Паэтыка
Паэтыка (па-грэцку: poietike — паэтычнае мастацтва) — тэорыя паэзіі, навука, якая вывучае паэтычную дзейнасьць, яе формы, паходжаньне, значэньне.
Паэтыка — гэта разьдзел тэорыі літаратуры, які тлумачыць пытаньні спэцыфічнай структуры літаратурнага твора, паэтычнай формы, тэхнікі і прыёмаў паэтычнага мастацтва на аснове навукова-мэтадычных перадспасылак. Тэрмін «паэтыка» таксама часам пераносіцца на аб’ект вывучэньня, напр. «пушкінскай паэтыкі», «паэтыкі Шэксьпіра».
Гісторыя паэтыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першыя грунтоўныя тэорыі паэтыкі зьявіліся ў Старажытнай Грэцыі («Пра мастацтва паэзіі» Арыстотэля), Старажытнай Індыі. Да XVIII ст. паэтыка складвалася як нарматыўная, дыктуючы правілы будовы мастацкіх твораў (працы Гарацыя, Буало, В. Традзьякоўскага, М. Ламаносава). Этапнымі ў фармаваньні паэтыкі сталі канцэпцыі Лесінга (вызначыў паэзію як часавае мастацтва ў адрозьненьне ад прасторавага — выяўленчага), Гумбальта (разумеў мову як творчасьць), расейскіх рэвалюцыйных дэмакратаў (В. Бялінскага, М. Дабралюбава, М. Чарнышэўскага, А. Герцэна). Тэзіс В. Бялінскага пра зьмястоўнасьць мастацкай формы, напрыклад, поўнасьцю падтрымлівае сёньняшняя навука. На вывучэньне літаратуры як мастацтва слова зрабілі ўплыў працы А. Весялоўскага па гістарычнай паэтыцы, дасьледаваньні А. Патабні законаў і формаў паэтычна-вобразнага мысьленьня.
У 20-я гады XX ст., у час бытаваньня канцэпцый вульгарнага сацыялізму і фармалізму, узьніклі сацыялягічная і фармальная паэтыка. Першая зь іх тлумачыла (часта залішне просталінейна) усе факты літаратуры гістарычнымі і сацыяльна-эканамічнымі прычынамі. Для другой характэрныя іманэнтнасьць літаратуразнаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі яе (Ю. Тынянаў, Б. Эйхенбаўм, В. Шклоўскі і іншыя літаратары, аб’яднаныя ў таварыства па вывучэньні паэтычнай мовы — ОПОЯЗ) выявілі прынцыпы сюжэтаскладаньня, своеасаблівасьць паэтычнай мовы як тыпу маўленьня, характарызавалі «адзінства і цеснату вершаванага раду» і інш. Некаторыя ідэі фармальнай паэтыкі пазьней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай паэтыкі, абумовіўшы іх моцныя і слабыя бакі.
Новым крокам у распрацоўцы праблемаў паэтыкі зьявіліся працы В. Жырмунскага, В. Вінаградава, Д. Ліхачова, М. Храпчанкі, М. Гаспарава і інш.
Пэўны ўклад у разьвіцьцё паэтыкі ўнесьлі вучоныя Беларусі. Яшчэ ў XVI—XVIII стагодзьдзях паэтыку распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіюмаў, дзе абавязкова вывучалася тэхніка вершаваньня. Л. Зізані у кнізе «Грамматіка словенска…» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсходніх славянаў сьцісла падаў тэорыю пабудовы верша. Грунтуючыся на правілах антычнага вершаваньня, ён даваў тлумачэньні мэтру, стапы, асноўных вершаваных памераў, характару дэклямацыі, зьвярнуў увагу на рыфму (чаго не было ў антычным вершы). М. Сматрыцкі («Грамматики словенския правильная синтагма». Еўе, 1618) імкнуўся перанесьці законы антычнага (мэтрычнага) вершаваньня на ўсходнеславянскую паэзію.
Найвышэйшае дасягненьне тэарэтыка-літаратурнай думкі Беларусі, Літвы і Польшчы XVII—XVIII стагодзьдзяў — працы (на лацінскай мове) М. К. Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамэр» і «Курс паэтыкі», у аснову якіх ляглі лекцыі, прачытаныя аўтарам у Полацку ў 1617—1620 гг. Сарбеўскі прыйшоў да арыгінальных высноваў пра сутнасьць літаратуры, яе месца сярод розных відаў мастацтва, пра суадносіны формы і зьместу, кампанэнты формы, пра паэтычныя жанры і інш. Нарматыўная паэтыка Сарбеўскага паяднала тэарэтычныя палажэньні эпохі Адраджэньня і барока, вызначыла кірунак далейшага разьвіцьця навукі пра літаратуру і самой мастацкай літаратуры Беларусі. У 1786 г. у Магілёве выйшла кніга «Пра мастацтва паэзіі» Ф. Пракаповіча, у якой абгрунтоўваліся прынцыпы клясыцызму.
XIX стагодзьдзе не пакінула значнага сьледу ў беларускай паэтыцы. Найбольшую значнасьць маюць хіба што выказваньні Я. Чачота пра сілаба-танічны верш і І. Насовіча пра народнае вершаваньне.
На пачатку XX ст. да паэтыкі зьвярнуўся М. Багдановіч. Яго меркаваньні пра еднасьць формы і зьместу, пра г. зв. навуковую паэзію і інш. мелі і маюць прынцыповае значэньне для тэорыі беларускага вершаванага слова. Беларуская функцыянальная паэтыка папоўнілася ў 20-я гады ХХ ст. працамі А. Вазьнясенскага «Паэтыка М. Багдановіча» (Коўна, 1926), Я. Барычэўскага «Тэорыя санэту» і «Паэтыка літаратурных жанраў» (Мн., 1927), грунтоўным артыкулам У. Дубоўкі «Рыфма ў беларускай народнай творчасьці» (1927).
Сыстэматычныя дасьледаваньні па паэтыцы пачаліся з 60-х гадоў ХХ ст. З гэтага часу ў Беларусі пачынаецца вывучэньне мэтрыкі і рытмікі верша (І. Ралько, М. Грынчык, В. Рагойша, А. Кабаковіч, В. Ярац, У. Славецкі), яго кампазыцыйных асаблівасьцей і слоўна-паэтычнай вобразнасьці (А. Яскевіч, Я. Шпакоўскі); дасьледчыкі зьвяртаюцца да паэтыкі асобных жанраў: прыказак і прымавак (М. Янкоўскі), загадак (Н. Гілевіч), песень (Н. Гілевіч. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975, А. Ліс, Л. Салавей, В. Коўтун), дзіцячага фальклёру (Г. Барташэвіч. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклёру. Мн., 1976). Зьявіліся таксама спэцыяльныя дасьледаваньні пра паэтыку М. Танка (В. Рагойша. Паэтыка Максіма Танка. Мн., 1968), М. Багдановіч (А. Кабаковіч. Паэзія Максіма Багдановіча. Мн., 1978), некаторых іншых пісьменьнікаў (Стыль пісьменніка. Мн., 1974). Выйшла некалькі вучэбных дапаможнікаў па агульнай паэтыцы для студэнтаў і школьнікаў: «Основы советского литературоведения» І. Гутарава (2-е выд. Мн., 1967), «Уводзіны ў літаратуразнаўства» М. Лазарука і А. Ленсу (2-е выд. Мн., 1982), «Вопросы теории литературы» М. Палкіна (2-е выд. Мн., 1979), «Практыкум па ўводзінах у літаратуразнаўства» А. Майсейчыка (Мн., 1980). Створана некалькі літаратуразнаўчых слоўнікаў: «Кароткі літаратуразнаўчы слоўнік» А. Макарэвіча (2-е выд. Мн., 1969), «Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў» М. Лазарука і А. Ленсу (2-е выд. Мн., 1996).
Разам з тым беларускія літаратуразнаўцы амаль не зьвяртаюцца да гістарычнай і параўнальнай паэтыкі. Беларуская паэтыка разьвіваецца ў рэчышчы ўсёй эўрапейскай паэтыкі, якая стаіць сёньня на мяжы эстэтыкі, літаратуразнаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэньні матэматыкі, кібэрнэтыкі, тэорыі інфармацыі, сэміётыкі. Аднак адзіная мэтодыка дасьледаваньня яшчэ не выпрацавана. Большасьць вучоных, абапіраючыся на дасягненьні гуманітарных і дакладных навук, выступаюць супраць схематызацыі жывых літаратурных зьяваў, што назіраецца ў сучасным структуралізьме, імкнуцца вывучаць элемэнты формы неад’емна ад зьместу твора.
Віды паэтыкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Агульная (тэарэтычная) паэтыка збліжаецца з цэлым шэрагам разьдзелаў тэорыі літаратуры, разглядае ўсе магчымыя спосабы і сродкі ўвасабленьня аўтарскай задумы, іх адпаведнасьць літаратурным родам, відам, жанрам. Так, паэтыка верша аналізуе яго лексыку, тропы, сынтаксіс, інтанацыю, мэтрыку і рытміку, фоніку, рыфмы, строфіку, кампазыцыю, жанры і віды верша.
- Функцыянальная паэтыка дасьледуе эстэтычныя кампанэнты твораў пэўнага літаратурнага напрамку ці пэрыяду, творчасьці пісьменьніка, асобнага жанру, твора.
- Прадмет гістарычнай паэтыкі — паходжаньне і эвалюцыя мастацкіх сродкаў (эпітэт, страфа, сыстэма вершаваньня і г. д.) і катэгорыяў
у залежнасьці ад сацыяльна-гістарычных і чыста літаратурных умоваў. Шырока карыстаецца параўнальна-гістарычным мэтадам дасьледаваньня, імкнецца абагульніць вынікі сусьветнага літаратурнага працэсу.
- Параўнальная паэтыка займаецца тыпалягічным супастаўленьнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстраваньня сьвету дзьвюх ці больш нацыянальных літаратур, засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца дадзенымі мастацкага перакладу.
- Практычную паэтыку складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай паэтыцы, разьлічаныя на шырокага чытача; яе задача —
выхаваньне паэтычнай культуры, азнаямленьне чытачоў з асновамі мастацтва слова (у прыватнасьці, з асновамі вершаваньня).
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4