Смаргонь (футбольны клюб)
Смаргонь | |||||
Поўная назва | Футбольны клюб «Смаргонь» | ||||
---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1987 | ||||
Горад | Смаргонь, Беларусь | ||||
Стадыён |
«Юнацтва» Умяшчальнасьць: 3200 | ||||
Дырэктар | Аляксандар Плюта[1] | ||||
Галоўны трэнэр | |||||
Чэмпіянат | Найвышэйшая ліга | ||||
· 2023 | 11 месца | ||||
| |||||
Афіцыйны сайт |
«Смаргонь» — футбольны клюб зь Беларусі, прадстаўляе горад Смаргонь Гарадзенскай вобласьці. Першая каманда ў Смаргоні зьявілася ў 1978 годзе, прафэсійны футбольны клюб заснаваны ў 1987 годзе. У чэмпіянатах Беларусі ўдзельнічае з 1992 году, крыху часу прапусьціўшы праз сыход у розыгрыш аматарскага чэмпіянату Гарадзенскай вобласьці. Цяпер выступае ў Найвышэйшай лізе.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першая каманда ў Смаргоні зьявілася ў 1978 годзе. Прафэсійны футбольны клюб пад назвай «Станкабудаўнік» быў закладзены ў 1987 годзе.
У чэмпіянатах Беларусі каманда ўдзельнічала ў 1992—1994 гадах, але паказвала дрэнныя вынікі. У выніку ў 1994 годзе «Смаргонь» перайшла ў чэмпіянат вобласьці. У 1998 годзе клюб вярнуўся ў чэмпіянат краіны, а ў 2002 годзе выйшаў у Першую лігу. У 2003—2005 гадах «Смаргонь» тройчы спынялася ў адным кроку ад выхаду ў Найвышэйшую лігу.
У 2006 годзе каманда пад кіраўніцтвам Георгія Кандрацьева заняла другое месца і выйшла ў Найвышэйшую лігу, дзе дружына спаборнічала ў 2007—2009 гадах. Найлепшым вынікам тых часоў стала 8 месца ў 2008 годзе. У 2009 годзе «Смаргонь» заняла апошняе месца і вярнулася ў Першую лігу. Але і там смаргонцы апынуліся ў ніжняй палове турнірнай табліцы. Сытуацыя выправілася ў 2013 годзе. «Смаргонь» папоўніла склад шэрагам дасьведчаных гульцоў, якія дапамаглі клюбу заняць 6 месца. Адзін зь іх, Сяргей Крот, стаў найлепшым бамбардзірам турніру.
У сэзоне 2014 году пасьля правальнага старту каманда стала трывала набіраць пункты. У другой палове сэзону «Смаргонь» актыўна ўмяшалася ў барацьбу за трэцяе месца, але ў выніку ня здолела пасунуць адтуль «Віцебск» і скончыла сэзон на чацьвертым радку. У 2015 годзе «Смаргонь» фінішавала пятай. У сэзоне 2016 году амаль цалкам абнавіўся склад каманды, і «Смаргонь» спачатку месьцілася ў ніжняй палове табліцы, але пазьней сытуацыя выправілася, і сэзон смаргонцы зноў скончылі на пятым месцы. У пачатку 2017 году замест Мікалая Рындзюка галоўным трэнэрам каманды быў прызначаны ягоны былы памочнік Аляксей Дварэцкі. Пасьля перамог у першых двух турах вынікі «Смаргоні» рэзка пагоршыліся, і першую палову чэмпіянату каманда скончыла на апошнім месцы. Аднак, палепшыўшы вынікі ў другой палове году, «Смаргонь» выйшла з зоны вылету. Тым ня менш, толькі ў апошнім туры каманда забясьпечыла захаваньне месца ў Першай лізе, заняўшы выніковае 13 месца.
Сэзон 2018 году «Смаргонь» пачала пад кіраўніцтвам новага трэнэра Мікалая Гергеля. Пасьля добрага старту каманда пазьней апусьцілася ў ніжнюю частку табліцы. У жніўні Гергель быў звольнены, і трэнэрам зноў быў прызначаны Аляксей Дварэцкі. Каманда скончыла год на 11 месцы пры ўдзеле 15 дружынаў. Пачатак сэзону 2019 году для «Смаргоні» атрымаўся няўдалым — каманда пацярпела шэсьць паразаў у першых шасьці турах, пасьля чаго быў звольнены Аляксей Дварэцкі, а трэнэрам быў прызначаны Павел Раднёнак. Вынікі пасьля гэтага трохі палепшыліся, улетку быў значна зьменены склад каманды, аднак пазьней каманда ізноў стала трываць паразы, у выніку дружына скончыла сэзон на перадапошнім 14 месцы, пасьля чаго Павел Раднёнак пакінуў пасаду. У 2020 годзе «Смаргонь» ачоліў Вячаслаў Герашчанка, каманда ўзмацнілася добрымі выканаўцамі. У выніку атрымалася паказаць добры вынік, «Смаргонь» некаторы час рухалася ў лідэрах і ачольвала табліцу Першай лігі, але пазьней шэраг няўдачаў адкінуў каманду зь першых радкоў. Тым ня менш, клюб завяршыў сэзон на шостым месцы.
