Перайсьці да зьместу

Трабы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Трабы
лац. Traby
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гарадзенская
Раён: Іўеўскі
Сельсавет: Трабскі
Насельніцтва: 865 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1595
Паштовы індэкс: 231352
Нумарны знак: 4
Геаграфічныя каардынаты: 54°9′27″ пн. ш. 25°54′21″ у. д. / 54.1575° пн. ш. 25.90583° у. д. / 54.1575; 25.90583Каардынаты: 54°9′27″ пн. ш. 25°54′21″ у. д. / 54.1575° пн. ш. 25.90583° у. д. / 54.1575; 25.90583
Трабы на мапе Беларусі ±
Трабы
Трабы
Трабы
Трабы
Трабы
Трабы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Тра́бы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Кляве. Цэнтар сельсавету Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 865 чалавек. Знаходзяцца за 34 км на паўночны ўсход ад Іўя, за 11 км ад чыгуначнай станцыі Юрацішкі; на аўтамабільнай дарозе Юрацішкі — Ашмяны.

Трабы — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры XVIII стагодзьдзя, часткова зруйнаваны Маскоўскім патрыярхатам.

Паводле Хронікі літоўскай і жамойцкай, назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Трабуса[2][a]. Адзначалася старажытнае германскае імя *Thrabo, пазьнейшае Trabe[4].

Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Traby (3 ліпеня 1510 году)[5]; Трабы (1553 год)[6].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле паданьня, зафіксаванага ў другой рэдакцыі Літоўскай хронікі, Трабы заснаваў князь Трабус альбо Трубас, які збудаваў тут замак. Упершыню паселішча ўпамінаецца ў XV ст. як уладаньне князёў Гальшанскіх.

Агульны выгляд, 1898 г.

У 1490—1498 гадох Трабы паступова перайшлі ў валоданьне ваяводы троцкага Альбэрта Гаштольда, унука княгіні Марыі з Гальшанскіх (дачкі Сямёна Трабскага). У 1534 годзе тут збудавалі касьцёл, адкрылася прыватная сьвецкая школа. У 1543 годзе Трабы перайшлі ў валоданьне вялікага князя Жыгімонта Старога, які падараваў іх свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. У мястэчку знаходзілася рэзыдэнцыя вялікага князя, праходзілі зьезды. 3 1558 году Трабы сталі цэнтрам староства, першы староста — Станіслаў Пац. У 1550 годзе ў мястэчку было 33 дамы, 7 службаў.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Трабы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва. У 1690 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Е. Шымковіча, старосты трабскага. Пазьней уладальнікамі Трабаў былі Францковічы, Зяньковічы, з 1774 году — Дамінік Нарбут. У 1784 годзе тут збудавалі драўляную царкву.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вуліца, 1898 г.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Трабы апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні. У 1-й палове XIX стагодзьдзя ў мястэчку працавалі суконная мануфактура (на 1813 год — 156 работнікаў) і мэталаапрацоўчая майстэрня (на 1828 год — 5 работнікаў). Мясцовыя жыхары, апроч земляробства, займаліся ганчарным, суконным і іншымі рамёствамі, дробным гандлем.

У 1851 годзе ў Трабах адкрылася сельская вучэльня (на 1861 год — 45 вучняў). На 1885 год у мястэчку было 57 двароў, валасная ўправа, касьцёл, царква, капліца, школа, юдэйская школа, 12 крамаў, вадзяны млын, двойчы на год праводзіліся кірмашы. На 1897 год — 176 двароў, касьцёл, царква, капліца, сынагога, юдэйская школа, расейская народная вучэльня, 2 хлебазапасныя магазыны, аптэка, вадзяны млын, 5 тытунёвых крамаў, 15 крамаў дробнага тавару, 4 піўныя дамы, штотыднёвыя таргі, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У народнай вучэльні ў 1897 годзе навучалася 67 хлопчыкаў і 16 дзяўчынак, у 1903 годзе — 93 хлопчыкі і 7 дзяўчынак. На 1905 год у Трабах было 1264 дзесяціны зямлі.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Трабы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Трабы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[7]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Трабы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час тут было 176 двароў.

У 1939 годзе Трабы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Юрацішкаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі, у якой было 275 двароў, працавалі млын, ваўначоска, 7-гадовая школа, крама. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 году да 7 ліпеня 1944 году Трабы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. 20 студзеня 1960 году вёска ўвайшла ў склад Іўеўскага раёну. На 1999 год у Трабах быў 351 двор, на 2002 год — 355. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

  • XIX стагодзьдзе: 1866 год — 499 чал., зь іх 159 праваслаўных, 65 каталікоў, 275 юдэяў; 1882 год — 1238 чал. (599 муж. і 639 жан.)[8]; 1897 год — 1083 чал.[9]
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 1080 чал.; 1923 год — 981 чал.[10]; 1940 год — 1340 чал.; 1970 год — 870 чал.; 1999 год — 929 чал.; 2000 год — 842 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2002 год — 816 чал.[11]; 2010 год — 865 чал.

У Трабах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, бібліятэка, дом культуры.

У тэлефонным даведніку 1939 году ўпамінаецца Царкоўная вуліца[12].

Трабы — цэнтар аднайменнага сельскагаспадарчага прадпрыемтсва.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Сынагога
  • Сямён Клінцэвіч (1899—1937) — дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, публіцыст
  • Пятро Юргялевіч (1894—1973) — мовазнаўца, аўтар «Нарысу сучаснай беларускай мовы з гістарычнымі камэнтарамі» (1958).
  1. ^ Прыклады імёнаў з Хронікі літоўскай і жамойцкай: «Емелюс, кроль албанский, учинил Ромуля и Румулюся… Устиагес, кроль медский… кроль напреднейши гишпанский Болгорос… зостал вторым царем гишпанским по отцу своем и деду, которому то имя дано Габис… Париса сына Приамусового, кролевича троянского»[3]
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9. (pdf) С. 237.
  2. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 32.
  3. ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 39—40.
  4. ^ Kapff R. Deutsche Vornamen: mit den von ihnen abstammenden Geschlechtsnamen sprachlich erläutert. — Nürtingen am Neckar, 1889. S. 83.
  5. ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 127.
  6. ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 168.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  8. ^ Krzywicki J. Traby // Słownik geograficzny... T. XII. — Warszawa, 1892. S. 441.
  9. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Іўеўскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2002.
  10. ^ Батвіннік М. Трабы // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 517.
  11. ^ БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 495
  12. ^ Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. — Wilno, 1939. S. 53.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]