Перайсці да зместу

Дэльтаплан

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дэльтаплан

Дэльтапла́н (праз фр. deltaplane ад стар.-грэч. δέλταгрэчаская літараΔ і лац. planumроўнае месца, плоскасць) — лятальны апарат цяжэй за паветра, выкананы па схеме бясхвостка (лятаючае крыло) са стрэлападобнасцю крыла, кіраванне палетам якога ажыццяўляецца зрушэннем цэнтра мас за кошт перамяшчэння пілота адносна вузла падвескі (балансавальны планер). Характэрная асаблівасць — старт з ног і пасадка на ногі (пры буксіры лябёдкай або мотадэльтапланам старт пераважна адбываецца са стартавай каляскі). Назва «дэльтаплан» была дадзена за падабенства крыла першых узораў з грэчаскай літарай Дэльта.

Эксперыментальны апарат Paresev

Першыя правобразы дэльтапланаў былі выпрабаваныя нямецкім піянерам авіяцыі Ота Ліліенталем, які загінуў падчас аднаго з палётаў у 1896 годзе. Хоць праца Ліліенталя зрабіла істотны ўплыў на развіццё авіяцыі ў цэлым, ідэя звышлёгкіх лятальных апаратаў была надоўга забытая.

Напачатку касмічных даследаванняў паўстала праблема спуску касмічных апаратаў. У СССР з неабсяжнымі казахстанскімі стэпамі стаўка была зроблена на парашут. У ЗША разглядаліся два варыянты — кіраваны спуск і прывадненне спускальнага апарата ў акіяне (тры чвэрці паверхні Зямлі). Фрэнсісам Рагала было распрацавана крыло, якое ўяўляе сабой тканінную абіўку на трубчастым каркасе, лёгка збіраемага і складваемага ў кампактны пакет, якое атрымала ў гонар яго стваральніка назву «крыло Рагала». На пачатковым этапе касмічных даследаванняў (праграмы «Джэміні», «Апалон») быў абраны досыць добра даследаваны парашут і толькі на наступным этапе была рэалізавана ідэя кіраванага спуску (праграма «Спейс Шатл»).

Пасля лётных выпрабаванняў «крыло Рагала» было апрабавана экстрэмаламі як прасцейшы лятальны апарат для спуску з невялікіх вышынь, што ў рэшце прывяло да з'яўлення новага віду спорту — дельтапланернага (афіцыйна прызнаны ФАІ ў 1974 годзе). На гэтым этапе ацэньваліся працягласць і далёкасць палёту і дакладнасць прызямлення па парашутным правілах — першы дотык. Вельмі хутка працягласць палету стала вымярацца суткамі, далёкасць палёту — сотнямі кіламетраў (у патоках абцякання), а дакладнасць прызямлення стала абсалютнай — пілоты краналі мішэні, пралятаючы над ёй, і прызямляліся ў пасадачным коле (дзясяткі метраў). Прыйшлося змяніць правілы спаборніцтваў — практыкаванні сталі хуткаснымі (праходжанне маршруту за мінімальны час), а дакладнасць прызямлення стала ацэньвацца па максімальнай адлегласці на прабежцы.

У СССР вольныя (не буксірныя) палёты на дэльтапланах пачаліся з 1972 года, а ў 1976 годзе ў пасёлку Слаўскае Львоўскай вобласці, на гары Трасцян, быў праведзены першы ўсесаюзны злёт дэльтапланерыстаў, які сабраў 25 спартсменаў з 11 гарадоў Расіі, Украіны і Латвіі[1].

Дэльтаплан — лятальны апарат, які ўяўляе сабой тры дзюралюмініевыя трубы, злучаныя паміж сабой у пярэднім вузле і ўтвараючыя ў гарызантальнай плоскасці веер, з вуглом паміж трубамі 90-140 градусаў. Паміж трубамі нацягнута палатно лёгкай, але шчыльнай і трывалай сінтэтычнай тканіны. Дзве бакавыя трубы і задняя абза тканіны ўтвараюць пры поглядзе зверху амаль трохкутнік. Для захавання формы асноўныя трубы фіксуюцца дапаможнымі трубамі меншага дыяметру і сталёвымі тросікамі. Пілот у спецыяльнай падвесцы, першапачаткова запазычанай ад парашута, падвешваецца на вяроўцы за цэнтральную трубу ў пэўнае месца, паблізу ад цэнтра мас апарата. Рукамі пілот трымаецца за трапецыю — канструкцыю з трох труб,  якая пры поглядзе спераду ўяўляе сабой часцей за ўсё трохкутнік з гарызантальнай асновай, фіксуемай у прасторы расцяжкамі — сталёвымі тросікамі дыяметрам у некалькі міліметраў.

