Дудаковічы
Дудаковічы лац. Dudakovičy | |
Пакроўская царква-мураўёўка | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Магілёўская |
Раён: | Круглянскі |
Сельсавет: | Лясьнянскі |
Насельніцтва: | 172 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2234 |
Паштовы індэкс: | 213182 |
Нумарны знак: | 6 |
Геаграфічныя каардынаты: | 54°17′18.7″ пн. ш. 29°54′27.6″ у. д. / 54.288528° пн. ш. 29.907667° у. д.Каардынаты: 54°17′18.7″ пн. ш. 29°54′27.6″ у. д. / 54.288528° пн. ш. 29.907667° у. д. |
± Дудаковічы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Дудако́вічы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Гнілцы. Цэнтар сельсавету Круглянскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 172 чалавекі. Знаходзяцца за 12 км на паўночны ўсход ад Круглага, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Талачын.
Дудаковічы — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны). Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Найсьвяцейшай Панны Марыі пры кляштары дамініканаў, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Дудаковічы ўтварыўся ад мянушкі заснавальніка паселішча — князя Івана Горскага Дуды.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Дудаковічы як уладаньне Івана Горскага датуецца 1506 годам[2]. Пад 1520 годам паселішча значыцца як уладаньне ягонай удавы і сына Фёдара Дудакоўскага. У 1528 годзе Фёдар супольна валодаў Дудаковічамі з братам Іванам (абодва памерлі без нашчадкаў). Да 1558 году маёнтак знаходзіўся ў валоданьні іхнай сястры Аўдоцьці (удава Багдана Храптовіча), якая пакінула яго сваім дзецям Пятру Храптовічу і Багдане, жонцы Анікея Гарнастая. У 1558 годзе Гарнастаі выкупілі ў Пятра ягоную частку.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Дудаковічы ўвайшлі ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва. З XVII ст. яны набылі вядомасьць як мястэчка з кляштарам і касьцёлам дамініканаў. У 1667 годзе мястэчкам валодаў Геранім Комар, у 1703 годзе — Тэадор Акаловіч, у 1743 годзе — Вілянта.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Дудаковічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Копыскім павеце Магілёўскай губэрні. На 1775 год тут было 17 двароў.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Аднак местачкоўцы, колішнія парафіяне, доўгі час ухіляліся ад пераходу ў маскоўскае праваслаўе. Спробы перахрысьціць іх вяліся з 1844 да 1853 году, нарэшце ўлады Расейскай імпэрыі перайшлі да рэпрэсіяў: найбольш актыўных прыхільнікаў каталіцтва Івана Руляку і Аўгустына Якубава арыштавалі і кінулі ў вязьніцу, а пазьней выслалі «на перавыхаваньне» ў расейскія манастыры[2]. У 1843 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі ў Дудаковічах прыходзкую вучэльню[3]. На 1880 год у мястэчку было 29 двароў, на 1909 год — 50.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Дудаковіча занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дудаковічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Дудаковічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавету Круглянскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1926 год тут было 76 двароў. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 году Дудаковічы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
На 1971 год у Дудаковічах быў 101 двор, на 1993 год — 72, на 1997 год — 112.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1775 год — 112 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1880 год — 262 чал.; 1900 год — 262 чал.[4]
- XX стагодзьдзе: 1909 год — 446 чал.; 1926 год — 376 чал.; 1971 год — 329 чал.; 1993 год — 234 чал.[5]; 1997 год — 291 чал.[6]; 1999 год — 282 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2010 год — 172 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Дудаковічах працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, дом культуры, пошта.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Покрыва Багародзіцы (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў (1824)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Царква, фрагмэнт
-
Царква, інтэр'ер
-
Царква, купал
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (djvu).
- ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на. — Мн.: БелЭН, 1996.
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 270.
- ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 1. — Warszawa, 1900. S. 450.
- ^ Бабіцкі Ю., Дзярновіч А., Насевіч В., Шчарбатаў А. Дудаковічы // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 311.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 6. С. 252.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на. — Мн.: БелЭН, 1996. — 586, [2] с. ISBN 985-11-0054-4.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 1: Abablewo — Januszowo. — Warszawa, 1900.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|