У пачатку 2021 году клюб атрымаў прапанову заняць месца ў Найышэйшай лізе, якое стала вакантным пасьля адмовы «Гарадзеі» ад выступаў. Пасьпяхова прайшоўшы працэдуру ліцэнзаваньня, «Смаргонь» у сэзоне 2021 году далучылася да элітнага дівізіёну. Аднак, хутка назьбіраная каманда ня здолела стварыць канкурэнцыю іншым клюбам, і «Смаргонь» разам з рэчыцкім «Спадарожнікам» апынулася ў канцы табліцы. У ліпені «Спадарожнік» зьняўся з турніру, а «Смаргонь» добра падмацавалася і выдала неблагі адрэзак, але пазьней зноў рушылі паразы. У верасьні Герашчанка быў выпраўлены ў адстаўку, камандай стаў кіраваць ягоны памочнік Уладзіслаў Дукса разам з маладым расейскім адмыслоўцам Антонам Міхашонкам, аднак пад іхным кіраўніцтвам смаргонская каманда атрымала дзьве буйныя паразы, пасьля чаго новым трэнэрам стаў Ігар Трухаў. Аднак і ён ня здолеў выправіць сытуацыю, хутка «Смаргонь» пазбавілася шанцаў застацца ў Найвышэйшай лізе і фінішавала на 15 месцы.
У сэзоне 2022 году «Смаргонь» значна абнавіла склад, але здолела запрасіць шэраг дасьведчаных футбалістаў і лічылася адным з магчымых фаварытаў. Старт чэмпіянату атрымаўся няўпэўненым, каманда захрасла ў сярэдзіне табліцы, аднак апасьля сэрыя з 9 перамог запар узняла каманду на першы радок табліцы. Далейшыя страты пунктаў не перашкодзілі за чатыры туры да фінішу гарантаваць павяртаньне ў Найвышэйшую лігу. Пасьля гэтага «Смаргонь» прапусьціла наперад «Нафтан» і заняла выніковае 2 месца.
У 2023 годзе «Смаргонь» была сапраўднай хатняй камандай, здабываючы пункты пераважна ў матчах на родным стадыёне. У першых турах былі пераможаныя «Белшына», «Слуцак», «Нафтан». Таксама каманда ў 11-м туры выгуляла менскае «Дынама», якое было адным зь лідэраў сэзону. Аднак, у гасьцявых матчах каманда доўгі час не давала рады. Толькі ў канцы кастрычніка дружына здолела здабыць выяздную перамогу ў матчы супраць «Энэргетыка»-БДУ. «Смаргонь» знаходзілася ў ніжняй палове табліцы Найвышэйшай лігі, аднак выбыцьцё ёй не пагражала праз таго, што іншыя клюбы атрымалі вялікія штрафы з вылічэньнем пунктаў. У выніку каманда скончыла сэзон на 11-м месцы пры 15 камандаў.
Былыя назвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «Вяльля» (1978—1987)
- «Станкабудаўнік» (1987—1993)
- «Камунальнік» (1993)
- «Смаргонь» (з 1993 году)
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чэмпіянаты БССР, Рэспублікі Беларусь
- 1978: Другая зона чэмпіянату БССР — 10 месца (11 камандаў)
- 1979: Другая зона чэмпіянату БССР — 11 месца (11 камандаў)
- 1987: чэмпіянат «ДФСО прафсаюзаў БССР» — 7 месца (18 камандаў)
- 1988: чэмпіянат «ДФСО прафсаюзаў БССР» — 5 месца (18 камандаў)
- 1989: другая ліга чэмпіянату БССР — 9 месца (12 камандаў)
- 1990: другая ліга чэмпіянату БССР — 3 месца (16 камандаў)
- 1991: другая ліга чэмпіянату БССР — 5 месца (15 камандаў)
- 1992: другая ліга чэмпіянату Беларусі — 16 месца (16 камандаў)
- 1992—1993: другая ліга чэмпіянату Беларусі — 16 месца (16 камандаў)
- 1993: трэцяя ліга чэмпіянату Беларусі — 17 месца (18 камандаў)
- 1997: першая ліга чэмпіянату вобласьці — 1 месца (10 камандаў)
- 1998: другая ліга чэмпіянату Беларусі — 12 месца (14 камандаў)
- 1999: другая ліга чэмпіянату Беларусі — 6 месца (13 камандаў)
- 2000: другая ліга чэмпіянату Беларусі — 4 месца (24 каманды)
- 2001: другая ліга чэмпіянату Беларусі — 2 месца (18 камандаў)
- 2002: першая ліга чэмпіянату Беларусі — 14 месца (16 камандаў)
- 2003: першая ліга чэмпіянату Беларусі — 3 месца (16 камандаў)
- 2004: першая ліга чэмпіянату Беларусі — 3 месца (16 камандаў)
- 2005: першая ліга чэмпіянату Беларусі — 3 месца (16 камандаў)
- 2006: першая ліга чэмпіянату Беларусі — 2 месца (14 камандаў)
- 2007: найвышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі — 10 месца (14 камандаў)
- 2008: найвышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі — 8 месца (16 камандаў)
- 2009: найвышэйшая ліга чэмпіянату Беларусі — 14 месца (14 камандаў)
- 2010: першая ліга чэмпіянату Беларусі — 12 месца (16 камандаў)
- Найбуйнейшыя перамогі — 6:0 (Факел (Ашмяны) — 1989; Вэртыкаль (Каленкавічы) — 2004).
