Армянская міталёгія
Армянская міталёгія — міталёгія жыхароў старажытнай Армэніі і саміх армян да прыняцьця хрысьціянства ў 301 годзе.
Вытокі армянскай міталёгіі сыходзяць да міталёгіі і вераваньняў плямёнаў, якія жылі на Армянскім нагор’і і ўдзельнічалі ў этнагенэзе армянскага народу (урумейцы, мушкі, якія ўварваліся ў 12 ст. да н. э. у межы асырыйскай правінцыі Шупрыа, хурыта-ўрарцкія плямёны і інш.). Матыў барацьбы паміж урумейцамі і Асырыяй, а з 9 ст. — паміж Урарту і Асырыяй у мадыфікаваным выглядзе лёг у аснову многіх старажытнаармянскіх мітаў. Армянская міталёгія складалася пад значным уплывам іранскай культуры (многія боствы армянскага пантэона — іранскага паходжаньня: Арамазд, Анахіт, Вахагн і інш.), сэміцкіх міталягічных уяўленьняў (напрыклад Астхік, Баршамін, Нанэ). У эліністычную эпоху (3-1 ст.ст. да н. э.) старажытнаармянскія боствы атаясамліваліся з антычнымі багамі: Арамазд — з Зэўсам, Анахіт — з Артэмідай, Вахагн — з Гэраклам, Астхік — з Афрадытай, Нанэ — з Атэнай, Міхр — з Гефэстам, Тыр — з Апалёнам або Гермэсам.
Пасьля афіцыйнага прыняцьця ў Армэніі хрысціянства (301) зьяўляюцца новыя міталягічныя вобразы і сюжэты, старажытныя міты і вераваньні трансфармуюцца. У армянскай міталёгіі біблейскія пэрсанажы пераймаюць функцыі архаічных багоў, духаў, напрыклад Ян Хрысьціцель (армянскі Карапет) — Вахагна, Тыра, архангел Гаўрыіл (Габрыел Хрэштак) — Вахагна, духу сьмерці Гроха. У позьнім сярэднявеччы частковае ўзьдзеяньне мелі міталягічныя ўяўленьні суседніх мусульманскіх народаў.
Асноўныя зьвесткі пра армянскую міталёгію захаваліся ў творах старажытнагрэцкіх, бізантыйскіх (Плятон, Герадот, Ксэнафонт, Страбон, Пракоп Кесарыйскі), сярэднявечных армянскіх (5 ст. — Моўсес Харэнацы, Агатангехас (Агафангел), Езьнік Кохбацы, 7 ст. — Себеас, Ананія Шыракацы) аўтараў, а таксама ў позьняй народнай традыцыі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мифы народов мира: энциклопедия // Том 1; Изд-во «Сов. энциклопедия», 1987 г.