Перайсці да зместу

Мейфэр

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Старадаўні пасаж на Бонд-стрыт.

Ме́йфэр або Ме́йфэйр (Mayfair) — квартал офісных будынкаў у Вэстмінстэры, абмежаваны з поўдня Грын-паркам і Пікадзілі, з усходу — Рыджэнт-стрыт, з поўначы — Оксфард-стрыт і з захаду — Гайд-паркам, а таксама жылым кварталам Белгравія. Офісная арэндная плата тут адна з самых высокіх у Вялікабрытаніі.

Раён бярэ назву ад майскага кірмаша, які пераехаў сюды з Хеймаркета ў 1686 годзе і быў ліквідаваны па патрабаванні мясцовых жыхароў у 1764 годзе. У XVIII стагоддзі забудовай квартала займаліся герцагі Вэстмінстэры з роду Гросвенараў; іх імя ўшанавана ў назве цэнтральнай плошчы Гросвенар-сквер, на якой стаіць пасольства ЗША.

Сярод славутасцяў квартала — вуліца фешэнэбельных магазінаў Бонд-стрыт, Каралеўская акадэмія мастацтваў і дом-музей Гендэля. Цэнтрам грамадскага жыцця раёна можна назваць плошчу Пікадзілі.