- Найбуйнейшыя паразы — 0:8 (Шыньнік (Бабруйск) — 1978; ЗЛіН (Гомель) — 1992); 1:8 (Тэхноляг (Віцебск) — 1978).
Кубак Беларусі
- 1992: Кубак Беларусі — параза ў 1/16 фіналу
- 1992/93: Кубак Беларусі — параза ў 1/16 фіналу
- 2004/05: Кубак Беларусі — параза ў 1/16 фіналу
- 2005/06: Кубак Беларусі — параза ў 1/16 фіналу
- 2006/07: Кубак Беларусі — параза ў 1/16 фіналу
- 2007/08: Кубак Беларусі — параза ў 1/16 фіналу
- 2008/09: Кубак Беларусі — параза ў 1/8 фіналу
Кубак Фэдэрацыі
- 2007: Кубак Фэдэрацыі — бронза
Прыватныя турніры
- 2006: Кубак «Дарыды» — пераможца турніру
- 2008: Кубак «Дарыды» — бронзавы прызэр турніру
Стадыён
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Стадыён «Юнацтва» мае тры трыбуны — паўднёвую, паўночную й усходнюю — агульнай умяшчальнасьцю 3200 месцаў. Паўднёвая трыбуна накрыта навесамі. Вакол поля ёсьць гумовыя бегавыя дарожкі. У 2005 годзе па сканчэньні рэканструкцыі футбольны стадыён «Юнацтва» пасьпяхова прайшоў працэс ліцэнзаваньня УЭФА, і атрымаў статус эўрапейскага стадыёну.
Колеры клюбу
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За шматгадовую гісторыю колеры клюбу зьмяняліся некалькі разоў. З 1987 па 2000 год каманда гуляла ў зялёных і белых футболках. З 2001 па 2007 па большай частцы былі чырвона-чорна-белыя колеры. З 2008 году генэральны спонсар футбольнага клюбу «Смаргонь» пераапрануў каманду ў жоўта-блакітныя футболкі.
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 13 верасьня 2024 году
|
|
Статыстыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сэзон | Ліга | Месца | Г | В | Н | П | РМ | Пкт | Кубак |
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
2012 | Першая | 10 | 28 | 7 | 10 | 11 | 23-32 | 31 | 1/16 |
2013 | Першая | 6 | 30 | 13 | 7 | 10 | 45-35 | 46 | 1/8 |
2014 | Першая | 4 | 30 | 13 | 7 | 10 | 42–32 | 46 | 1/16 |
2015 | Першая | 5 | 30 | 15 | 8 | 7 | 60–41 | 53 | 1/16 |
2016 | Першая | 5 | 26 | 10 | 8 | 8 | 40–39 | 38 | 1/8 |
2017 | Першая | 13 | 30 | 6 | 11 | 13 | 34–50 | 29 | 1/16 |
2018 | Першая | 11 | 28 | 6 | 10 | 12 | 19–44 | 28 | 1/16 |
2019 | Першая | 14 | 28 | 4 | 6 | 18 | 27–63 | 18 | 1/16 |
2020 | Першая | 6 | 26 | 10 | 6 | 10 | 29–26 | 36 | 1/32 |
2021 | Найвышэйшая | 15 | 30 | 4 | 9 | 17 | 26–66 | 21 | 1/16 |
2022 | Першая | 2 | 24 | 16 | 4 | 4 | 46–27 | 52 | 1/16 |
2023 | Найвышэйшая | 11 | 28 | 7 | 3 | 18 | 28–59 | 24 | 1/16 |
Галоўныя трэнэры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Павал Раднёнак (з траўня 2019 году)[3]
- Аляксей Дварэцкі (жнівень 2018 году — травень 2019 году, в. а. у жніўні — сьнежні 2018 году)[4]
- Мікалай Гергель (2018)[5]
- Аляксей Дварэцкі (2017)[6]
- Мікалай Рындзюк (2015—2016)
- Павал Бацюта (2012—2014)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйны сайт (рас.)