Сэна | ДСК | 1 | Сых | 2 | 1 | 1 | 2 | 1 | 1 | 1 | 1 | 10 | 6 | 4 | 1 | 2 |
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- McLaren Honda Turbo: A Technical Appraisal. — Sparkford, Somerset, England; Newbury Park, CA, USA: Haynes Publishing. — (Foulis motoring book series). — ISBN 0854298401
- McLaren MP4/4 1988 (all models) Owners' Workshop Manual: An insight into the design, engineering and operation of the most successful F1 car ever built. — Sparkford, UK: Haynes Publishing, 2018. — (Haynes Service and Repair Manual Series). — ISBN 9781785211379
- The Concise Encyclopedia of Formula One (1998) by David Tremayne.