Коса (народ)
Коса (amaXhosa) | |
Агульная колькасць | 7567000 (2016 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка — 7503000 |
Мова | ізікоса |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | тэмбу, зулусы, свазі, ндэбеле, нгоні |
Коса (саманазва: amaXhosa) — народ нгуні ў Паўднёвай Афрыцы. Большасць коса жывуць у ПАР і суседніх краінах. Агульная колькасць (2016 г.) - 7 567 000 чал.[1]
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Продкамі сучасных коса з'яўляліся групы паўднёвых нгуні, якія ў сярэдзіне XVII ст. насялялі раёны сучаснай Усходне-Капская правінцыі ПАР. Яны падзяляліся на шэраг буйных родава-тэрытарыяльных супольнасцей, што падначальваліся спадчынным правадырам. Згодна паданням, некаторыя роды коса паходзяць ад шлюбаў нгуні з ангічанамі і індыйцамі.
У 1779 - 1889 гг. коса перажылі 9 крывапралітных войн з галандскімі перасяленцамі, а потым брытанскімі каланізатарамі, у выніку якіх страцілі прыбярэжныя тэрыторыі. Справа ўскладнялася міграцыямі афрыканскіх народаў, што пачаліся ў выніку заваяванняў Чакі і стварылі ваенны ціск з поўначы. Саслабленню коса садзейнічаў хіліялістычны рух 1856 - 1858 гг., пад час якога яны прынеслі ў ахвяру продкам значную частку сваіх статкаў. Да канца XIX ст. брытанцы канчаткова падпарадкавалі коса каланіяльнай адміністрацыі.
У другой палове XX ст. сярод коса склаўся пласт адукаваных інтэлектуалаў, якія садзейнічалі яднанню народа. Асабліва важным супольным рухам стала барацьба супраць апартэіда. У ёй асаблівую ролю адыграў Нельсан Мандэла, першы чарнаскуры прэзідэнт ПАР. У ПАР існавалі бантустаны Транскей (1976 - 1994 гг.) і Сіскей (1981 - 1994 гг.), у якіх коса складалі аснову насельніцтва.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Нельсан Мандэла — першы чарнаскуры прэзідэнт ПАР, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1993 г.
- Дэсманд Туту — грамадскі дзеяч ПАР, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1984 г.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Коса (народ)
- Xhosa - Countries and Their Cultures
- Xhosa Culture Архівавана 3 сакавіка 2016.
- A Cultural Profile of the Xhosa of South Africa