Кішачнік
Кі́шачнік[1][2] — частка стрававальнага тракту ад страўніка да кутнічнага выйсьця (задняга праходу) ў чалавека і хрыбетных, суставаногіх і кальчакоў[3].
У кішачнаполасьцевых круглых чарвякоў мае выгляд стрававальнай трубкі. У кішачніку адбываецца поласьцевае, прысьценкавае, мэмбраннае і ўнутрывузавае страваваньне ў ходзе ператраўліваньня ежы. Тамсама ўсмоктваюцца пажыўныя рэчывы і вада. У чалавека і хрыбетных жывёлаў падзяляецца на 2 кішкі: 1) тонкую, якая ўлучае 12-палую (дванастку), парожнюю (парожніцу) і падуздышную (падуздышніцу) кішкі; 2) тоўстую, у склад якой уваходзяць сьляпая (сьляпніца), абводная (абводніца), сыгмападобная і простая (кутніца) кішкі[4]. Даўжыня кішачніка кратна перавышае даўжыню цела: у чалавека больш як 3-кратна (4,5—6 мэтраў), а ў сьвіньні — 17-кратна. Утвараецца ў чалавека на 3-м тыдні зародкавага разьвіцьця. Прымацаваны да задняй сьценкі жывата пры дапамозе аточыны (брыжэйкі). Звонку ўкрыты чапцом (брушынай). Сьценка складаецца са: 1) сьлізьніцы (сьлізістай павалокі), укрытай аднаслойнай пакрытніцай (эпітэлем); 2) падсьлізістага слою, 3) цяглічнай абалонкі, якая забясьпечвае чарвярухі (пэрыстальтыку); 4) сэрозы(be) (сэрознай павалокі)[3].
Сьлізьніца тонкай кішкі мае да 150 млн уласна залозаў (крыптаў) і шмат складак, да 4 млн варсінак і мікравырасты пакрытніцавых вузаў, таму паверхня сьлізьніцы мае плошчу да 1300 кв.м. У тоўстай кішцы ўсмоктваюцца вада і мінэральныя солі, а таксама ўтвараюцца лайновыя (калавыя) масы і рашчапляецца абалоніна (клятчатка) расьліннай ежы ад браджэньня і гніеньня, выкліканага мікраарганізмамі. Кровазабесьпячэньне кішачніка адбываецца з галінаў чэраўнай (брушной) аорты — верхняй і ніжняй аточынных (брыжэйкавых) артэрыяў. Адток венознай крыві, што ўтрымлівае прадукты ўсмоктваньня, адбываецца па брамнай (варотнай) вене ў печань. Адток пасакі (лімфы)[5] забясьпечваюць валасьніковыя (капілярныя) пасачныя сеткі варсінак, якія зьліваюцца ў пасачныя судзіны, што дае ўсмоктваньне тлушчаў. Дзейнасьць кішачніка вызначаецца вэгэтацыйнай нэрвовай сыстэмай[3].
Мікрафлёра
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кішачніку дарослага чалавека жыве каля 50 трлн мікраарганізмаў, што амаль на 30 % больш за агульны лік вузаў у людзкім целе. Сярод каля 1000 відаў гэтых мікраарганізмаў асноўную частку складаюць бактэрыі. Яны трапляюць у кішачнік зь першых дзён пасьля нараджэньня з навакольнага асяродзьдзя. Гэтая мікрафлёра за кошт выдзяленьня фэрмэнтаў уплывае на абмен рэчываў, самаадчуваньне і душэўны стан. Карысныя віды мікраарганізмаў зьмяншаюць пагрозу захворваньня на рак, а таксама павышаюць адчувальнасьць да інсуліну для зьніжэньня пагрозы атлусьценьня і цукровага дыябэту 2-га тыпу. Таксама яны ўзмацняюць прыроджаны імунітэт і вылучыюць гама-амінамасьляную кісьлю для працы вузаў мікрагліі ў галаўным мозгу. Нястача карысных мікраарганізмаў у выглядзе хваробаў кішачніку выклікае пагаршэньне памяці і дэпрэсію, раньнюю прыдуркаватасьць і хваробу Паркінсона. Парушэньне мікрафлёры кішачніка садзейнічае такім аўтаімунным хваробам, як алергія. Здаровая мікрафлёра зьмяншчае вадародны паказьнік, што замінае размнажэньню хваратворных бактэрыяў, якія трапляюць у кішачнік зь ежай. Таксама дзякуючы ёй вырабляецца частка патрэбных вітамінаў Б12 (кабаламін), Б2 (рыбафлявін) і К, а таксама біятыну і фоліевай кісьлі. Яна замінае ўсмкотваньню атрутных рэчываў. У выніку мікрафлёра кішачніка ўплывае страваваньне і імунітэт, эндакрынную і цэнтральную нэрвовую сыстэму[6].
