Перайсці да зместу

Сафала

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Замалёўка Сафалы ў 1683 годзе.

Сафала (Sofala, афіц. Nova Sofala) — гістарычны порт у Мазамбіку, пры ўпадзенні ў Індыйскі акіян ракі Сафалы, ранейшая сталіца аднайменнай правінцыі.

Сафала — найстаражытная вядомая па дакументах гавань Паўднёвага паўшар'я. Яшчэ адзін са спадарожнікаў Васка да Гамы выказаў здагадку, што ў старажытнасці гэты бераг называўся Афірам і менавіта адсюль паходзіла царыца Саўская. У гэтай сувязі згадвае Сафалу ў «Страчаным раі» Джон Мільтан.

Надзейныя звесткі пра існаванне Сафальскай гавані з'яўляюцца ў арабскіх крыніцах VIII стагоддзя. Пачынаючы з 915 года тут гаспадарылі арабы і персы, якія прынеслі ў Паўднёвае паўшар'е іслам. Па рацэ і яе прытокам з глыбінь Афрыканскага кантынента дастаўлялася для продажу арабам золата.

У XIV стагоддзі кантроль за гандлем перайшоў да султана Кілвы, сталіца якога была размешчана далёка на поўначы, на тэрыторыі цяперашняй Танзаніі. У XV стагоддзі Сафала становіцца галоўным портам дзяржавы Манаматапа са сталіцай у Вялікім Зімбабвэ. У 1489 г. Сафалу наведаў першы еўрапеец — партугалец Перу да Кавільян.

У 1505 годзе гаванню авалодалі партугальцы. Тут узнікла першая партугальская калонія на поўдзень ад экватара. З прывазнога каменя еўрапейцы пабудавалі форт і будынак гандлёвай факторыі. У сувязі з інтэнсіўнай высечкай прыбярэжных лясоў гавань Сафалы, якая раней была здольная ўмясціць да сотні суднаў, заглейлася і ператварылася ў пясчаную водмель.

Па гэтай прычыне ў 1890 г. у 20 мілях на поўнач быў заснаваны сучасны порт Бейра, у які перамясціўся не толькі гандаль, але і кіраванне Сафальскай правінцыяй. Пры будаўніцтве Бейры выкарыстоўваўся камень, які вызваліўся пасля зносу старадаўніх будынкаў Сафалы.