Перайсці да зместу

Базідыяльныя грыбы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Basidiomycota)
Базідыяльныя грыбы

Падасінавік (Leccinum aurantiacum)
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Basidiomycota R.T. Moore, 1980

Пададдзелы

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  623881
NCBI  5204
EOL  5664
MB  90050
FW  212608

Базідыяльныя грыбы, базідыяміцэты (Basidiomycota) — аддзел (раней разглядаўся як клас) вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі; у эвалюцыйным развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам.

Асаблівасці біялогіі

[правіць | правіць зыходнік]

Характарызуюцца наяўнасцю першаснага і другаснага міцэлію і тыповым для іх базідыяльным споранашэннем. Органы палавога размнажэння ў базідыяльных грыбоў адсутнічаюць, палавы працэс ажыццяўляецца ў выглядзе саматагаміі. Канідыяльнае споранашэнне (бясполае размнажэнне) сустракаецца рэдка.

У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3—4 пададзелы, 16—19 класаў, звыш 30000 відаў.

Для базідыяміцэтаў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяміцэтаў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы.

Базідыі на пладовым целе грыба

На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёргая на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку (шапкавыя грыбы); кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

Пашырэнне і выкарыстанне

[правіць | правіць зыходнік]

Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды; на Беларусі ў канцы XX ст. выдзялялася каля 2000 відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя).[1]

Да базідыяміцэтаў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб сельскагаспадарчых культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), есць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лекавыя (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка (Pleurotus) і інш.) уведзены ў прамысловае культываванне.

Зноскі

  1. А. Капіч (1996)
  • Капіч А. Базідыяльныя грыбы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).
  • Гарибова Л. В., Лекомцева С. Н. Основы микологии: Морфология и систематика грибов и грибоподобных организмов. Учебное пособие. — М.: Товарищество научных изданий КМК, 2005.
  • Kirk P. M., Cannon P. F., Minter D. W., Stalpers J. A. Ainsworth and Bisby’s Dictionary of the Fungi. 10th editon. — CAB International 2008. ISBN 978-0-85199-826-8