Кіраванне палётам ажыццяўляецца пілотам шляхам перамяшчэння свайго цела адносна вузла падвескі. Узлёт і пасадка  выконваецца на ўласныя ногі.

Скорасць сучасных дэльтапланаў складае ад 28 км/г да 100—130 км/г, вышыня палётаў дасягае 6 і больш кіламетраў, што патрабуе выкарыстання кіслароднага абсталявання для вышынных палётаў. Аэрадынамічная якасць сучасных дэльтапланаў складае да 17 адзінак. Дасведчаныя пілоты дэльтапланаў могуць трымацца ў паветры шмат гадзін, пераадольваючы адлегласці ў сотні кіламетраў. Аднак для гэтага патрабуецца добрая фізічная падрыхтоўка, бо кіраванне дэльтапланам патрабуе значна больш фізічных намаганняў, чым класічным планерам-лунальнікам.

Асноўная  перавага дэльтаплана — простая канструкцыя (з дастатковай калянасцю), што дазваляе вытрымліваць нагрузкі ад −3G да +6G. Дзякуючы гэтаму дэльтаплан таннейшы за планер і больш кампактны — для перавозкі дастаткова мець аўтамабіль. У складзеным выглядзе змяшчаецца ў чахол даўжынёй 2 метры і дыяметрам 30-40 см, але большасць аддае перавагу не разбіраць апарат менш чым у 6-метровы «пакет», што памяншае час наступнай зборкі. Вага сучаснага дэльтаплана ў сярэднім 30-33 кг, хоць у розных спецыфічных мадэлях вагаецца ад 20 да 50 кг.

З-за асаблівасцяў аэрадынамічнай кампаноўкі раннія мадэлі дэльтапланаў гублялі кіравальнасць пры пікіраванні з высокай скорасцю (т. з. флатэрнае пікіраванне). Аднак на ўсіх сучасных апаратах гэтая праблема вырашана. Невысокія палётныя скорасці (параўнальныя са скорасцямі паветраных патокаў) не дазваляюць эксплуатаваць дэльтапланы ў складаных умовах надвор'я (вецер больш за 15 м/с, моцная турбулентнасць). Тэрмічная актыўнасць — асноўны спосаб набору вышыні на дэльтаплане ў вольным палёце (як і на іншых безрухавіковых ЛА).

Адрозніваюць некалькі відаў дэльтапланаў:

  • першапачатковага навучання («Славуціч УТ», Атлас, Target, Студэнт);
  • мачтавыя лунальнікі (Discus, Славуціч Спорт-5, С-14, З-15, Stalker, Stealth);
  • безмачтавыя (Aeros Combat L, Stealth KPL, Moyes Litespeed, Icaro Laminar Z).

Існуе і іншы від дэльтапланаў (Class 2). Да гэтага віду адносяцца калянакрылы (Stalker, Phantom, Ghostbuster, Axxess, Atos, Atos VX). Іх канструкцыя мае істотныя адрозненні ад класічных дэльтапланаў. Сучасныя калянакрылы маюць аэрадынамічную якасць > 19 адзінак. На калянакрылах ўжываецца аэрадынамічнае кіраванне (элероны, флапероны, закрылкі), што істотна памяншае кіруючыя намаганні пілота ў палёце. Але яны больш складаныя ў вытворчасці і каштуюць нашмат даражэй, а таксама менш рамонтапрыдатныя.

Мотадэльтаплан (дэльталёт)

Таксама вырабляюць спецыяльныя ўзмоцненыя дэльтапланерныя крылы, якія мацуюцца на стойку каляскі на колах, на якой змантаваныя крэслы для пілота, пасажыра і рухавік. Такую канструкцыю называюць мотадэльтаплан, які адносіцца да звышлёгкіх лятальных апаратаў (ЗЛА). Часам каляску выконваюць у выглядзе лодкі або ставяць на плаўкі.

Перавага мотадэльтаплана складаецца ў прастаце і надзейнасці канструкцыі, таннасці, кампактнасці ў складзеным выглядзе, мінімальнай неабходнай даўжыні пляцоўкі для ўзлёту і пасадкі. Дзякуючы гэтаму і адсутнасці вібрацый ад ротара пад'ёмнага вінта мотадэльтапланы складаюць значную канкурэнцыю аўтажырам. Адрозніваюць розныя віды мотадэльтапланаў. Мотадэльтапланы, абсталяваныя звышлёгкай каляскай на аднаго або двух пасажыраў, самі пілоты называюць дэльтаматорамі, дэльталётамі. Яны атрымалі шырокае распаўсюджванне ў сельскай гаспадарцы для выкарыстання ў авіяхімработах і для выканання паказальных палётаў з пасажырамі. Іншы тып мотадэльтапланаў абсталяваны толькі невялікім рухавіком магутнасцю некалькі конскіх сіл (часта выкарыстоўваюць рухавікі ад бензапіл), а старт і пасадка, як і ў безрухавіковых аналагах, ажыццяўляецца пераважна з ног.

Рэкорд па далёкасці палёту па прамой на 700,6 кмКіламетр 17 ліпеня 2001 года паставіў аўстрыец Манфрэд Румер (Manfred Ruhmer). Міхаэль Барбер (Michael Barber) 19 чэрвеня 2002 года праляцеў 704 км (437 міль), штат Тэхас[2].

Дасцін Марцін (Dustin Martin) і Джоні Дуранд (Johnny Durand) пабілі гэты рэкорд 3 ліпеня 2012 года, праляцеўшы 761 км, але гэты рэкорд яшчэ не пацверджаны[3].

Найбольш распаўсюджаныя мадэлі дэльтапланаў і вытворцы

[правіць | правіць зыходнік]

Прастата канструкцыі дэльтаплана, яго прынцыповая схема дазваляюць стварыць крыло нават у невялікай майстэрні, сіламі аматараў дэльтапланерызму. Што да спартыўных і спаборніцкіх крылаў, то яны патрабуюць выкарыстання кампазітных матэрыялаў, канструктарскіх распрацовак, таму вытворчасць ажыццяўляецца ўсяго некалькімі кампаніямі ў свеце.

Асноўныя вытворцы дэльтапланаў:

Мадэль дэльтаплана Вытворца Краіна
Fox, Discus, Combat Аэрос Украіна
Funky, Space, Crossover, Spyder Seedwings Flugsport GmbH Аўстрыя
Perfex, Lightfex, Funfex, Airfex, Speedfex Finsterwalder GmbH Германія
Rio, Java, Cheetah Avian Ltd Вялікабрытанія
Malibu2, Sonic, Litesport, Litespeed RX/RS/S Moyes Аўстралія
Fun, Fun2, Sting2, Rev Airborne Аўстралія
RX2, Orbiter, MastR, Laminar Icaro 2000 Італія
Condor, Falcon4, Sport2, U2, T2 Wills Wing Inc ЗША
EZY, Horizon ET, Freedom, Liberty North Wing Design ЗША

Дэльтапланы ў культуры

[правіць | правіць зыходнік]

1980-х гг. Валерый Лявонцьеў — Палёт на дэльтаплане.

1990г. Гурт «Агата Крысці» — Танга з дэльтапланам, Альбом: Падступства і каханне.

Вядомыя дэльтапланерысты

[правіць | правіць зыходнік]
  • Анджэла-Арыга
  • Алег Бандарчук
  1. Ю.С.Капинос. Как все начиналось. Дельтапланерный спорт.(недаступная спасылка). Небо для всех. (3 снежня 2009). Архівавана з першакрыніцы 4 красавіка 2016. Праверана 19 верасня 2010.
  2. Mike Barber needed to fly 1 % further than Ruhmer’s 700 км (430 миль) in order to break the official FAI record; Barber needed to fly only 3 more miles for a total of 708 километров (440 миль).
  3. Dustin Martin and Jonny Durand break hang gliding world record in Zapata | Paragliding : Hang Gliding : Cross Country Magazine