Кубак сьвету па лыжных гонках
Ку́бак сьве́ту па лы́жных го́нках — штогадовае спаборніцтва па лыжных гонках, якое ладзіцца Міжнароднай фэдэрацыяй лыжнага спорту з 1981 году. Тым ня менш, неафіцыйна розыгрышы кубка праходзілі ў 1973 па 1981 гады. Згодна з пастановай 31-й кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту, які прайшоў 29—30 красавіка 1977 году ў аргентынскім Барылёчэ[1], у пэрыяд з 1978 па 1981 гады спаборніцтвы праходзілі ў экспэрымэнтальным фармаце. Першы этап кубка сьвету ў спаборніцтве сярод мужчынаў прайшоў у Райт-ім-Вінкль у ФРН, а сярод жанчынаў — у месьце Клінгенталь у НДР. Пераможцамі першага сэзону сталі Біл Кох з ЗША і Бэрыт Аўнлі з Нарвэгіі. Сярод звычайных этапаў кубак сьвету ўлучае шэраг адмысловых этапаў, як то Тур дэ Скі, Нордык Оўпэнінг і Фіналы кубка сьвету. Гонкі ў асноўным ладзяцца ў Эўропе, звычайна ў скандынаўскіх краінах і краінах Цэнтральнай Эўропы. Некалькі гонак таксама ладзіліся ў Паўночнай Амэрыцы і Азіі.
Правілы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Спартоўцы імкнуцца здабыць як мага большую колькасьць пунктаў у сэзоне. Яны спаборнічаюць у дзьвюх дысцыплінах, то бок дыстанцыя і спрынт. Цяперашнія гонкі адбываюцца на дыстанцыі 15 км, 30 км, скіятлён і 50 км для мужчынаў і 10 км, 15 км, скіятлон і 30 км для жанчынаў[2]. Спаборніцтвы ладзяцца як з індывідуальным стартам, гэтак і з масавым стартам, а таксама клясычным або свабодным стылямі. У спрынтарскіх гонках спартоўцаў улучаюць у розныя групы на грунце іхных вынікаў у пралёгу, і толькі 30 найхутчэйшых лыжнікаў кваліфікуюцца ў чвэрцьфінал[3]. 12 найлепшых лыжнікаў з чвэрцьфіналу атрымоўваюць квіток у паўфінал, а 6 найлепшых лыжнікаў паўфіналу трапляюць у фінал. Спрынтарскія гонкі складаюць ня больш за 1,8 кілямэтраў і звычайна ў іх можна выкарыстоўваць клясычную або свабодную тэхніку.
У звычайных гонках кубка сьвету пераможца атрымлівае 100 пунктаў. Спартоўцы на другім і трэцім месцах атрымліваюць 80 і 60 пунктаў адпаведна. Наступныя лыжнікі і лыжніцы ажно да 30 месца таксама атрымліваюць пэўную колькасьць пунктаў. У этапных гонках кубка сьвету, як то Тур дэ Скі, Фіналах кубка сьвету ці іншых міні-турах, пераможца атрымлівае 50 пунктаў, у той час спартовец, які фінішаваў другім, атрымлівае 46 пунктаў, а трэці спартовец на фінішы здабывае 43 пунктаў. Гэтак сама, як і ў звычайных этапах, пэўную колькасьць пунктаў атрымліваюць лыжнікі і лыжніцы да 30 месца ўключна. Абсалютныя пераможцы такіх этапаў кубка сьвету атрымліваюць дадатковыя пункты, як то 400 пунктаў за перамогу ў Тур дэ Скі і 200 пунктаў за агульную перамогу ў Фіналах кубка сьвету ці іншых міні-турах. Спартовец, які здабыў найбольшую колькасьць пунктаў у канцы сэзона, які сканчваецца ў сярэдзіне сакавіка, атрымлівае перамогу ў агульным заліку кубка сьвету і становіцца ўладальнікам Крышталёвага глёбусу[4]. Таксама ўзнагароды атрымліваюць пераможцы ў агульным заліку ў спрынце і на дыстанцыі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «31st Bariloche (ARG) 1977». Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту.
- ^ «FIS Cross-Country World Cup 2021/22». Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту.
- ^ «Rules for the FIS Cross-Country World Cup 2021/2022». Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту.
- ^ «News from the World of Skiing». Міжнародная фэдэрацыя лыжнага спорту.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Кубак сьвету па лыжных гонках на сайце Міжнароднай фэдэрацыі лыжнага спорту. (анг.)