Здароўю мікрафлёры кішачніка спрыяе харчаваньне такімі кісламалочнымі вырабамі з найлепшым геномам бактэрыяў, як кефір. Хімічныя кансэрванты ў ежы наадварот прыгнятаюць мікрафлёру, што аслабляе імунітэт. Таксама пры галаданьні бактэрыі спажываюць сьлізьніцу кішачніка, што выклікае сындром раздражнёнага кішачніка, хваробу Крона і запаленьне кішачніка. Такія хваробы выклікаюцца нястачай ужываньня абалоніны (клятчаткі), якая даходзіць да 2/3 ад патрэбы мікрафлёры. Штодзённая патрэба чалавека ў абалоніне складае 14 грамаў на 1000 кілякалёрыяў ежы, што для мужчыны — у сярэднім каля 35 грамаў, а для жанчыны — 30 грамаў. Таму палову харчаваньня маюць займаць салаты і іншая расьлінная ежа, асабліва яблыкі. Патрэбная мікрафлёры абалоніна падзяляецца на фэрмэнтатыўную і ўстойлівы крухмал. Бабовыя, садавіна і ягады ўтрымліваюць фэрмэнтатыўную абалоніну для ператраўліваньня мікрафлёрай. Разам з тым, бабовыя, тэрмічна апрацаваная бульба і кашы зьмяшчаюць устойлівы крухмал, які таксама сілкуе мікрафлёру кішачніка і ўзмацняе яго чарвярухі (пэрыстальтыку). Нястача абалоніны вядзе да хранічнага запору, што выклікае ўсмоктваньне кішачнікам атрутных і ракатворных рэчываў зь ежы, якія ў выніку паступаюць у кроў. Таму хранічны запор служыць чыньнікам узьнікненьня рака кішачніка і іншых органаў. Абалоніна ж садзейнічае хутчэйшаму ачышчэньню кішачніка ад лайновых (калавых) масаў і зьмяншчае засяроджаньне шкодных рэчываў[6].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ А. Стасевіч, С. Варыёцкі. 11. кишечник — кішачнік // Кароткі расейска-беларускі фізыялягічны слоўнік. — Менск: Тэхналёгія, 1993.
- ^ Сяргей Прыхожы, А. Стасевіч, А. Юркін, Аляксандар Сітнік, Ірына Каваленка. 10. кишечник — кішачнік // Кароткі расейска-беларускі фармакалягічны слоўнік. — Менск: Тэхналёгія, 1995.
- ^ а б в Анатоль Леанцюк. Кішэчнік // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 8. — С. 316—317. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
- ^ Павал Трамповіч, Павал Кравайчык. кішка // Беларускія анатамічныя назвы = Nomina anatomica alboruthenica / рэд. Іван Цьвікевіч. — Менск: Інбелкульт, 1927. — Т. ІІ. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
- ^ Віктар Варанец. 27. пасака — лимфа // Беларуска-расейскі слоўнік мэдыцынскіх тэрмінаў. — Горадня: Гарадзенскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, 2001.
- ^ а б Алена Кравец. Кактэйль з бактэрый // Зьвязда : газэта. — 15 верасьня 2021. — № 177 (29546). — С. 7. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |