Перайсці да зместу

Японцы

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Японцы
(яп.: 日本人)
Агульная колькасць 122 406 300
Рэгіёны пражывання  Японія — 120 474 000

 Бразілія — 383 000
 ЗША844 000
 Перу157 000
 Францыя30 000
 Сінгапур39 000
 Тайланд71 000

Мова японская
Рэлігія сінтаізм, будызм
Блізкія этнічныя групы рукюйцы

Японцы (яп.: 日本人) — народ ва Усходняй Азіі, асноўнае насельніцтва Японіі. Жывуць таксама ў іншых краінах Азіі, Заходняй Еўропы, Паўночнай і Лацінскай Амерыкі. Агульная колькасць — 122 406 300 чалавек (2022)[1].

Продкі японцаў апынуліся на Японскіх астравах у выніку 3 буйных міграцый. Асноўнай стала апошняя, якая адбылася паміж III і VI стагоддзямі з Усходняй Азіі. Наяўнасць гэтай міграцыі была ўсталявана ў выніку генетычных даследаванняў толькі ў пачатку XXI стагоддзя. Народная матэрыяльная культура японцаў шмат у чым адаптавана да спецыфічных умоў Японскага архіпелага, дзе большасць тэрыторый пакрыты гарамі, часцяком здараюцца землетрасенні, існуюць істотныя кліматычныя адрозненні паміж поўднем і поўначчу.

Нягледзячы на шматвяковую ізаляванасць, духоўная спадчына японцаў фарміравалася дзякуючы вонкавым уплывам. Гэта адносіцца і да японскай мовы, што фактычна з’яўляецца ізалятам. Для яе ўласцівы наяўнасць асобных дыялектаў, форм ветлівасці і вельмі складаная сістэма пісьма. Але большасць слоў, якімі карыстаюцца сучасныя японцы, калісьці былі запазычаны з іншых моў.

Згодна старажытным японскім міфам, запісаным у VIII стагоддзі, першы японскі імператар Дзіму Тэна паходзіў ад багіні Аматэрасу, а праз яе — ад багоў Ідзанакі і Ідзанамі, стваральнікаў Японскіх астравоў. Ён і яго нашчадкі паступова пашыралі дзяржаву, якая стала вядома як Японія. У XVIII стагоддзі гэтыя міфы былі адроджаны[2] і да 1946 года выкладаліся ў школах[3] як афіцыйная версія паходжання японцаў. З XVII стагоддзя высоўваліся і іншыя версіі агульнага паходжання японцаў з карэйцамі і паўднёвымі кітайцамі, ад перасяленцаў з Вавілона, Іўдзеі і нават Старажытнай Грэцыі[4].

З 1878 года пачалося навуковае вывучэнне японцаў і іх гісторыі з дапамогай метадаў археалогіі, пазней — мовазнаўства і антрапалогіі. У выніку навукоўцы высветлілі, што першыя людзі з’явіліся на Японскіх астравах каля 35 000 гадоў таму[5]. Меркавана іх нашчадкі стварылі неалітычную культуру Дзёмон. У апошняй траціне 1 тысячагоддзя да н. э. сфарміравалася культура Яёй, прадстаўнікі якой займаліся сельскай гаспадаркай. Першыя дзяржаўныя ўтварэнні, у тым ліку протаяпонская дзяржава, узніклі не раней за перыяд Ямата (з канца III да пачатку VIII стагоддзяў).

У першай палове XX стагоддзя культура Дзёмон найчасцей атаесамлялася з айнамі, а японцы разглядаліся як іх прамыя нашчадкі. Больш дбайнае антрапалагічнае вывучэнне неалітычных касцякоў і касцякоў сучасных айнаў і японцаў разбурыла ўяўленне аб прамой пераемнасці паміж сучаснымі айнамі і насельніцтвам Японіі ў каменным веку. Навукоўцы пільна прыгледзеліся да эпохі Яёй, калі культурныя змены суправаджаліся антрапалагічнымі. Меркавалася, што японцы паходзяць або ад перасяленцаў гэтага перыяду з Карэйскага паўвострава, або адначасова ад перасяленцаў і тубыльцаў з эпохі Дзёмон[6]. Абмяркоўваліся магчымасць удзелу ў этнічных працэсах выхадцаў з Паўднёва-Усходняй Азіі, якія мелі аўстралоідныя рысы, і нават еўрапеоідаў.

Генетычныя і палеагенетычныя даследаванні канца XX — пачатку XXI стагоддзяў змянілі агульную карціну паходжання японцаў. Яны паказалі, што людзі Дзёмон паходзілі пераважна з усходу і паўночнага ўсходу Азіі. Гіпотэзы аб міграцыйнай плыні з Паўднёва-Усходняй Азіі не падцвердзіліся[7], хаця працягваюць высоўвацца некаторымі даследчыкамі. У канцы Дзёмон кліматычныя ўмовы пагоршыліся, што выклікала скарачэнне насельніцтва і зрабіла магчымай міграцыю перасяленцаў Яёй[8]. Тым не меней, сучасныя японцы маюць толькі 13 % генетычнай спадчыны насельнікаў эпохі Дзёмон і 16 % генетычнай спадчыны насельнікаў эпохі Яёй. Найбольшы генетычны ўнёсак зрабілі прадстаўнікі трэцяй дагэтуль невядомай буйной міграцыйнай хвалі з Усходняй Азіі ў эпоху Кафун[9].

Унутраныя групы

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўная частка японцаў Японскіх астравоў адносіцца да субэтнічнай групы ямата (яп.: 大和), назва якіх паходзіць ад аднайменнай правінцыі, адкуль згодна традыцыі пачалося пашырэнне Японскай імперыі ў старажытнасці. Першапачаткова яна ўжывалася ў дачыненні да японцаў сярэдневякоўя. З канца XIX стагоддзя, калі да Японіі былі далучаны каланіяльныя валоданні, так сталі называць японскіх перасяленцаў, каб адрозніваць іх ад карэннага насельніцтва, а таксама прадстаўнікоў іншых ускраінных тэрыторый, што сяліліся ў калоніях. Ямата вызначаліся як прадстаўнікі асобнай расы[10]. У нашы дні назва ямата ўжываецца для падкрэслівання культурных адрозненняў ад рукюйцаў, айнаў і банінцаў.

Буракумін (яп.: 部落民 «вясковыя жыхары») — спадчынны пласт грамадства, які вылучыўся ў феадальны перыяд, паколькі яго прадстаўнікі займаліся «нячыстымі» з пункту гледжання будызму прафесіямі мяснікоў, гарбароў, магільшчыкаў, катаў і звычайна жылі адасоблена ў паселішчах каля гарадоў. Ніжэйшыя з такіх ізгояў эта маглі быць бяскарна забітыя самураямі, калі здзяйснялі злачынства[11]. У 1871 годзе яны атрымалі грамадзянскія правы, роўныя з астатнімі японцамі, аднак у адносінах да іх захавалася прымхлівае стаўленне. Напрыклад, лічылася, што яны маюць цёмныя пляміны падпахамі.

У нашы дні буракумін складаюць ад 1 да 4 млн чалавек. Яны не абавязкова заняты «нячыстымі» прафесіямі, але іх сацыяльная дыскрымінацыя пры кантактах з іншымі японцамі, прыёме на працу і заключэнні шлюбаў не знікае[12]. Значная колькасць буракумін вымушана супрацоўнічае з якудза[13]. З 1922 года дзейнічае рух за правы «недатыкальнай» часткі грамадства. З 1980-х гадоў ён мае падтрымку з боку дзяржаўных органаў.

Рукюйцы (яп.: 琉球民族) — карэнныя насельнікі астравоў Рукю, якія разглядаюцца ў Японіі як адметная субэтнічная група японцаў. У XV — XIX стагоддзях існавала асобная Рукюйская дзяржава, анексаваная Японіяй толькі ў 1879 годзе. Гэта значыла страту традыцыйных форм кіравання і кантролю над зямлёй і рэсурсамі, а таксама выцісканне іх моўных і культурных асаблівасцей[14]. У другой палове XX стагоддзя ўзнік рух за правы рукюйцаў. У 2008 годзе Камітэт па правах чалавека ААН заклікаў Японію прызнаць рукюйцаў карэнным народам з адпаведнымі правамі[15].

Збор чайнага лісця (1914).

З эпохі яёй асноўным заняткам жыхароў Японскага архіпелага з’яўляецца сельская гаспадарка. Яе асаблівасці ў значнай ступені абумоўлены геаграфіяй краіны. З-за выцягнутасці астравоў з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад амаль на 3 000 км вылучаюцца рэгіёны з розным кліматам. Так, на Акінаве сярэднегадавая тэмпература вагаецца ад +14 °C да +32 °C[16], а на Хакайда — ад −4 °C да +21 °C[17]. Большая частка паверхні пакрыта гарамі. У 2018 годзе апрацоўвалася толькі 12,13 % усіх тэрыторый[18]. Першай вядомай земляробчай культурай было проса. Пазней распаўсюдзіліся рыс, пшаніца, соя, шаўкоўніца, чай, каноплі і інш. У старажытнасці прымітыўныя метады апрацоўкі зямлі прыводзілі да неўраджаяў і голаду, напрыклад у 730 і 1180 гадах.[19] У XII — XIV стагоддзях пачалі шырока ўжывацца ўгнаенні, адбор насення і вырошчванне азімых.

У канцы XII — сярэдзіне XIII стагоддзяў у Японіі ўкаранілася сістэма буйных сядзіб сёэн з унутранай эканамічнай і ваеннай адміністрацыяй[20]. Сёэн займалі найбольш урадлівыя тэрыторыі. Іх уладальнікі і карыстальнікі перадавалі зямлю ў арэнду сялянам. Хаця сяляне набылі высокі прававы статус, крыху ніжэй за самураяў[21], яны абкладаліся значнымі выплатамі і падаткамі, іх перамяшчэнне абмяжоўвалася. У горных раёнах шырока ўжывалася лядная сістэма якіхата[22], калі сяляне выпальвалі і самастойна ад пана апрацоўвалі пэўныя надзелы. Аднак яна не давала ўстойлівых прыбыткаў. Эканамічная залежнасць сялян ад памешчыкаў захоўвалася да сярэдзіны XX стагоддзя.

Найбольш важнай сельскагаспадарчай культурай здаўна з’яўляўся рыс. Да 1760 года ён быў не толькі ежай, але і валютай. Нават пасля з’яўлення металічных грошай кошт тавараў вызначаўся мерамі рысу[23]. Недахоп раўнін вымушаў сялян будаваць тэрасы на горных схілах. Рысаводства патрабавала шмат ручной працы. Яна ўключала высадку расады, праполку, збор, прасушку і веянне збожжа. Тым не меней, земляробства рана інтэнсіфікавалася дзякуючы выкарыстанню севазваротаў і ўгнаенняў. У якасці ўгнаенняў найчасцей ужывалі гной, травяны кампост, хатні попел. У адсутнасці жывёльнага гною карысталіся чалавечым калам. Эдыкт 1649 года загадваў сялянам правільна збіраць фекаліі і попел, каб ім не шкодзіла дажджавая вада[24]. Кал гараджан, якія спажывалі болей бялковай ежы, лічыўся лепшым за сялянскі. Яго дастаўкай на палеткі займаліся жыхары асобных паселішчаў. Існаваў нават рынак фекалій. Поруч з гэтым вырабляліся штучныя ўгнаенні з прадуктаў рыбалоўства. Японскія сяляне ведалі карысць бабовых сідэратаў.

Жывёлагадоўля доўгі час не адыгрывала значнай ролі. Часткова гэта тлумачыцца будысцкімі традыцыямі і забаронамі, быццам бы ўведзенымі імператарамі ў ранні перыяд гісторыі. Нават у XIX стагоддзі еўрапейскія вандроўнікі здзіўляліся з-за адсутнасці пашаў і свойскай жывёлы ў вёсках. Японцы звычайна трымалі на мяса невялікую колькасць сабак, свінняў і курэй. Каровы ўжываліся часцей як гужавыя жывёлы. Ялавічына каштавала дорага. Малако лічылася лекам, а не ежай. Невысокія коні таксама былі рэдкімі[25]. У 16871709 гадах былі выдадзены так званыя «Загады аб спагадзе да жывых істот»[26], якія ахоўвалі як свойскую, так і дзікую жывёлу.

Адным з найбольш важных заняткаў для забеспячэння здаўна было рыбалоўства. Рыбу лавілі пераважна з дапамогай пастак у моры, рэках і азёрах, капалі штучныя сажалкі для трымання карасёў і карпаў. У перыяд сёгуната Такугава вылучаліся асобныя вёскі рыбакоў, жыхары якіх не толькі забяспечвалі суайчыннікаў морапрадуктамі, але таксама патрулявалі ўзбярэжжа і перавозілі грузы. Вялікія выдаткі на куплю і ўтрыманне лодак і снасцей вымушалі рыбакоў аб’ядноўвацца, ствараць брыгады ўласнікаў на чале агульнага старасты[27]. Дзякуючы вынаходніцтву празрыстай шаўковай лёскі рыбалоўства з вудай ператварылася ў папулярнае баўленне часу, годнае нават для вышэйшых колаў грамадства[28].

Японцы знакаміты рознымі рамёствамі. Некаторыя з іх, напрыклад ткацтва, доўгі перыяд заставаліся дадатковымі заняткамі ў адносінах да астатніх. Ткацтвам займаліся пераважна жанчыны ў час, вольны ад астатняй працы. Першапачаткова тканіны выраблялі з лубяных і канапляных валокнаў. Шаўковыя тканіны мелі права апранаць толькі прадстаўнікі вышэйшых колаў. У XVI стагоддзі на поўдні Японіі пачалі вырошчваць бавоўну. Лёгкія і ўтульныя баваўняныя тканіны карысталіся попытам сярод шырокіх колаў, але каштавалі дорага, асабліва на поўначы, дзе бавоўна не расла. Для эканоміі матэрыялу японскія гаспадыні сшывалі вопратку з асобных баваўняных лапікаў, фарбавалі іх з дапамогай індыга і карычневага пігменту какісібу з сока няспелай хурмы[29]. Калі ў XIX стагоддзі была пабудавана тэкстыльная прамысловасць, яе вырабы былі даражэйшыя за хатнія, што вызначыла доўгае існаванне саматужнай вытворчасці.

Ужо ў канцы I тысячагоддзя н. э. у якасці самастойнага прафесійнага занятку вылучылася металургія. У 735 годзе ў Нары японскія майстры ўсталявалі бронзавую статую Буды, для вырабу якой здабылі і выплавілі 490 тон медзі[30]. Японскія кавалі распрацавалі тэхналогіі фармоўкі вадза і такумі[31], што дазвалялі атрымоўваць высокаякасныя стальныя вырабы, у тым ліку зброю. Прыбытковым спецыялізаваным заняткам таксама была вытворчасць посуду са звычайнай абпаленай керамікі, фаянсу, шкла і дрэва. З Кітая праз Карэю былі запазычаны метады атрымання шоўку[32] ў IV стагоддзі да н. э., паперы[33] і ксілаграфічнага друку[34] — ў VII стагоддзі. Друкаваная рэклама ўзнікла ў Японіі ў 1683 годзе[35], амаль на 100 гадоў раней, чым у Заходняй Еўропе.

Японскія кулінарныя традыцыі фарміраваліся з сярэднявечча, калі для захавання прадуктаў пачала шырока ўжывацца ферментацыя, былі распрацаваны асноўныя прыправы, з’явіліся соевае малако, прэсны хлеб, рысавая і грачаная локшына, ежа з кавалкаў рыбы і ферментаванага рысу — правобраз сучасных сушы. Пры імператарскім двары падтрымліваўся пэўны этыкет піцця сакэ, ужываліся палачкі для ежы[36]. У перыяд Эда японцы пазнаёміліся з такімі прадуктамі, як бульба, кукуруза, фасоля, чырвоны перац. Асноўнымі месцамі развіцця кулінарнага мастацтва сталі гарады, дзе дзейнічалі спецыялізаваныя гастранамічныя ўстановы для заможных гараджан[37]. Простыя рамеснікі снедалі двойчы на дзень — зранку і пасля працы. Іх звычайная ежа складалася з варанага рысу, марынаванай гародніны і зялёнага чаю. Прыкладна тым жа самым сілкаваліся простыя самураі. Буйныя феадалы звычайна мелі некалькі памяшканняў для прыгатавання ежы і арганізоўвалі супольныя застоллі для шматлікіх сваякоў і служак.

Тым не меней, традыцыі харчавання ў Японіі не бесперапынныя. У перыяд Мэйдзі часцей пачалі ўжываць мяса і яйкі. Калі раней было вядома ўжыванне кацінага і сабачага мяса[38], то да канца XIX стагоддзя яно перастала карыстацца попытам. Затое пашырыўся попыт на ялавічыну. Стылістыка прыгатавання ежы спрасцілася. Усе прадукты былі падзелены на пяць каляровых груп (зялёны, чырвоны, жоўты, белы і чорна-фіялетавы) і шэсць густаў (горкі, кіслы, салодкі, востры, салёны і далікатны)[39]. У нашы дні японцы часцей ужываюць еўрапейскія прадукты і стравы — малочныя вырабы, дражджавы хлеб, піва, піцу, марынаваныя селядцы і г. д.

Сучаснае японскае традыцыйнае адзенне вафуку (яп.: 和服)[40] уключае кімано, розныя аксесуары да яго, а таксама абутак. Кімано ў выглядзе прамых лапікаў тканіны, сшытых разам, вядома з IX — XII стагоддзяў.[41] Да перыяду Эда яно ператварылася ў верхнюю вопратку для мужчын і жанчын, якая называлася касадэ («кароткія рукавы»). Касадэ апранаў кожны японец, незалежна ад узросту, полу і сацыяльна-эканамічнага становішча. У тых рэдкіх выпадках, калі японец уступаў у кантакт з іншаземцамі, прыкметным адрозненнем было тое, што яны не мелі касадэ. Канчатковы выгляд і назву кімано набыло толькі ў перыяд Мэйдзі. Іншая традыцыйная верхняя вопратка: лёгкія строі самуэ і дзынбэй[42], прасторныя доўгія штаны хакама[43], кашуля шытагі[44], а таксама рукюйскае адзенне русоу[45].

Традыцыйны абутак часцяком нагадвае сандалі. У мінулым ён вырабляўся з саломы, канапляных вяровак або дрэва, хаця ў нашы дні ўжываюцца і сучасныя матэрыялы. Абутак гета[46] на драўлянай аснове з высокім уздымам першапачаткова выкарыстоўваўся як рабочы, але пазней стаў паўседзённым. Скураны абутак дзіка-табі[47], падобны на боты, пашырыўся толькі ў пачатку XX стагоддзя.

Дом Хакогі, першапачаткова ўзведзены ў 806 годзе.

Традыцыйная народная архітэктура японцаў пачала складвацца ў эпоху Кафун, калі сялянскія і арыстакратычныя паселішчы набылі тып сядзібы. Сялянскія сядзібы мелі ясна акрэсленыя межы, былі разлічаны на адну пашыраную сям’ю і ўключалі жылыя і гаспадарчыя пабудовы. Сядзібы арыстакратаў агароджваліся, знутры змяшчаліся склады для збожжа і зброі. Пахаванні арыстакратаў адбываліся ў асобных курганах[48]. Гэта сведчыла пра жорсткі сацыяльны падзел грамадства, самастойнасць асобных гаспадарак знутры абшчыны, з’яўленне матэрыяльнай асновы для культу сямейных продкаў. У далейшым вялікія сялянскія паселішчы набылі раскіданую планіроўку, калі сямейныя сядзібы будаваліся на прыдатных надзелах на пэўнай дыстанцыі адна ад іншай. Арыстакратычныя паселішчы ўмацоўваліся і набылі замкнёную планіроўку. Вакол іх паступова фарміраваліся гарадскія паселішчы з прамавугольнай планіроўкай. На Хакайда пераважалі сядзібы хутарскога тыпу.

Архітэктурныя асаблівасці шмат у чым вызначаліся геаграфіяй. Вільготны клімат вымушаў ладзіць высокія выбітныя дахі для абароны жытла ад сезонных тайфунаў. Найбольшае распаўсюджанне набылі лёгкія каркасныя канструкцыі з падлогай, прыўзнятай над зямлёй, са стойкамі, што абапіраюцца на падмуркавы камень. Такі тып пабудовы «падскокваў» падчас землятрусаў[49]. Прыкладам з’яўляецца стыль сельскіх хат гасшо (яп.: 合掌), захаваны ў гістарычных вёсках Сіракава-го і Гакаяма[50]. Ён вядомы з XVII стагоддзя. Сваю назву стыль набыў дзякуючы высокім двухсхільным дахам, што нагадваюць аднайменны малітоўны знак дзвюх злучаных далоняў[51]. Структурная прастора хат гасшо знутры падзелена на тры ці чатыры ўзроўні для жылля і працы (напрыклад, для вырошчвання шаўкавічных чарвякоў і вырабу паперы).

У XVII — XVIII стагоддзях у гарадах распаўсюдзіўся стыль драўляных пабудоў мачыя (яп.: 町屋)[52]. Яны нагадвалі доўгія вузкія прамавугольнікі з 2 паверхамі, што ўзводзіліся ўздоўж вуліцы. На першым паверсе пярэдняя вузкая частка адводзілася для крамы, у задняй месціліся жылыя памяшканні, якія выходзілі да маленькіх унутраных дворыкаў. Дамы будаваліся шчыльна адзін да іншага, так што стваралі ўражанне асобнага блоку адзінай выцягнутай канструкцыі. Сапраўды, часцяком мачыя пэўнай вуліцы мелі аднаго ўладальніка, які здаваў іх у арэнду.

Сядзібы арыстакратаў у значнай ступені змяніліся ў перыяд панавання стылю шоін (яп.: 書院; XV — сярэдзіна XIX стагоддзяў)[53], для якога былі характэрны шырокія ўнутраныя прасторы для баўлення часу і дэманстрацыі сваёй магутнасці. Ядро рэзідэнцыі складаў цэнтральны будынак амоя (яп.: 母屋). Ад яго вялі калідоры, звязаныя з меншымі па памерах дадатковымі пабудовамі, падзеленыя рассоўнымі дзвярыма ці перагародкамі. Важную ролю адыгрываў вялікі прыёмны пакой, накрыты дахоўкай, са скляпеністай столяй, утрымоўваемай скошанымі калонамі. Падлогу крылі цыноўкамі татамі, на сцены чаплялі ў шахматным парадку паліцы, ад дажджу пакой ахоўвалі драўляныя аканіцы.

У эпоху Мэйдзі японскія архітэктары стваралі жытлы, якія знешне нагадвалі еўрапейскія, аднак унутраныя пакоі заставаліся традыцыйнымі для краіны[54]. Вясковыя паселішчы набылі лінейную планіроўку, паколькі ўзводзіліся ўздоўж дарог. Хуткі рост гарадоў суправаджаўся будаўніцтвам меншых спадарожных паселішчаў, дзе жылі рабочыя прадпрыемстваў і абслуга гараджан. З цягам часу яны зліваліся з асноўным горадам і ператвараліся ў прадмесці. Пасля адукацыйнай рэформы 1949 года ў цэнтрах паселішчаў узніклі грамадскія цэнтры комінкан (яп.: 公民館)[55], дзе размяшчаліся школы, бібліятэкі, арганізоўваліся супольныя мерапрыемствы.

Сям’я японскага бізнесмена Араі Роічы ў 1933 годзе.

Першаснай сацыяльнай адзінкай з’яўляецца сям’я. З ёю шчыльна звязаны асоба, рэпутацыя, абавязкі і адказнасць чалавека. Сям’я разглядаецца як кадзоку[56] — грамадская ячэйка, род, у мінулым — прыналежнасць да родавых прывілегій, а таксама як сэ[57] — сямейная гаспадарка. Відавочна, сям’я як злучнасць жыхароў адной сялянскай сядзібы вылучылася ўжо ў эпоху Кафун. З ёю непарыўна злучаны культ продкаў, што практыкуецца ў сінтаізме. Пад уплывам будызму і канфуцыянства ідэалам сям’і было пашыранае аб’яднанне з трох пакаленняў сваякоў. Яна павінна была ўключаць слуг, рабочых, прынятых на выхаванне дзяцей. На чале такой сям’і стаяў бацька, які перадаваў спадчыну старэйшаму сыну. У рэчаіснасці, ідэал часцяком быў недасяжным з-за малой працягласці жыцця, унутрысямейных канфліктаў, адсутнасці дзяцей. Апошняе часцяком вырашалася дзякуючы ўсынаўленню. Усынаўлялі не толькі малых дзяцей, але і зяцёў. Да XIX стагоддзя нормай лічылася палігінія.

Вызначэнне сям’і як крэўнароднаснага аб’яднання з’явілася ў заканадаўстве толькі ў 1889 годзе.[58] Прычым, на чале сям’і стаяў бацька. Хуткае павелічэнне працягласці жыцця пасля II Сусветнай вайны прывяло не да пашырэння сямейных гаспадарак, а да незалежнасці малых нуклеарных сямей. Пашыраныя сем’і захоўваюцца пераважна ў сельскай мясцовасці. Пры гэтым, працягвае існаваць абавязковая рэгістрацыя сем’яў касэкі. Зарэгістраваным главою сям’і могуць быць мужчыны і жанчыны, хаця найчасцей рэгіструюць мужчыну. Закон 1998 года гарантуе магчымасць атрымання гадавога адпачынка для дагляду немаўлят як жанчынам, так і мужчынам[58].

Сацыяльнае распластаванне грамадства Японіі ўзнікла да сярэднявечча. Найбольш ясны выгляд яно набыло ў перыяд Эда, калі вылучыліся 4 асноўныя класы[59]. Галоўным быў клас воінаў-самураяў. Вышэйшае месца ў ім займалі даймё. На чале краіны стаяў імператар, улада якога мела болей духоўны характар. Рэчаіснае кіраванне знаходзілася ў сям’і сёгунаў. Ніжэй за самураяў стаялі сяляне. Яшчэ ніжэй — рамеснікі. Гандляры, акцёры, служкі складалі ніжэйшы клас. Такі парадак падтрымліваўся законамі, што рэгламентавалі апрананне пэўнай вопраткі, ужыванне ежы і напіткаў, выкарыстанне прадметаў раскошы сярод прадстаўнікоў усіх сацыяльных груп. Жорсткая сістэма палітычнага кіравання падтрымлівалася прысягай і ідэалам адданасці.

Паступова выявілася неадпаведнасць законаў і рэчаіснасці. Аб’яднанне краіны сёгунамі Такугава спрыяла ўсталяванню міру. Матэрыяльнае становішча самураяў і сялян вагалася ў залежнасці ад ураджаяў рысу, у той час як гандляры хутка багацелі. Да XIX стагоддзя павелічэнне насельніцтва прывяло да з’яўлення беззямельных сялян[60] і самураяў без сталых даходаў. Бедныя сяляне былі вымушаны спалучаць сельскую гаспадарку з сезоннымі рамёствамі. У 1590 годзе было забаронена рабства, але розныя схемы выкарыстання прымусовай працы захаваліся. Падчас рэформ Мэйдзі сёгуны згубілі ўладу. Яна перайшла да імператара і парламента. Былі абвешчаны роўныя правы для прадстаўнікоў розных класаў, дазволена іх свабоднае перамяшчэнне па краіне[61].

У другой палове XX стагоддзя грамадства набыло сучасныя рысы[62] з характэрнай сацыяльнай аднастайнасцю і дэмакратычнымі органамі ўлады. Тым не меней, некаторыя традыцыйныя рысы захоўваюцца, у тым ліку існаванне манархіі. Эканоміка доўгі час кантралявалася дзайбацу, карпарацыямі, што належалі некалькім магутным сем’ям[63]. Негалосныя правілы рэгулююць працоўную і дзелавую культуру, у якой вылучаюцца жорсткасць, адсутнасць празрыстасці і павольнае прыняцце рашэнняў[64]. У нашы дні адбываецца далейшае рэфармаванне[65], якое суправаджаецца скандаламі і супраціўленнем буйных менеджараў. Крытыкі адзначаюць захаванне розных форм дыскрымінацыі[66] ў дачыненні да меншасцей.

Народная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]
Камішыбай.

Японскі фальклор развіваўся ў шчыльнай залежнасці ад будызму і сінтаізму. Традыцыйна ў ім прынята вылучаць наступныя катэгорыі[67]:

  • мукасібанасі — апавяданні пра даўніну;
  • намідабанасі — самотныя гісторыі;
  • абакебанасі — гісторыі пра прывідаў;
  • ангаэсібанасі — аповеды пра помсту за добразычлівасць;
  • танцібанасі — дасціпныя апавяданні;
  • варайбанасі — гумарэскі;
  • ёкубарыбанасі — апавяданні пра сквапнасць.

У народных апавяданнях часцяком сустракаюцца гумарыстычныя і дзіўныя персанажы, а таксама фантастычныя істоты накшталт жывёл са звышнатуральнымі ўласцівасцямі, цмокаў, бадхісатваў, багоў камі, духаў-монстраў ёкай, дзіцячых духаў капа і кавака, прывідаў юрэй. Галоўнымі героямі часцяком становяцца хлопчыкі з незвычайным паходжаннем — хлопчык, знойдзены ў персіку, хлопчык-асілак Кінтара, мініятурны хлопчык Ісумбосі і г. д. Са звяроў, магчыма, найбольш шырока сустракаецца вобраз лісы-пярэваратня[68]. Лісічка-пярэварацень дапамагае разбагацець чалавеку, які ўратаваў яе ад смерці. Яна ператвараецца ў кацёл, у варанога каня, у маладую прыгажуню («Удзячнасць лісічкі»). У казцы «Манах і ліса» лісічка ператвараецца ў прыгожую дзяўчыну, але аказваецца падманутай хітрым манахам. Кульгавая лісічка з аднайменнай казкі, наадварот, перахітрыла лісіц, якія насмяяліся з яе нязграбнасці, адпомсціўшы ім за крыўду.

Найбольш важныя сінтаісцкія міфы былі занатаваны ўжо ў эпоху ранняга сярэднявечча. У іх склад увайшоў гераічны эпас, паколькі старажытныя постаці абагаўляліся. У XII стагоддзі ў будысцкіх кляштарах нарадзіўся звычай суправаджаць аповеды манахаў дэманстрацыяй скруткаў эмакі з малюнкамі. Ад яго паходзіць традыцыя «папяровай драмы» камісібай — прафесійнага пераказу міфаў і казак з дэманстрацыяй папяровых малюнкаў[69]. Апошні ўздым традыцыі назіраўся падчас Вялікай дэпрэсіі, калі беспрацоўныя ператвараліся ў пераказчыкаў. Яны вандравалі на ровары ад паселішча да паселішча, гандлявалі цукеркамі і арганізоўвалі паказ малюнкаў з пераказам гісторый.

Відовішчнае мастацтва мае глыбокія старажытныя карані, але на яго развіццё аказвалі сталы ўплыў традыцыі, запазычаныя ў Кітаі і Карэі. Так, у Японіі прынята вылучаць нацыянальныя танцы кунібуры-но-утамай і запазычаныя танцавальныя відовішчы гагаку, што арганізоўваліся пры двары манархаў з V стагоддзя.[70] У VIII стагоддзі з Кітая ў Японію трапілі комплексныя відовішчы сангаку. Яны спарадзілі ў сярэднявеччы формы саругаку, якія суправаджаліся танцамі, акрабатыкай, фокусамі і ў адрозненні ад гагаку былі даступныя шырокай аўдыторыі. На іх аснове ўзнікла драматычнае мастацтва но і камічны тэатр кёген. У перыяд Эда яны былі рэгламентаваны, а акторскія трупы набылі афіцыйнае прызнанне[71]. У замежных краінах болей вядомы японскі тэатр кабукі. Ён бярэ пачатак у XVI стагоддзі. Першымі акторамі былі жанчыны і юнакі. Калі жаночыя і юнацкія кабукі былі забаронены нібы з-за распусты, узніклі яра-кабукі, дзе ўсе ролі гралі акторы-мужчыны[72].

Дэкараваны фаянсавы посуд. Перыяд Мэйдзі.

Тэатральныя відовішчы аказалі непасрэдны ўплыў на традыцыйныя танцавальныя школы[73]:

  • Ханаягі Ру ўзнікла як частка забаў, што ладзілі гейшы;
  • Фудзіма адрозніваецца дынамічнасцю, узнік дзякуючы акторам кабукі;
  • Вакаянагі — яшчэ адзін стыль, што бярэ пачатак ад актораў кабукі;
  • Нісікава развіваецца з канца XVII стагоддзя;
  • Банда папулярны сярод актораў кабукі, паколькі ў ім важнае значэнне надаецца рухам.

У сярэднявеччы ўзнікла японская мастацкая мініяцюра на кнігах-скрутках. У перыяд Мэйдзі, калі ўрад падтрымліваў еўрапейскія віды мастацтва, амерыканец Эрнест Феналоса, выкладчык універсітэта ў Токіа, выступіў за адраджэнне мясцовых стыляў. У 1882 годзе ён упершыню ўжыў у дачыненні да іх слова ніхонга. Ён сцвярджаў, што для японскага мастацтва характэрны выкарыстанне контураў, скарочаная каляровая палітра, адсутнасць ценяў, спрошчанае адлюстраванне рэчаіснасці[74]. Першасным тэарэтыкам ніхонга стаў яго вучань Акакура Какудза. Прадстаўнікі гэтага напрамку стварылі на аснове старых традыцый сучасны адметны жывапіс. Прыкладна ў той жа час набыло развіццё татуіроўкі з традыцыйнымі матывамі[75]. Раней татуіроўка прыраўноўвалася да таўравання і лічылася рысай дэкласаваных элементаў. Першымі яе адкрытымі прыхільнікамі сталі замежныя маракі.

Японцы таксама актыўна развівалі прыкладное мастацтва. Мясцовыя майстры славяцца перагародчатай эмаллю фаянса, лакіраваным посудам, афарбоўкай тканін, вырабам розных шпілек нэцкэ, лялек, тэатральных і рытуальных масак. Далёка за межамі Японіі вядома мастацтва складвання фігурак з паперы — арыгамі. Асаблівым відам мастацтва можна лічыць садоўніцтва. Для дызайна японскіх садоў уласціва спалучэнне прыродных элементаў з прыкладным дэкорам, які мае свой сімвалізм. Так, масткі сімвалізуюць мастацкія пачуцці, а каменныя ліхтары — чатыры асноўныя стыхіі (агонь, ваду, зямлю і вецер)[76]. Ландшафты садоў мяняюцца на працягу года, каб кожны сезон быў адлюстраваны адметным для яго хараством.

Родная мова японцаў — дзявятая па распаўсюджанасці ў свеце. Акрамя Японіі, афіцыйна ўжываецца ў Палау. Разам з дыялектамі рукюйцаў складае асобную ізаляваную моўную сям’ю. Высоўваюцца гіпотэзы пра яе сувязь з алтайскімі або карэйскай мовамі[77], аднак яны з’яўляюцца даволі спрэчнымі. Моўная лексіка адметна вялікай колькасцю запазычанняў. 49 % сучасных слоў — канга, маюць кітайскае паходжанне, хаця значна трансфармаваны пад мясцовым уплывам. 16 % слоў паходзяць з еўрапейскіх моў. Толькі 30 % слоў — ямата катоба, што маюць уласна японскае паходжанне[78]. Акрамя дыялектаў у японскай мове існуюць формы ветлівасці — кудакета (простая гаворка), тэйней (простая ветлівая форма) і кейга (вельмі ветлівая форма)[79]. Кожная з іх ужываецца адносна груп людзей з розным сацыяльным статусам.

Найстаражытнейшыя вядомыя помнікі пісьмовасці на Японскіх астравах — запісы імён кітайскімі іерогліфамі на мячы і люстры, зробленыя ў V — VI стагоддзях.[77] У VII — XII стагоддзях сфарміраваліся 3 паралельныя сістэмы японскага пісьма. Першая кандзі — ідэаграфічная, дзе кожнае слова прадстаўлена асобным знакам. Другія дзве хірагана і катакана — складовыя[80]. У нашы дні японская пісьмовасць прадстаўлена ўсімі 3 сістэмамі, што робіць яе вельмі складанай. Тым не меней, японцы — адзін з найбольш пісьменных народаў у свеце.

З японскай мовы паходзяць словы «анімэ», «арыгамі», «бансай», «дзюдо», «дзэн», «каратэ», «кімано», «манга», «ніндзя», «рыкша», «сумо», «сушы», «тайфун», «тофу», «цунамі» і інш., якія шырока ўжываюцца прадстаўнікамі розных моў свету.

У 2020 годзе 183 млн жыхароў Японіі мелі дачыненне да пэўнай рэлігійнай канфесіі. Большасць з іх належыць да будыстаў (84,8 млн) і сінтаістаў (88,9 млн)[81]. У сукупнасці гэта значна перавышае ўсё насельніцтва Японіі. У 2017 годзе Міжнародная асацыяцыя Гэлапа[en] паведала, што 87 % японцаў адносяць сябе да атэістаў і агностыкаў[82]. Неадпаведнасць дадзеных тлумачыцца тым, што колькасць вернікаў усталёўваецца ў адпаведнасці са штогадовымі справаздачамі рэлігійных арганізацый. Яны могуць завышаць лічбы, фіксаваць выпадковых наведвальнікаў як чальцоў канфесій. Акрамя таго, значная колькасць вернікаў можа адначасова належыць да розных канфесійных устаноў. Колькасць атэістаў і агностыкаў вызначаецца дзякуючы апытанням, дзе дадзеныя выбаркі пераносяцца на ўсіх жыхароў.

Будысцкая памінальная служба.

Будызм у форме дзэн[83] быў распаўсюджаны з суседняй Карэі ў перыяд Асука. Гэта спрыяла знаёмству японцаў са здабыткамі іншаземных культур, з’яўленню пісьмовасці і літаратуры. Ужо ранняе японскае заканадаўства адлюстроўвала прывілеяванае становішча будысцкіх манахаў, хаця ім забаранялася займацца магіяй, трымаць прыватныя храмы, а ў болей позні перыяд — пакідаць кляштары.

З 701 да 1945 гадоў асноўным прынцыпам дзяржаўнай рэлігійнай палітыкі быў нагляд за рэлігійнымі арганізацыямі ў інтарэсах дзяржавы[84]. Будысцкія святары і самі ўмешваліся ў палітыку. У сярэднявеччы ў кляштарах нават меўся нізкарангавы штат манахаў, якія займаліся ваеннай справай[85]. Сумную славу набылі манахі кляштара Энракудзі каля Кіёта, якія на працягу некалькіх стагоддзяў з дапамогай гвалту распраўляліся з апанентамі і пагражалі імператарскаму двару, пакуль у 1571 годзе Энракудзі не быў спалены самураямі[86]. У перыяд Эда будысцкія храмы ператварыліся ў адміністрацыйныя адзінкі.

У VIII — IX стагоддзях вылучыліся 2 асноўныя напрамкі будызму. Першы развіваў містычнае вучэнне і карыстаўся падтрымкай імператараў. Другі імкнуўся да спрашчэння будысцкіх рытуалаў і ўключэння мясцовых рэлігійных культаў[87]. Папулярнасць будызму сярод простых парафіян была абумоўлена тым, што кляштары сталі важнай часткай мясцовых супольнасцей, адчынялі школы і бібліятэкі, давалі ежу і прытулак для тых, хто мае патрэбу. Манахі дапамагалі будаваць дарогі, масты і ірыгацыйныя збудаванні, фактычна размяркоўвалі ўзносы багатых на карысць астатніх чальцоў грамадства.

У 18681912 гадах японскія імперскія колы праводзілі палітыку сімбуцу бунры — адмежавання ад будызму сінтаісцкіх культаў і ператварэння сінтаізму ў афіцыйную рэлігію[88]. Тысячы будысцкіх храмаў былі зачынены, а іх землі канфіскаваны, будысцкім манахам прапаноўвалася або вярнуцца да цывільнага жыцця, або стаць сінтаісцкімі святарамі. У канцы XIX стагоддзя прыхільнікі будызму ў Японіі пачалі рэфармаванне, накіраванае на паляпшэнне духоўнай адукацыі, арыентацыю на сярэдні клас грамадства, падкрэсліванне важнасці прыватных здольнасцей і самаўдасканалення[89]. Пасля II Сусветнай вайны будысты выступілі за пакаянне ў ваенных злачынствах, актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за мір, аказвалі матэрыяльную дапамогу суайчыннікам.

У нашы дні будысцкія арганізацыі Японіі падзелены на 13 асноўных напрамкаў. У 2006 годзе дзейнічала 85 994 будысцкіх храмаў з болей за 100 000 святароў[90]. Будысцкія абрады адыгрываюць выключную ролю ў пахаванні, каля храмаў звычайна месцяцца могілкі.

Храм сінтаісцкай секты сенрык’ё.

Сінтаізм, назва якога значыць «шлях багоў» паходзіць ад старажытных анімістычных вераванняў у багоў і духаў камі і культа продкаў, якія да VI стагоддзя былі моцна лакалізаваны і не ўяўлялі сабою адзіную рэлігію[91]. Пасля распаўсюджвання будызму, знаёмства японцаў з даасізмам і канфуцыянствам сінтаісцкія культы ўвабралі многае з запазычаных вераванняў. Яны працягвалі існаваць, паколькі афіцыйна прыняты будызм не патрабаваў поўнай адмовы ад мясцовых багоў і рытуалаў. У VIII — XII стагоддзях некаторыя сінтаісцкія камі нават былі атоесненыя з будысцкімі святымі[92]. Сінтаісцкія рытуалы трапілі ў практыку будысцкіх манахаў.

У XVIII стагоддзі частка інтэлектуалаў імкнулася да сістэматызацыі і адасаблення сінтаізму. Але час наспеў толькі ў перыяд Мэйдзі, калі з’явілася патрэба ў рэлігійным абгрунтаванні сацыяльна-палітычных змен[93]. Сінтаізм быў рэарганізаваны, цалкам аддзелены ад будызму і ўключаны ў структуру дзяржаўнага кіравання[91]. Адным з вышэйшых бостваў была абвешчана Аматэрасу, продак першага імператара. Дзяржава кантралявала прызначэнне святароў, што займаліся ачышчэннем сінтаісцкіх культаў ад будызму. Сінтаізм спрыяў абагаўленню імператара, навязваў дактрыну перавагі японцаў перад іншымі народамі, апраўдваў імперскія заваёвы[94]. Хаця ў 1945 годзе сінтаізм быў адасоблены ад дзяржаўнага кіравання, імператарская сям’я не адмовілася ад сінтаісцкіх культаў.

Паколькі сінтаізм не мае сваіх заснавальніка, догмы і свяшчэннага пісання, то ў нашы дні ўзнікае пытанне, ці трэба яго наогул лічыць самастойнай рэлігіяй? Характэрна, што нягледзячы на высокую колькасць вернікаў, што фіксуюць сінтаісцкія арганізацыі, толькі 2 % апытаных прызнае сябе сінтаістамі[95]. Тым не меней, сінтаізм шчыльна звязаны з культурай японцаў. Мэтай большасці сінтаісцкіх рытуалаў з’яўляецца адпужванне злых духаў праз ачышчэнне, малітвы і дары камі. Сінтаісцкія святыні разглядаюцца як месцы шанавання і жытло камі. Святарамі, якія часцяком жывуць пры храмах, могуць быць як жанчыны, так і мужчыны. Яны маюць права браць шлюб і мець дзяцей[96]. Большасць вернікаў звяртаецца да сінтаісцкіх рытуалаў падчас вяселля, рэлігійных святаў мацуры, ахвотна карыстаецца сінтаісцкімі абярэгамі.

Іншыя рэлігіі

[правіць | правіць зыходнік]

Разам з будызмам у Японію трапілі веды пра канфуцыянства і даасізм. Аднак канфуцыянства распаўсюджвалася пераважна як філасофія[97], а даасізм аказаў уплыў на развіццё мясцовага мастацтва[98]. З 1542 года, калі былі ўсталяваны першыя кантакты паміж японцамі і партугальцамі, пачалося распаўсюджванне хрысціянства. Адным з найбольш вядомых хрысціянскіх місіянераў, які наведваў Японію, быў Францыск Ксаверый. Да канца XVI стагоддзя колькасць хрысціян магла дасягаць 300 000 чалавек[99]. Аднак у 1587 і 1597 гадах сёгунат забараніў місіі. 5 лютага 1597 года ў Нагасакі былі закатаваны 26 хрысціян, у тым ліку 6 францысканцаў. Пасля гэтага пераслед хрысціян набыў сталы характар. Толькі ў 1622 годзе было забіта 128 вернікаў[100]. У 16361637 гадах хрысціяне, пераважна сяляне, арганізавалі паўстанне[101], задушанае феадаламі. У Нагасакі доўгі час існавала традыцыя выяўлення хрысціян для далейшага пакарання праз абражэнне хрысціянскіх сімвалаў. Тым не меней, калі ў 1873 годзе забарона на хрысціянства была адменена, сваю прыхільнасць да яго здолелі легалізаваць каля 20 000 гараджан[102].

У нашы дні хрысціянства розных накірункаў спавядае ад 1 млн да 2 млн японцаў[103]. Такім чынам, хрысціяне складаюць адносна невялікую меншасць. Большасць з іх належыць да пратэстанцкіх плыняў. Дзейнічаюць 3 каталіцкія дыяцэзіі ў Токіа, Нагасакі і Осацы і 3 епархіі Японскай Праваслаўнай Царквы.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Japanese
  2. Merin Sever, Japanese Mythology and Nationalism: Myths of genesis, Japanese identity, and Familism
  3. Jared Diamond, In Search of Japanese Roots
  4. М. В. Воробьёв, Древняя Япония: историко-археологический очерк
  5. Martin Colcutt, Early Japan (50,000 BC — 710 AD)
  6. YAYOI PERIOD AND THE ORIGIN OF MODERN JAPANESE PEOPLE
  7. JOHN TRAVIS, Jomon Genes. Using DNA, researchers probe the genetic origins of modern Japanese
  8. Yusuke Watanabe, Izumi Naka, Seik-Soon Khor, Hiromi Sawai, Yuki Hitomi, Katsushi Tokunaga & Jun Ohashi, Analysis of whole Y-chromosome sequences reveals the Japanese population history in the Jomon period
  9. Livia Gershon, DNA Analysis Rewrites Ancient History of Japan
  10. Pierre‑François Souyri, Criticising Colonialism in pre‑1945 Japan
  11. Japan’s hidden caste of untouchables
  12. L. Keith Brown, Ethnic Diversity and the Origins of the Japanese
  13. Who Are the Burakumin, Japan’s 'Untouchables'?
  14. Ryukyuans (Okinawans) — Minority Rights Group
  15. The Okinawa Problem: The Forgotten History of Japanese Colonialism and Ryukyuan Indigeneity
  16. Climate and Average Weather Year Round in Okinawa
  17. A Guide On Hokkaido’s Weather & Climate
  18. Agricultural Land (% Of Land Area) — Japan — Trading Economics
  19. Food & Agriculture in Ancient Japan
  20. Feudalism in Medieval Japan
  21. Japan: Memoirs of a Secret Empire . Farmer
  22. Farming with Fire: Revaluing a Japanese Agricultural Tradition
  23. RICE CURRENCY — Encyclopedia of Money
  24. Kayo Tajima, The Marketing of Urban Human Waste in the Early Modern Edo/Tokyo Metropolitan Area
  25. Alan Macfarlane, Domesticated animals in Japan
  26. Hisashi TSURUOKA, Shoguns and Animals
  27. Kalland, A. Fishing Villages in Tokugawa Japan — Honolulu: University of Hawaiʻi Press, 1995
  28. 江戸で花開いた釣りの文化──徳川治世下の釣客群像
  29. Short History Of Japanese Textiles
  30. Treasure in ancient trash: Learning about Japan’s history through metals waste
  31. Ken’ichi Iida, Origin and development of iron and steel technology in Japan
  32. JAPANESE SILK — Facts and Details
  33. Unlocking the mystery of Japan’s perfect paper
  34. The History of Woodblock Printing in Japan
  35. Japanese Advertising History Edo Period
  36. History of Japanese Cuisine
  37. Nobuo Harada, A Peek at the Meals of the People of Edo Архівавана 30 жніўня 2021.
  38. Hanley, S. Everyday Things in Premodern Japan: The Hidden Legacy of Material Culture
  39. Japan — Food in Every Country
  40. Japanese Traditional Clothing — A Short Guide
  41. The Surprising History of the Kimono
  42. The difference between Samue and Jinbei
  43. Hakama — Hanna Fiedler(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 кастрычніка 2021. Праверана 19 студзеня 2022.
  44. Shitagi — Samurai Shirt used as Armor
  45. Traditional Costume that Represents Okinawa’s Culture and National Features, the «Ryusou»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 ліпеня 2021. Праверана 19 студзеня 2022.
  46. Types of Japanese Traditional Footwear
  47. 8 Types of Traditional Japanese Footwear — Culture Trip
  48. Village settlement patterns: the homestead emerges
  49. Japanese — Settlements
  50. Historic Villages of Shirakawa-go and Gokayama
  51. Japan Atlas: Gassho-style Farmhouses
  52. MACHIYA: THE JAPANESE TRADITIONAL TOWNHOUSE
  53. Shoin Architecture
  54. Christine Manzano Visita, JAPANESE CULTURAL TRANSITION: MEIJI ARCHITECTURE AND THE EFFECT OF CROSS-CULTURAL EXCHANGE WITH THE WEST
  55. It is Time for Japanese Kominkan to Flower Again
  56. Family — Japanese Culture — Cultural Atlas
  57. Satoshi Sakata, Historical Origin of the Japanese Ie System
  58. а б Japan — Mating And Marriage, Gender Roles, Masculinity And Men’s Suicide, Decreasing Number Of Children
  59. Social Order: The Four Classes
  60. Edo Period: Pre-conditions for Industrialization(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 жніўня 2021. Праверана 23 студзеня 2022.
  61. The Meiji Restoration and Modernization
  62. Japanese — Sociopolitical Organization
  63. David A. C. Addicott, The Rise and Fall of the Zaibatsu: Japan’s Industrial and Economic Modernization
  64. Japanese Working Culture: The Good, the Bad, and the Getting Better
  65. NOBUYUKI DEMISE, Business Ethics and Corporate Governance in Japan
  66. 'There is no discrimination in Japan': survey results show statement is far from true
  67. Japanese folklore and mythology — New World Encyclopedia
  68. Адамовіч, Г. Літаратурная класіка ў параўнальным вывучэнні: дапаможнік. — Мінск: БДПУ, 2009
  69. Vicki Stroud Gonterman, Japanese Paper Drama Tradition: Kamishibai
  70. Gagaku (Japanese Imperial Court Music and Dance)
  71. Introducing the world of Noh : Origins and History
  72. The Beginning — History of Kabuki
  73. What is Japanese dance? Explains the characteristics and origins of the five major schools, and their relationship with Noh and Kabuki
  74. Nihonga — Concepts & Styles — The Art Story
  75. Irezumi: Explore the Ancient Techniques and Evolution of Traditional Japanese Tattoos
  76. Japanese Gardens — History, Types, Elements, and More
  77. а б Daniel J. Vogler, An Overview of the History of the Japanese Language
  78. Japanese Language — Encyclopedia of Japan(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 сакавіка 2018. Праверана 24 студзеня 2022.
  79. Japanese Language History and Facts
  80. Japanese Alphabet: The 3 Writing Systems Explained
  81. 2020 Report on International Religious Freedom: Japan
  82. Most Atheist Countries 2021
  83. Japanese Zen Buddhist Philosophy
  84. Tokihisa Sumimoto, RELIGIOUS FREEDOM PROBLEMS IN JAPAN: BACKGROUND AND CURRENT PROSPECTS
  85. Martin Repp, Buddhism and Violence in Premodern Japan
  86. Politics And Religion: Politics And Japanese Religions
  87. Buddhism in Ancient Japan — World History Encyclopedia
  88. Shinbutsu bunri — the separation of Shinto and Buddhism
  89. Frédéric GIRARD, CRISIS AND REVIVAL OF MEIJI BUDDHISM(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2022. Праверана 27 студзеня 2022.
  90. Religion Buddhism in Modern Japan
  91. а б Shinto history
  92. Shinto — World History Encyclopedia
  93. Social Change in Shinto and Meiji Japan
  94. Shinto and nationalism
  95. Shimada Hiromi, Religious Faith and the Emperor as a Symbol of the State
  96. Shinto — Japan Guide
  97. Japanese Confucian Philosophy
  98. Taoism & Taoist Philosophy in Japanese Art and Culture
  99. THE MARTYRS OF JAPAN
  100. CATHOLIC ENCYCLOPEDIA: Japanese Martyrs — New Advent
  101. The Desperate Rebels of Shimabara: The Economic and Political Persecutions And the Tradition of Peasant Revolt
  102. Yvette Tan, The Japanese Christians forced to trample on Christ
  103. Christianity in Japan
  • Адамовіч, Г. Літаратурная класіка ў параўнальным вывучэнні: дапаможнік. — Мінск: БДПУ, 2009. — ISBN 978-985-501-715-9.
  • Беларусь ― Расія ― Японія: матэрыялы першых Астравецкіх краязнаўчых чытанняў, прысвечаных памяці Іосіфа Гашкевіча / Рэдактары: А. Мальдзіс, Г. Брэгер, Д. Чарнышэвіч. — Мінск: ННАЦ імя Ф. Скарыны, 1997. — ISBN 985-6419-10-7.
  • Беларусь-Японія: Матэрыялы другіх міжнар. чытанняў, прысвеч. памяці І.Гашкевіча, Мінск — Астравец, 9-10 кастр. 2002 г. / Уклад. Пятровіч, Т., Мальдзіс, А.. — Мінск: Беларус. кнігазбор, 2003. — ISBN 985-6638-93-3.
  • Японцы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 294. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
  • Totman, C. A history of Japan. — Oxford: Blackwell Publishing, 2005. — ISBN 1-4051-2359-1.